Жыхарка Ашмян адзначыла векавы юбілей

Культура

 

У цудоўны сонечны марозны дзень свой векавы юбілей адзначыла Соф’я Іванаўна Рудзік. Да сына ў Ашмяны яна перабралася тры гады таму з вёскі Эймінаўцы Бераставіцкага раёна. З цяжкім сэрцам і жалем жанчына пакідала родны дом, збірала рэчы, якіх шмат назапасілася за доўгае жыццё. Усё гэта ўжо ў мінулым… А сёння цудоўная жанчына, добразычлівы і шчыры чалавек, ветлівая і спагадлівая маці з самай раніцы хвалявалася і чакала шматлікіх гасцей. Па добрай традыцыі прадстаўнікі райвыканкама, міліцыі і грамадскасці раздзялілі з ёй радасць.

У двадцаць шосты студзеньскі дзень жанчына пачула шмат цёплых слоў і пажаданняў ад адказнага сакратара райсавета ветэранаў Галіны Яшынай і дырэктара ТЦСАН Ашмянскага раёна Ліліі Невяркевіч. Вершаванымі радкамі і звонкімі галасамі напоўнілі дом імянінніцы пажылыя валанцёры Ганна Грышан і Галіна Грэсь, а таксама супрацоўніца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Людміла Барабанава.

Віншавальную эстафету прыняў начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Дзяніс Якавец, які ўручыў жанчыне новы пашпарт. Ён пажадаў доўгажыхарцы здароўя і выказаў надзею, што хутка мы ўсе разам збяромся на чарговы юбілей.

Сёння гэтай састарэлай жанчыне не адмовіш у цвярозасці розуму. Соф’я Іванаўна памятае далёкія мінулыя гады і дзеліцца ўспамінамі, якія назаўжды запалі ў душу.

— Бывае зойдзеш да яе ў пакой, а яна плача і ўспамінае пражытае жыццё, — расказвае нявестка Лідзія Уладзіміраўна. — Лёс Соф’і Іванаўны не быў простым, а складаўся з клопатаў і, канешне, надзеі.

Праз стагоддзе жанчына пранесла шчаслівыя і поўныя жалю імгненні, дні ўзлётаў і падзенняў, месяцы сямейнага шчасця, кахання, мараў і, на жаль, гады роспачы.

У раскошы Соф’я Рудзік ніколі не жыла, на лёгкі хлеб спадзявацца не даводзілася, яна старанна працавала і гадавала дзяцей. Праўду кажуць, што Бог не дае большых выпрабаванняў, чым тыя, што чалавек можа вытрымаць. Маладосць прыгажуні Соф’і апаліла вайна — жудасныя падзеі таго часу, як калючы дрот, урэзаліся ў памяць. Яшчэ да ліхалецця яна пазнаёмілася з будучым мужам Сцяпанам. Маладыя так спадабаліся адзін аднаму, што неўзабаве справілі вяселле. Вось толькі сямейнае шчасце перакрэсліла вайна – Сцяпан загінуў на фронце, але як гэта адбылося і дзе ён пахаваны, сям’я дагэтуль не ведае, а сын Янэк (Іван) так і не ўбачыў сваю бацьку.

Пасля вайны жанчыну таксама чакалі цяжкія выпрабаванні ─ голад і разруха. Рвала душу на часткі жыццё, цяжкі лёс зваліўся на кволыя плечы, сямейнае жыццё не было лёгкім. Добрая і працавітая дзяўчына яшчэ ў маладосці спазнала няпростую сялянскую долю. Усё жыццё яна прысвяціла працы ў калгасе, хапала клопатаў і дома – вялікая гаспадарка патрабавала догляду. Соф’я Іванаўна была выдатнай гаспадыняй – гатавала на вясковых вяселлях і юбілеях, а як цудоўна яна вязала і вышывала! Усе яе вырабы незвычайныя і самабытныя.

Сямейнае шчасце Соф’я Іванаўна ўсё ж знайшла, але яно таксама было далікатным і не вытрымала… Разам з мужам Аляксандрам жанчына гадавала сыноў — прыняла і яго дзяцей — Анатоля і Уладзіміра, замяніла хлопчыкам матулю, якую, на жаль, забралі нябёсы. У сям’і Рудзік нарадзіўся сын Віктар, але яшчэ ў дзяцінстве трагічна загінуў – разам з хлопчыкамі-вяскоўцамі падарваўся на снарадзе ваенных часоў.

Трыццаць гадоў таму Соф’я Іванаўна засталася адна ў вясковым доме, а на схіле гадоў згадзілася пераехаць у сям’ю прыёмнага сына Анатоля і нявесткі Лідзіі. Заходзячы ў пакой доўгажыхаркі, адразу адчуваеш атмасферу ўтульнасці і цеплыні, якія яны тут стварылі. Нават заслалі на падлогу тканыя дываны, якія доўгажыхарка прывезла з вёскі.

Сёння жанчына з упэўненасцю можа сказаць, што ўсмешка на яе твары толькі ад таго, што яе любяць і цэняць родныя, паважаюць і памятаюць людзі, з якімі яна раздзяліла шчаслівыя моманты свайго жыцця. Частымі гасцямі і памочніцамі сталі ўнучкі Святлана і Таццяна. Заўсёды з цеплынёй аб жанчыне, якая стала другой матуляй, расказвае сын Анатоль Аляксандравіч. Напэўна, дзякуючы яе парадам і мудрасці ён вось ужо пяцьдзясят шэсць гадоў жыве разам са сваёй жонкай Лідзіяй Уладзіміраўнай.

Развітваючыся з добразычлівымі і шчырымі гаспадарамі дома па вуліцы Чкалава і доўгажыхаркай, разумееш, што ёсць дамы і кватэры, дзе, няхай і на схіле жыцця, — людзі знаходзяць спакой і шчасце. Жанчына доўга не хацела нас адпускаць і дзякавала за тое, што мы яе наведалі. Падчас гутаркі светлая ўсмешка асвятляла яе лагодны твар, а ў галаве віравалі думкі аб тым, як жыццё хутка, не заміраючы ні на хвіліну, праляцела… Але аб сабе жанчына пакіне доўгую памяць якая будзе жыць ва ўнуках, праўнуках і прапраўнуках.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *