Іосіф Уладзіміравіч Верамеевіч адзначыў юбілей

Культура

 

У Уладзіміра Салавухіна ёсць такія радкі: “Калі б дажджом праліцца мне на жыта, жыццё маё было б недарэмна пражыта!”. У актавай зале Граўжышкоўскага Дома культуры падчас урачыстасці з нагоды юбілею Іосіфа Уладзіміравіча Верамеевіча прыгадаліся менавіта гэтыя радкі. Яны выразна характарызуюць яго шырокую, чыстую і добрую душу, якая на працягу трох дзясяткаў гадоў “пралівалася” на ўрадлівую глебу калгаса імя Крупскай, дзе ён быў кіраўніком. Углядаюся ў яго па-сялянску просты, адкрыты і даверлівы твар. Яшчэ няма ніводнага радка ў маім блакноце, а на старонкі ўжо ліецца святло вачэй героя майго артыкула.

Яшчэ нічога не спытала ў Іосіфа Уладзіміравіча. Нічога аб ім не расказалі вядучыя творчай імпрэзы – работнікі мясцовага аддзела культуры і вольнага часу Алена Сальмановіч і Эдвард Булкевіч. Яшчэ не гучалі віншаванні ад шматлікіх гасцей і песні ў выкананні салістаў народнага калектыву “Граўжанцы”, а я адчуваю сілу абаяльнасці і сардэчнасці свайго героя. Яго жыццё буду пісаць з чыстага ліста, але не пакідае ўсведамленне, што з ім мы калісьці сустракаліся. І не важна дзе і як: праз успаміны ў размовах з яго знаёмымі і калегамі, на старонках раённай газеты ці ў кнізе “Памяць”, а, можа, падчас урачыстасці, калі заслужанаму працаўніку сельскай нівы было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Ашмян”.

Узнагарод у сённяшняга імянінніка шмат: ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак пашаны”, медалі “За працоўную доблесць” і “Ветэран працы”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, знакі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, але яны ніколі не ўздымалі яго над людзьмі. Старшыня Куцавіцкага, пасля Лудскага сельсаветаў, а затым калгаса імя Крупскай разумеў, што яго сіла менавіта ў іх – старанных і працавітых сялянах. Без іх нават самая перадавая тэхніка – куча металу. І як бы складана не было, ён заўжды імкнуўся адшукаць сцяжынку да чалавечай душы. І, трэба прызнаць, яму гэта ўдавалася. На дапамогу прыходзілі адкрытасць, прыроджаная сціпласць і пачуццё такту, якія ён пранёс праз усё жыццё. І нават цяпер, на невялікай сцэне ў Граўжышках, куды юбіляра запрасілі работнікі культуры, ён адчуваў сябе няёмка, бо столькі ўвагі было скіравана да яго асобы.

Нарадзіўся Іосіф Верамеевіч у сялянскай сям’і ў вёсцы Паканёва Падляскага ваяводства, якая пасля ўвайшла ў склад Беластоцкай вобласці. У бацькі было чатыры гектары зямлі, якія абрабляў ён разам са сваімі сынамі. Іосіф быў упэўнены, што зямля – гэта яго лёс. Аднак аб тым, што на плечы яго ляжа ноша старшыні, нават і не задумваўся. “Віной” усяму стала адукацыя. Да вайны ён скончыў сем класаў, добра ведаў польскую і рускую мовы. Калі ў 1946 годзе сям’я пераехала на Ашмяншчыну, у Куцавічы, то тут ён стаў бадай ці не самым адукаваным чалавекам. Таму і нядзіўна, што ў 1947 годзе маладога хлопца выбіраюць спачатку сакратаром, а праз два гады і старшынёй Куцавіцкага сельсавета. Так як са сваімі абавязкамі Верамеевіч добра спраўляўся, праз год яго “перакідваюць” у Лудскі сельсавет. Пра станаўленне савецкай улады гаварыць тут пакуль не прыходзілася. Абстаноўка была напружанай, накаляла яе наяўнасць мяжы, што спрыяла распаўсюджванню бандытызму. Былыя паліцаі, дэзерціры і злачынцы аб’ядноўваліся ў групы і хаваліся ў лясах, а ноччу нападалі на вёскі.

Іосіф Уладзіміравіч прызнаецца, што было часам страшна, аднак спраўляліся сваімі сіламі і нават ні разу не выклікалі на дапамогу міліцыянераў.

Нягледзячы на маладыя гады, Верамеевіч умеў ладзіць з народам. Яго паважалі і падтрымлівалі, што стала падставай узяць адказнасць за цэлы калгас. У 1952 годзе калектывізацыя была завершана. Нават быў узяты курс на ўзбуйненне дробных калектыўных гаспадарак, якіх у Ашмянскім раёне на ліпень 1952 года налічвалася 189 (па звестках Лідскага занальнага архіва — 192). Некаторыя з іх насілі аднолькавыя назвы, а калгасаў “Новае жыццё” было ажно дзевяць!

