«Летні патруль» наведаў вадаёмы Ашмянскага раёна

Общество

Нават не верыцца, што мы дачакаліся-такі цяпла. Тэрмометр перакінуўся за адзнаку плюс 30, засведчыўшы тым самым, што лета прыйшло. І хаця афіцыйна купальны сезон у Беларусі адкрыўся 1 мая, аднак толькі зараз людзі памкнуліся да вады.

У Ашмянскім раёне афіцыйна (праз рашэнне райвыканкама) дазволена купацца толькі на возеры ў квартале Будаўнікоў і вадаёме за Волькавічамі.

Два вадаёмы – многа гэта ці мала, адказаць аб’ектыўна на гэта пытанне немагчыма. Той, хто жыве ў квартале Будаўнікоў, не задумваецца нават, што камусьці той вады можа не хапаць. А жыхары аддаленых прыгранічных вёсак Ашмяншчыны адназначна адкажуць, што вадаём пад бокам – добрая справа, і пазайздросцяць гараджанам.

Аб забароне купацца ў іншых месцах нагадваюць спецыяльныя таблічкі, усталяваныя пры пад’ездзе да водных аб’ектаў. Аднак на іх ніхто не зважае. І прычынай таму – спёка. Не спыняе людзей і статыстыка, якую штодня папаўняюць новыя ахвяры вады. Так, падчас рэйду “Летні патруль”, у якім прынялі ўдзел старшыня раённай арганізацыі грамадскага таварыства выратавання на водах Эдуард Кардэль, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ашмянскага РАНС Вадзім Галгоўскі, участковы інспектар міліцыі Ашмянскага РАУС Алег Гардзей, прадстаўнікі раённай арганізацыі БРСМ і рэдакцыі, адпачываючым былі даведзены лічбы, якія сведчаць аб тым, што з пачатку купальнага сезона ў Беларусі патанула сто чалавек, з іх пяцёра – дзеці.

Хтосьці гэтую інфармацыю першы раз чуе – здзіўляецца, іншыя – прапускаюць міма вушэй. Гэтая большасць на сто адсоткаў упэўнена, што з ёй такой трагедыі не адбудзецца. Але ж і тыя, хто патануў, таксама не думалі, чым скончыцца жаданае акунанне ў вадаёме!

На возеры ў квартале Будаўнікоў з раніцы ўжо шмат дзяцей.

— Як правіла, яны прыходзяць без суправаджэння дарослых. Бацькі і старэйшыя браты і сёстры на працы. Вось яны ціхенька і сунуцца на вадаём. З дзецьмі прыходзіцца гутарыць, расказваць аб правілах паводзін на вадзе, падводзіць іх да інфармацыйнага стэнда, -паведамляе Эдуард Кардэль.

Тых малечаў, што прыходзяць адны, выратавальнікі паста бяруць пад свой нагляд, бо ведаюць, што дзеці ўсё роўна ўлезуць недзе ў ваду – знойдуць вадаём, дзе і людзей не будзе побач. А там і да бяды недалёка.

Падчас рэйда мы наведалі таксама вадаём у Харанжышках, зарослы трыснягом і гарлачыкамі. Арандатар воднага аб’екта Вадзім Сухажэўскі абкошваў са сваім памочнікам бераг. Адпачываючых пакуль не было, аднак гэта да пары. Нягледзячы на забарону, сюды прыязджаюць і дзеці, і дарослыя. Яны прыгаюць у цёмную каламутную ваду з мосціка і не задумваюцца, што можа чакаць іх на глыбіні. Ужываюць алкагольныя напоі, а пасля лезуць разгарачаныя ў ваду. Што тут казаць – кожны дарослы сам у адказе за сваё жыццё, аднак хочацца, каб яно не скончылася такім недарэчным чынам.

Многія дарослыя, якія купаюцца ў забароненых для гэтых мэтаў вадаёмах, ведаюць, што згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, яны могуць быць пакараны штрафам, аднак усё роўна парушаюць заканадаўства.

— За парушэнне артыкула 24.42 кодэксу прадугледжаны штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь, — заўважае Вадзім Галгоўскі. – Аднак людзей павінен спыняць не страх быць аштрафаванымі, а найперш адказнасць за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Безумоўна, адпачыць ля вадаёма ў цёплае надвор’е добра, але не трэба забываць, што хвілінная радасць можа быць азмрочана трагедыяй, гэтыя падзеі “не адматаеш” назад, як у фільме.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *