Як змяняюцца вуліцы Ашмян напярэдадні юбілею горада

680-летие г. Ошмяны Культура

 

Ашмяны старанна рыхтуюцца да свайго слаўнага юбілею — 680-годдзя са дня заснавання. Жыхары горада ўжо змаглі заўважыць, як змяняецца іх родны куточак і, нягледзячы на надыходзячую восень, літаральна патанае ў кветках і зеляніне. Амаль кожны дзень каля будынкаў і ўздоўж вуліц ашмянцы заўважаюць новыя арт-аб’екты, каваныя кветніцы, банэры з напамінам аб свяце…

Любуючыся кветкамі на клумбах, што надаюць прывабнасць вуліцам горада, мы нават не задумваемся, якая складаная праца стаіць за гэтай прыгажосцю. На прапанову раённых уладаў унесці свой уклад у справу ўпрыгожвання горада адгукнуліся шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы Ашмяншчыны.

Дзякуючы старанням камунальшчыкаў і арганізацый, у буйстве рознакаляровых красак патанаюць вуліцы Савецкая і Барунская – уздоўж дарог месціцца мноства каваных падставак для кветак. Уваход у раённую бібліятэку ўпрыгожвае “летапіс горада” – кветнік у форме адкрытай кнігі з радком “Любы горад красуй у стагоддзях!” нашага земляка Пятра Шаколы, аздобленай яркімі суквеццямі. Дапоўнілі гарадскі пейзаж і каваныя клумбы каля “Беларусбанка” і ТЦСАН Ашмянскага раёна. Як напамін аб надыходзячым свяце гучыць надпіс: “Квітней, мой горад!”.

Актыўна прымаюць ўдзел у добраўпарадкаванні горада і ўстаноўцы малых архітэктурных формаў: Ашмянскае РУП ЖКГ, аграрна-эканамічны каледж, ААТ “Гальшанскі крухмальны завод”, ВУ «Смаргоньгаз» Ашмянскі РГС, ДБУ № 28, філіял РУП “Гродзенскае агенства па дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру”, КУДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Ашмянскага раёна”, ТЦСАН Ашмянскага раёна, цэнтральная раённая бальніца, “Белтэлеком”, цэнтральная раённая аптэка № 90, Ашмянскі РАНС, аддзел Дэпартамента аховы, філіял “Ашмянскія электрычныя сеткі” Гродзенскага РУП “Гроднаэнерга”, РАУС Ашмянскага раёна, прадстаўніцтва “Белдзяржстрах”, “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанк”.


Да свята горада засталося няшмат часу, але ў кожнага ёсць магчымасць далучыцца да​ агульнай справы i зрабiць наш горад яшчэ прыгажэйшым.