Калгас імя Крупскай з цэнтральнай сядзібай у Клявіцы быў створаны ў 1952 годзе. 14 чэрвеня на агульным сходзе Іосіф Уладзіміравіч Верамеевіч быў абраны старшынёй. У існуючай пакуль што толькі на паперы гаспадарцы ўсё трэба было пачынаць з нуля: будаваць фермы, скупліваць у насельніцтва жывёлу, апрацоўваць палі. Людскіх рук хапала, аднак бракавала ведаў. Пасля заканчэння вячэрняй школы Верамеевіч здае экстэрнам экзамены за курс сярэдняй школы і паступае ў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут. Навука даецца яму лёгка. Студэнту нават прапануюць ісці вучыцца далей – у Цемяразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Аднак вучонага агранома (так запісана кваліфікацыя ў дыпломе) чакаюць у родным калгасе.

У хуткім часе калгас імя Крупскай не толькі дагнаў, але і перагнаў сваіх суседзяў. Асабліва добра ішлі справы ў ільнаводстве – гаспадарка не раз была ўзнагароджана рэспубліканскім пераходным сцягам па вытворчасці ільнопрадукцыі. Радаваў ураджай бульбы. Набірала тэмпы жывёлагадоўля. На трох фермах утрымлівалася шэсцьсот галоў кароў. Важкі прыбытак давала гаспадарцы свінаводства.

Ручную працу паступова пачала выцясняць тэхніка – з’явіліся першыя жаткі. Іх калгас мог набыць на ўласна выручаныя грошы. Тут трэба адзначыць, што калгас імя Крупскай першым у раёне пачаў плаціць калгаснікам за працу грошы

— Палачкі-трудадні сталі адыходзіць у нябыт, — зазначае Іосіф Уладзіміравіч. – Перамены адбыліся на вачах. Калі напачатку збожжавыя жалі сярпом, то з часам пачалі касіць касой. А праз некалькі гадоў у поле выйшла тэхніка.

Здавалася б, вось і збылася мара старшыні – жыццё на вёсцы наладжваецца, адбываецца электрыфікацыя і тэлефанізацыя сельскіх населеных пунктаў, вядзецца будаўніцтва жылля і дарог. У вытворчым плане ўзяты курс на механізацыю, хімізацыю, будаўніцтва зернесушылак і мехдвароў.

Аднак не ўсе гаспадаркі развіваюцца аднолькава. Не ўсе ўмеюць гаспадарыць. Калі ў Верамеевіча ідзе гаворка аб 26 цэнтнерах збожжавых з гектара, 180 цэнтнерах бульбы, пяці цэнтнерах ільновалакна, надоях ад кожнай каровы ў сярэднім па 2300 кг малака, то частка калег цягнецца ў хвасце. Каб ураўняць становішча ў сельскай гаспадарцы, раённыя ўлады прымаюць рашэнне далучыць да калгаса імя Крупскай калгасы імя Кірава і “Перамога” (Шчапанавічы).

Узяты на плечы Верамеевіча баласт не пацягнуў на дно, але і не прывёў да важкіх вынікаў. Вялікі груз адказнасці сказаўся на здароўі. У 1984 годзе Іосіф Уладзіміравіч вырашае пакінуць пасаду старшыні. Некаторы час ён яшчэ працуе ў гаспадарцы інжынерам па тэхніцы бяспекі, начальнікам падсобнага цэху. Сышоўшы на заслужаны адпачынак, прысвячае сябе рабоце на прысядзібным участку дома ў Клявіцы, пабудаванага за банкаўскі крэдыт.

У гэтым доме ён жыў да мінулага года. І толькі калі зусім стала падводзіць здароўе, перабраўся да сына Анатоля ў Граўжышкі. Усе трое сыноў паважанага аграрыя таксама на заслужаным адпачынку. Анатоль пайшоў на пенсію з пасады старшыні Граўжышкоўскага сельвыканкама, Уладзімір доўгі час узначальваў Ашмянскі РЭС. Аляксандр таксама працаваў у энергетычнай галіне – быў начальнікам кацельні на Мінскім гарбарным заводзе. У Іосіфа Верамеевіча шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. І вялікая колькасць сяброў, якія прыйшлі яго павіншаваць з юбілеем.

Моцнага здароўя 95-гадоваму юбіляру пажадалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай і галоўны бухгалтар Аксана Людкевіч, старшыня раённай арганізацыі КПБ Генрых Ляшчэвіч, былы калега па працы і партыі Іосіф Раманоўскі, вучні і настаўнікі Граўжышкоўскага ВПК, выконваючы абавязкі дырэктара УП “АграМалРай” Павел Сасноўскі і старшыня прафсаюзнай пярвічкі гэтай арганізацыі Данута Янкоўская. Музычныя падарункі гучалі ў выкананні работнікаў мясцовага Дома культуры. На святочным пінжаку юбіляра з’явілася чарговая ўзнагарода – медаль “100 гадоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай ССР”.

У вачах паважанага ветэрана працы ўвесь час ззяў праніклівы свет дапытлівага розуму і мудрасці. Здаецца, гэты жыццёвы досвед прыйшоў да яго яшчэ тады – у маладым узросце, калі ён прыняў рашэнне звязаць жыццё з зямлёй, якая зрабіла яго шчаслівым чалавекам.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *