Настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў сталі пераможцамі конкурсу педагагічнага майстэрства “Прызванне-2022”

Культура

 

Выдатная навіна “прыляцела” з расійскай сталіцы – настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга і Віктар Чаплінскія сталі пераможцамі міжнароднага прафесійнага конкурсу педагагічнага майстэрства “Прызванне-2022”. Адразу тры дыпломы лаўрэата І ступені — у скарбонцы нашых настаўнікаў: Віктар Ігнатавіч атрымаў званне “Лепшы педагог” у вакальнай намінацыі, а Вольга Францаўна стала пераможцай у галіне тэатральнага мастацтва і ўдастоена звання “Лепшы кіраўнік вакальнага калектыву”.

У конкурсе прынялі ўдзел педагогі і кіраўнікі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Узбекістана, Літвы. На суд журы яны прадставілі майстар-класы, выступленні вучняў, адкрытыя ўрокі, прэзентацыі, метадычныя напрацоўкі, даклады і ўласныя выступленні. З некалькіх сотняў творчых заявак, дасланых на конкурс, высока ацанілі менавіта важкую працу ашмянскіх настаўнікаў, іх прафесійнае майстэрства і вопыт, які яны  штодзень перадаюць падрастаючаму пакаленню. Творчы дуэт Чаплінскіх атрымаў сертыфікаты, якія даюць магчымасць прымаць удзел у міжнародных конкурсах са зніжкай. Дарэчы, усе сертыфікаты яны ўжо паспелі выкарыстаць і чакаюць вынікаў выступленняў сваіх адораных вучняў на міжнароднай сцэне.

— Я люблю паўтараць натхняльныя словы з верша Анатоля Вярцінскага: “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць! Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць – тварыць!” — адзначае Вольга Чаплінская. – Насамрэч, у Год гістарычнай памяці яны сталі нашым агульным дэвізам, а любоў да беларускай песні і праца па захаванні народных традыцый на Ашмяншчыне яднае настаўнікаў і вучняў школы мастацтваў, а таксама музычных класаў у Мураванай Ашмянцы і Цудзенішках.

Гонарам Вольгі Францаўны, несумненна, з’яўляецца студыя народных спеваў “Шчодрыца”, дзейнасць якой і прынесла высокую ўзнагароду яе кіраўніку. Першыя крокі “Шчодрыца” пачала рабіць у  Мураванай Ашмянцы як вакальная група. Музыканты калектыву часта выступаюць на шматлікіх раённых мерапрыемствах і міжнародных конкурсах, яны былі ўдзельнікамі рэспубліканскага творчага  радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, перадач на рэспубліканскім тэлебачанні “Спявай душа”, “Наперад у мінулае” і «Талент краіны».

Вучні Вольгі і Віктара Чаплінскіх станавіліся стыпендыятамі Фонду міру і спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама лаўрэатамі раённай прэміі “Надзеі Ашмяншчыны”. Упершыню за гісторыю конкурсу нацыянальных сучасных мастацтваў “Планета дружбы” за падрыхтоўку і прафесійнае майстэрства, яскравае выступленне выхаванцаў, каласальную працу па захоўванні беларускай народнай песеннай спадчыны  настаўнікі школы мастацтваў Вольга і Віктар Чаплінскія другі год запар узнагароджаны спецыяльным прызам “За захаванне нацыянальнай сучаснай культуры”, а салісты студыі “Шчодрыца” былі запрошаны на канал “Культура” Беларускага радыё.

У музычных класах настаўнікаў пачаўся творчы шлях многіх адораных дзяцей, якія нават пасля заканчэння школы мастацтваў не забываюць сваіх настаўнікаў і працягваюць займацца музыкай. Напэўна, самай вялікай удзячнасцю і даверам для настаўнікаў з’яўляецца тое, што выпускнікі прыводзяць у школу мастацтваў  сваіх малодшых братоў і сястрычак.

Сапраўды, слухаючы народныя песні ў выкананні вучняў Вольгі і Віктара Чаплінскіх разумееш, што беларуская песня, прасякнутая любоўю да роднага краю, будзе жыць. Чароўнымі мелодыямі яна пранікае ў сэрцы слухачоў і напаўняе душы шчырымі перажываннямі і пачуццямі.

Кацярына РУДЗІК.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *