На экскурсію запрашае музейны пакой пры Мураванаашмянкоўскай бібліятэцы

Культура

 

Музейны пакой пры Мураванаашмянкоўскай бібліятэцы быў створаны ў 2017 годзе. Ініцыятыва, рэалізаваная ў межах праекта міжнароднай гуманітарнай дапамогі «Тандэм III», дапамагла ажыццявіць даўнюю мару: прысвяціць асобную экспазіцыю памяці нашага выбітнага земляка – Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, жыццё якога звязана з Ашмянскім краем.

За гэты час у музеі змаглі пабываць як жыхары нашага раёна, якія цікавяцца краязнаўствам, школьнікі, так і шматлікія турысты.

Міні-музей у Мураванай Ашмянцы ўмоўна падзелены на дзве часткі. У першай сабраны звесткі пра вялікалітоўскага дзяржаўнага дзеяча, асветніка і мецэната, доктара медыцыны Дарагастайскага: прысвечаныя яму кнігі і газетныя публікацыі, буклеты, карціны мясцовых мастакоў. Пачэснае месца займае тут асноўная літаратурная праца Крыштафа Дарагастайскага – «Гіпіка». Праўда, не тая, што была выдадзена ў 1603 годзе ў Кракаве ў друкарні Анджэя Пётркоўчыка, а сучасны пераклад з польскай мовы першага ў Рэчы Паспалітай дапаможніка па конегадоўлі і коннай яздзе. Тут трэба дадаць, што некаторыя гісторыкі схіляюцца да меркавання, быццам якасць кракаўскага друку аўтара не задаволіла, і Дарагастайскі дадрукаваў наклад у сваім маёнтку, Мураванай Ашмянцы, дзе размяшчалася друкарня бацькі.

Пераклад жа на беларускую мову быў зроблены журналістам Святланай Ішчанкай у 2007 годзе.

Значную частку музейнага пакоя прадстаўляе этнаграфія. Тут і два беларускія касцюмы, узноўленыя па ўзоры адзення 16 стагоддзя, і старажытныя прадметы побыту. Сярод іх начоўкі для купання немаўляці, ільночасалка, калодка для абутку, ступка для здрабнення зёлак і насення, маслобойка, керасінавая лямпа. Асобнай увагі заслугоўваюць экспанаты, прызначаныя догляду за адзеннем: пранік, валік і качалка (рубель), а таксама прас, які награваўся з дапамогай вуголля.

Дзякуючы мясцовым жыхарам экспазіцыя музейнага пакоя дапоўнілася сталом, калаўротам і вышыванымі ручнікамі. Хтосьці прынёс знойдзенае на гарышчы пісьмо, напісанае ў 1945 годзе. Выклікае цікавасць і тэхнічны пашпарт дома і прылеглай да яго тэрыторыі, зроблены яшчэ “пры польскім часе”. Дзякуючы месцічам калекцыя экспанатаў павялічваецца, а музейны пакой набывае душэўнасць і цеплыню.

— Часта нашы экскурсіі па музеі заканчваюцца наведваннем руінаў былой друкарні Дарагастайскіх, — заўважае бібліятэкар Таццяна Ціхановіч. – У гэтым незвычайным, з высокай энергетыкай, месцы больш глыбока адчуваеш дачыненне да сваіх каранёў. Менавіта тут узнікае жаданне распавядаць пра гісторыю свайго краю і яго выбітных людзей маладому пакаленню.

У гэтым годзе адзначаецца юбілейная дата — 460 год з дня нараджэння Крыштафа Дарагастайскага. На базе бібліятэкі і музейнага пакоя запланаваны шэраг мерапрыемстваў, асноўная задача якіх расказаць пра нашу спадчыну, пра аўтара «Гіпікі», якая ўяўляе сабой не толькі помнік літаратуры і мастацтва, але і з’яўляецца крыніцай каштоўнай інфармацыі, а разам з тым адсылае нас да знаёмства з яшчэ адной знакавай асобай – друкаром, мастаком, прыдворным гравёрам Мікалая Радзівіла (Сіроткі) Тамашом Макоўскім, малюнкамі якога была праілюстравана “Гіпіка”.

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *