Вучаніцы студыі народных спеваў “Шчодрыца” прынялі ўдзел у радыёперадачы “ДНК” на канале “Культура” Беларускага радыё

Культура

Нядаўна мы пісалі пра юных артыстаў і артыстак Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, якія скарылі сталічную сцэну Міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальных сучасных мастацтваў “Планета дружбы”. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю сярод выступоўцаў з розных краін, адораныя вучні Вольгі і Віктара Чаплінскіх сталі лаўрэатамі творчага спаборніцтва і разам з настаўнікамі атрымалі сертыфікаты на ўдзел у радыёперадачы “ДНК” на канале “Культура” Беларускага радыё. Адметна, што трэцяе выступленне аматараў народных спеваў на радыё прайшло ў Год гістарычнай памяці.

Вучаніцы студыі народных спеваў “Шчодрыца” Маргарыта Антановіч, Анастасія Бальцэвіч і Лізавета Віткоўская падчас запісу перадачы разважалі разам са сваімі настаўнікамі і арганізатарам конкурсу Вольгай Палехінай пра творчасць і беларускую народную песню. Дзяўчынкі з захапленнем расказвалі аб тым, як упершыню прыйшлі ў школу мастацтваў, дзяліліся, чым цікавяцца і аб чым мараць, а таксама выканалі ў эфіры беларускія песні, з якімі скарылі не адну міжнародную сцэну. Аб тым, як вырасціць лаўрэатаў, падчас перадачы падзяліліся Вольга Францаўна і Віктар Ігнатавіч. Дзякуючы іх працы свае таленты, вакальнае майстэрства, артыстызм і любоў да народнай песні на конкурсе “Планета дружбы” прадставілі чатырнаццаць выхаванцаў. Кожны з іх вярнуўся на Ашмяншчыну са званнем лаўрэата, нават тыя, хто толькі пачынае творчы шлях, – першакласнікі школы мастацтваў і дэбютанты міжнароднага конкурсу.

— Інтэрв’ю, прыемныя сустрэчы з вядомымі людзьмі — усё гэта надоўга застанецца ў памяці дзяўчынак, якія мелі магчымасць адчуць сябе сапраўднымі зоркамі, — расказала Вольга Чаплінская.

Асабліва цікава і хвалююча для нашых зямлячак было пабываць у вялікай студыі Дома радыё, дзе праходзіць запіс не толькі вядомых беларускіх артыстаў, але  хароў і ансамбляў замежжа. Ашмянцы атрымалі ўнікальную мажлівасць  прысутнічаць на рэпетыцыі выбітнага сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, пасля якой  у нашых дзяўчынак з’явілася новая мара – выканаць мілагучную беларускую песню пад гучны акампанемент аркестра дырыжора Аляксандра Высоцкага.

Кацярына РУДЗІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *