Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначылі ў Ашмянах

События

 

15 сакавіка – знамянальная падзея ў жыцці незалежнай Беларусі. У гэты дзень у 1994 годзе быў прыняты галоўны дакумент нашай краіны – Канстытуцыя Рэпублікі Беларусь, якая гарантуе нам свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага, усебаковага развіцця асобы. Менавіта сёння ўступіў у сілу адноўлены Асноўны Закон нашай краіны, за які на рэспубліканскім рэферэндуме прагаласавала 82,86 працэнта нашых грамадзян.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сабрала ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры ветэранаў працы, прадстаўнікоў грамадскасці і органаў мясцовай улады, работнікаў арганізацый і ўстаноў, маладое пакаленне Ашмяншчыны.

Са словамі віншаванняў звярнуўся да ўдзельнікаў сходу першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Гардзей.

—Рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь упісаў у гісторыю суверэннай Беларусі новую старонку. Гэта дата увойдзе ў падручнікі як чарговая веха развіцця нашай незалежнай дзяржавы. Сімвалічна, што адноўлены Асноўны Закон уступае ў сілу сёння – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Беларусы зрабілі выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы дэмакратычна, у адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць, аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас урачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму. Ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі грамадзяне зрабілі сур’ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны досвед канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад ахову спрадвечныя каштоўнасці, накопленыя за шматгадовую гісторыю нашай краіны, — адзначыў Андрэй Валер’евіч. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і далей будзе асновай для правядзення ў краіне паслядоўных палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, умацавання дзяржаўнага суверэнітэту.

У Канстытуцыі адзначана, што вышэйшай каштоўнасцю дзяржавы з’яўляецца чалавек, а галоўным прыярытэтам – правядзенне эфектыўнай сацыяльнай палітыкі. Менавіта таму па традыцыі падчас раённай урачыстасці праходзіць узнагароджанне працоўных калектываў і перадавікоў народнай гаспадаркі Ашмяншчыны, якія паказалі высокія рэзультаты ў грамадска-палітычным жыцці і сацыяльна-культурным будаўніцтве. Не стаў выключэннем і гэты святочны дзень. Па выніках мінулага года лепшыя калектывы і працаўнікі, занесеныя на раённую Дошку гонару, прымалі кветкі і віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Гардзея. Шчырых слоў удзячнасці былі ўдастоены калектывы Дакурнішскага вучэбна-педагагічнага комплексу (дырэктар Людміла Кардзіс), клініка-дыягнастычнай лабараторыі цэнтральнай раённай бальніцы (загадчык Жанна Пракопчык), народнага ансамбля песні і танца “Крыніцы” раённага цэнтра культуры (кіраўнік Вольга Чаплінская), аддзела аўтатранспарту ААТ “Аграпрамтэхніка” (начальнік Станіслаў Лаўцэль), раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (начальнік Андрэй Горбач), службы па абслугоўванні ўнутрыдамавога газавага абсталявання Ашмянскага раёна газазабеспячэння (майстар Валянціна Чаплінская), участка кацельняў і цеплавых сетак РУП ЖКГ (начальнік Андрэй Спірыдовіч), участка будаўніча-мантажных работ ААТ “Будаўнік” (начальнік Анатоль Кандрацкі), фермы па гадаванні маладняку буйной рагатай жывёлы “Семернікі” (загадчык Часлава Загорская), цэха паўфабрыкатаў ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” (майстар Кацярына Садоўская) і іншыя.

Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана дырэктар Ашмянскай раённай бібліятэкі Марына Белавус, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў — дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №13” Віктар Скаскевіч.

Запамінальным гэты дзень стаў і для моладзі. Да свята, прысвечанага Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, традыцыйна была прымеркавана акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Яе ўдзельнікамі сталі 11 юнакоў і дзяўчат раёна, якім споўнілася 14 год. Галоўны дакумент у жыцці кожнага чалавека – пашпарт і памятную кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” юным жыхарам Ашмяншчыны ўручылі начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дзяніс Якавец і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Прэцкайла-Місюта. Свае віншаванні ад моладзі адрасавала прысутным у зале вучаніца СШ №1 імя М.М. Гружэўскага Паліна Якубяловіч.

Музычныя нумары падарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры Ашмянскага раёна і вакалісты аркестра Смаргонскай пагранічнай групы. Фінальным акордам святочнага мерапрыемства стала акцыя “Саспяваем гімн” разам”, падчас якой да дарослых далучыліся творчыя калектывы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў і СШ №3.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *