Віншаванні і ўзнагароды прымалі з нагоды прафесійнага свята настаўнікі Ашмяншчыны

Образование

 

У раённым Доме культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Тут сабраліся настаўнікі, выхавацелі, ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, спецыялісты ўпраўлення і іншыя прадстаўнікі гэтай высакароднай прафесіі.

Атмасферу свята дапамагалі ствараць арыгінальныя фотазоны, да дробязей прадуманыя творчымі калетывамі школ і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сучасныя і крэатыўныя, нават жывыя і нібы адлітыя з бронзы вобразы, аб’яднаныя педагагічнай тэматыкай, прыцягвалі ўвагу і запрашалі зрабіць здымак на памяць.

З прывітальным словам да прысутных у зале звярнулася намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля Станкевіч:

– Дзень настаўніка – гэта свята кожнага чалавека, бо ўсе мы вучыліся ў школе і сёння з глыбокім пачуццём удзячнасці ўспамінаем сваіх настаўнікаў, якія вялі нас дарогаю ведаў. Педагог – незвычайная прафесія. Яна патрабуе творчага пошуку і мэтанакіраванасці, натхнення, душэўнасці і дабрыні. Педагогі Ашмяншчыны ўсімі гэтымі якасцямі валодаюць, бо яны — прафесіяналы высокага ўзроўню, адданыя сваёй справе. На вас ляжыць адказнасць за выхаванне маладога пакалення – і гэта вялікая праца, якая заслугоўвае павагі. Настаўнік не толькі аддае вучням свае веды і ўменні, але і часцінку сваёй душы. Словы падзякі хачу сёння выказаць арганізатарам адукацыйнага працэсу – калектыву ўпраўлення адукацыі на чале са Святланай Мікалаеўнай Баркоўскай, дырэктарскаму корпусу, які на дастойным узроўні на працягу шэрагу гадоў дапамагае выводзіць сістэму адукацыі раёна на самыя высокія пазіцыі ў вобласці. З удзячнасцю звяртаюся сёння да ветэранаў педагагічнай працы, мудрасць і жыццёвы досвед якіх служыць надзейным падмуркам для развіцця адукацыі ў раёне. Вялікі дзякуй усім педагогам Ашмяншчыны за нястомную працу на ніве педагогікі.

Па добрай традыцыі педагогі Ашмяншчыны былі ўдастоены ўзнагарод. Ганаровай граматай Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў адзначана Ганна Лянкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 імя М.М. Гружэўскага.

Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны Людміла Кардзіс, дырэктар Дакурнішскага ВПК; Алена Бурнас, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3; Валянціна Вербіловіч, педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі; Марына Мехава, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Ашмяны. Праца педагогаў была ўганаравана таксама граматамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Віншаванні і ўзнагароды прымала ў гэты дзень вялікая педагагічная сям’я Ашмяншчыны ад начальніка ўпраўлення адукацыі Святланы Баркоўскай, якая заўважыла, што ў сістэме адукацыі раёна працуе 742 педагогі. Сваім вопытам дзеляцца з калегамі 323 ветэраны педагагічнай працы. Падзяку за плённую працу ў галіне адукацыі атрымалі педагогі і выхавацелі ў выглядзе Ганаровых грамат упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Узнагароды прымалі ў святочны дзень актывісты прафсаюзнага руху. Ад імя старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксея Дэрвіса ўзнагароды ўручыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ганна Амбражэвіч. Ганаровую грамату Гродзенскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўручана Таццяне Бартановіч, старшыні пярвічнай арганізацыі ясляў-сада №7. Ганаровымі граматамі райкама галіновага прафсаюза ўзнагароджаны Леанарда Чаплінская, старшыня камісіі па ахове працы гімназіі №1; Алена Шарэц, грамадскі інспектар па ахове працы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; старшыні прафсаюзных пярвічных арганізацый: Юлія Рагавенка (яслі-сад №6), Людміла Русель (СШ №3), Наталля Бабраўніцкая (СШ №2), Ірына Каханоўская (цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі); Уладзімір Бізюк, дырэктар Жупранскай СШ імя Ф.Багушэвіча.

Цудоўным падарункам для гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт, падрыхтаваны калектывамі ўстаноў адукацыі раёна.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.