Ашмянскі краязнаўчы музей у чарговы раз далучыўся да акцыі “Ноч музеяў”

Культура

Вокны ашмянскага музея вечарамі звычайна не гараць – а 19 гадзіне супрацоўнікі ідуць дамоў, а экспазіцыі патанаюць у цемры. Толькі не ў ноч  з 20 на 21 мая.  У гэту ноч музейныя экспанаты становяцца таямнічымі, атрымліваюць большую грунтоўнасць, набываюць вагу, адкрываюцца з іншага боку. У гэтым маглі пераканацца ўсе наведвальнікі, якія вырашылі правесці вечар пятніцы ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча, далучыўшыся да чарговай акцыі “Ноч музеяу́», прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў.

“Падарожжа летуценніка” – такую назву далі арганізатары – супрацоўнікі музея –  сёлетняй акцыі, прысвяціўшы свята тым, хто любіць і шануе гісторыю роднага краю. Удзельнікі змаглі трапіць у розныя гістарычныя часы і эпохі жыцця Ашмянскага краю.

Каб наблізіць да гледача і зрабіць больш зразумелай інфармацыю, музейныя работнікі  падалі яе ў форме невялікіх тэатральных мініяцюр, ператварыўшыся на час  у салдата Вялікай Айчыннай вайны, жонку яўрэя-аптэкара, графіню Чапскую. Прысутныя таксама не засталіся пасіўнымі гледачамі, а сталі актыўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўных пляцовак. Сустракалі начных гасцей музея ашмянскія музыкі Аляксандр Пашкоўскі, Уладзімір Саўчанка,  Эдуард Горыд, юная скрыпачка Яна Навіцкая і вядучыя Ірына Бусловіч і Святлана Чарняк.

Фільмаскопы, якія звычайна захоўваюцца ў фондах музея,  у гэту ноч ажылі і сталі адкрыццём для сучасных дзяцей — яны з цікавасцю разглядалі апараты і невялікія пушачкі з плёнкай. А дарослых удзельнікаў свята гудзеннне дыяпраектара і прагляд мультфільма ненадоўга вярнулі ў шчаслівае і бесклапотнае  дзяцінства.

Выстаўка з фондаў музея “Без тэрміна даўніны” ў чарговы раз звярнула ўвагу на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Калючы дрот раздяліў нас – гледачоў – і тых, хто назаўжды застаўся на фотаздымках той вайны. Яны глядзяць на нас з маўклівым дакорам, і толькі з лістоў,  размешчаных  на калючым дроце, мы даведваемся, што хвалявала іх тое ж, што і нас: яны клапаціліся аб сваіх блізкіх і хацелі проста жыць, кахаць, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню без вайны. Работнік музея Раман Селістроўскі  выдатна справіўся з роллю байца-чырвонаармейца, маўкліва засяродзіўшыся на сваіх невясёлых думках.

Вытанчаная графіня Аляксандра Адамаўна Чапская (Анастасія Навіцкая) запрасіла прысутных у свой палац у Навасёлках, расказала пра яго трагічную гісторыю, а таксама пра бацьку, Адама Чапскага, і яго захапленні. Аляксандра Чапская не толькі сама выдатна валодала таемнымі знакамі веера, але і з лёгкасцю навучыла карыстацца імі прысутных жанчын. Разам з графіняй удзельнікі свята пагулялі ў фанты, атрымаўшы  ў якасці ўзнагароды за смеласць і кемлівасць салодкія прызы.

Жонка яўрэя-аптэкара (Таццяна Кіркоўская) расказала прысутным пра некаторыя старадаўнія рэцэпты лячэння хвароб, пра першую аптэку ў Ашмянах,  адкрытую ў 1884 годзе, пазнаёміла з рэдкім выданнем кнігі “Фармакапея”, выдадзенай у 1866 годзе ў Пецярбурзе. Цікавасць у гледачоў выклікалі  рознакаляровыя слоічкі і бутэлечкі з дзіўнымі назвамі на лацінскай мове, рэцэпты лячэння знаёмых і сёння хвароб. Гэта зблізіла ашмянцаў, якія жылі ў пачатку XX стагоддзя, і нас – сённяшніх жыхароў: мы, так як і нашыя продкі, хварэем на тыя ж хваробы і хвалюемся за сваё здароўе.

Зацікавіў прысутных майстар-клас ганчара Мар’яна Козара. На вачах гледачоў пад яго рукамі з кавалка гліны з’явіўся сапраўдны гарлачык для малака. Мар’ян з задавальненнем расказваў пра сваё майстэрства і дзяліўся яго таямніцамі. Сярод прысутных знайшліся нават тыя, хто сам паспрабаваў на некалькі хвілін стаць майстрам ганчарнай справы.

Супрацоўнікі музея чакалі гасцей, рыхтавалі імпрэзы і гатовы былі падзяліцца з прысутнымі сваімі ведамі, радасцю музейнай ночы і прафесійнага свята. Вокны ўстановы ўрачыста свяціліся  да позняй ночы.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *