«Неад’емнай часткай паспяховай працы з’яўляецца любоў да дзяцей». Іван Фалітар

Общество

Кожная сустрэча з героямі маіх артыкулаў — магчымасць пабываць у іх часе. А калі гэтыя людзі старэйшага ўзросту, то гэта часткова і мой час. Няхай сабе і пафарбаваны ў колер мінулага, аднак не пахаваны пад пластом пражытых гадоў. Аповеды герояў аб сваім жыцці мне такія ж блізкія
і зразумелыя, як быццам гаворка ідзе аб перажытым мною асабіста.

У Івана Вікенцьевіча Фалітара ўжо даўно ў мінулым тое, што адбываецца ўпершыню. І вечар жыцця бачыцца яму з кожным днём усё выразней. Успамінаецца перш за ўсё тое, што сагравае душу. Аб адным толькі шкадуе настаўнік — што час не спыніць. Здаецца, і планаў шмат, і тое зрабіў бы, і гэта, але кудысьці, як пясок скрозь пальцы, уцякаюць колішнія жвавасць і энергічнасць, і рухі запавольваюцца.

Сваё жыццё цікавы чалавек і таленавіты педагог успрымае такім, якім яно ёсць, не перажываючы за тое, што не збылося альбо збылося, ды не так. За амаль што пяць дзясяткаў гадоў, аддадзеных выкладанню фізічнай культуры ў школе, ён “улюбіў” у свой прадмет сотні сельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія і цяпер, сустракаючыся з ім падчас вечароў выпускнікоў ці проста на вуліцы, дзякуюць за ўрокі мужнасці і справядлівасці, выхаванне самастойнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Са школьнай парты Іван Фалітар, вучань школы ў вёсцы Садовай Клецкага раёна, марыў паступіць у інстытут фізічнай культуры. Яго любоў да лёгкай атлетыкі і гульнявых відаў спорту была такой вялікай, што не бачыла на сваім шляху аніякіх перашкод. І калі мара хлопца ажыццявілася, ён лічыў сябе ці не самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Па яго шляху падаўся і брат Канстанцін, які выкладаў фізічнае выхаванне ў Лідзе.

У 1974 годзе малады спецыяліст прыехаў працаваць у Ашмянскі раён — спачатку настаўнікам фізічнай культуры ў Клявіцкую СШ, а праз тры гады — у Граўжышкоўскую. І сёння Іван Вікенцьевіч застаецца верным гэтай школе, хоць з мінулага года выконвае абавязкі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Шмат што змянілася за гэтыя гады і ў асабістым жыцці настаўніка, і ў лёсе ўстановы адукацыі, якой ён без перабольшвання аддаў увесь свой прафесійны і жыццёвы досвед. На яго вачах і з непасрэдным асабістым удзелам, а таксама з дапамогай торфабрыкетнага завода і мясцовага калгаса будаваўся гімнастычны гарадок. А калі вёска набыла новы статус, то пры школе дзякуючы падтрымцы мясцовай улады з’явілася ўніверсальная спартыўная пляцоўка.

Аднак далёка не гэта лічыць настаўнік першапрычынай дасягнення дзецьмі высокіх рэзультатаў.

— Наяўнасць адпаведнай інфраструктуры і інвентару — гэта вельмі добра, але найперш павінна стаяць жаданне працаваць і дабівацца вынікаў у самога настаўніка, — заключае Іван Фалітар. — Неад’емнай часткай паспяховай працы з’яўляецца любоў да дзяцей, уменне паставіць сябе на іх месца, знайсці падыход нават да самага закаранелага “праціўніка” твайго прадмета.

Розныя выпадкі здараліся ў педагагічнай дзейнасці настаўніка, не ўсе вучні ставіліся станоўча да ўрокаў фізкультуры. Часам і бацькі прымалі ў штыкі яго прынцыповасць і непахіснасць. З гадамі Фалітар зрабіўся больш мяккім і не такім катэгарычным, але адзінае, з чым ён ніколі не мог змірыцца і пагадзіцца, — гэта прыніжэнне ролі свайго прадмета.
Ён заўсёды быў прыкладам для сваіх вучняў. Калі хлопчыкі не жадалі пераадольваць на лыжах дыстанцыю ў 10 кіламетраў, выходзіў наперад сам — і ім нічога не заставалася, як “цягнуцца” за фізруком. А на наступны ўрок яны ўжо спрабавалі апярэдзіць Івана Вікенцьевіча і забываліся пра яго натацыі.
Калі Фалітар прыйшоў працаваць у Граўжышкі, у школе налічвалася пад чатырыста вучняў. Спартыўнае жыццё тады кіпела не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў працоўных калектывах. Па сумяшчальніцтве маладога настаўніка прызначылі інструктарам па спорце ў калгасе імя Крупскай. Ён часта прымаў удзел у спаборніцтвах і ставіў рэкорды па лёгкай атлетыцы. Дастойныя рэзультаты паказвалі і яго вучні. Адной з лепшых лыжніц у раёне была Надзея Юшко. Нарматыў кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы выканаў Аляксандр Тамялойць.

Ніколі не вярталіся без узнагарод з раённых і абласных спаборніцтваў Франц Арцём, Андрэй Загурскі, Валянціна Сінкевіч. Імкнуліся да спорту і сыны Фалітара — Сяргей і Віталь. Сяргей не раз выступаў за Ашмянскі раён на абласных спаборніцтвах па шашках.
З вялікім жаданнем вучні Граўжышкоўскай школы адпраўляліся на турыстычныя злёты, вельмі любілі паходы і экскурсіі па слынных мясцінах Беларусі і гарадах былога Савецкага Саюза.

Зараз, лічыць мой субяседнік, кудысьці зніклі тая дзіцячая захопленасць і запал у вачах, ды і фізічна сённяшнія дзеці больш слабыя, чым іх папярэднікі. Вось у выхаванцаў дзіцячага садка, у якім таксама прыйшлося працаваць Івану Вікенцьевічу, па-ранейшаму гарыць гэты агеньчык няўрымслівасці і зацікаўленасці. Іх непасрэднасць і шчырасць заўжды падкупляюць. Яны бачаць і счытваюць паводзіны свайго выхавацеля заўжды дакладна.

Сёння Іван Вікенцьевіч займае пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Як і раней, ён разам са сваімі калегамі выхоўвае ў школьнікаў пачуццё патрыятызму і павагі да Радзімы, гістарычнага мінулага і людзей. Разам з вучнямі наведваецца да вязня фашысцкага лагера Уладзіміра Лашкоўскага, сумесна з прафсаюзным актывам дапамагае ветэранам педагагічнай працы, ладзіць мерапрыемствы з ваеннаслужачымі пагранічнай заставы, добраўпарадкуе тэрыторыю ля помніка загінулым землякам. Ён прытрымліваецца меркавання, што толькі на канкрэтных прыкладах і канкрэтнымі справамі можна выхаваць сапраўднага грамадзяніна. Як і калісьці, самым важным элементам вучэбнага працэсу называе ўрок і лічыць, што ў настаўніка, гэтак жа, як і ў хірурга, няма права на памылку.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *