У Ашмянах за круглым сталом сабраліся ўдзельнікі клуба “Сустрэча” і работнікі бібліятэкі, а ў горадзе над Нёманам іх віталі старшыня арганізацыі Людміла Кебіч і аўтары: Дзмітрый Радзівончык, Ганна Савіцкая-Скаржынская і Андрэй Татур.
Нефарматная сустрэча прынесла новыя адкрыцці і станоўчыя эмоцыі. Пісьменнікі і паэты дзяліліся навінамі літаратурнага жыцця, расказвалі аб сваіх шляхах-дарогах, якія прывялі ў свет творчасці. У кожнага з творцаў свая аўдыторыя і тэмы, на якія яны пішуць, але аб’ядноўвае іх адно — любоў да слова, што роўнымі радкамі кладзецца на белы аркуш.
Аб багатым паэтычным жыцці ашмянцам расказаў Дзмітрый Радзівончык — аўтар зборнікаў «Пиррова техника», «Дым без огня» і «Река безбрежная». Дзмітрый Мікалаевіч спыніў увагу на літаратурнай, перакладчыцкай і рэцэнзійнай дзейнасці. Сярод прачытаных вершаў – “Я хацеў бы зноў спаткацца з вамі на вуліцы”, на напісанне якога натхніў вядомы твор Максіма Багдановіча.
З усмешкамі на тварах ашмянцы слухалі вершы Ганны Скаржынскай-Савіцкай, якая піша для дзяцей. Пісьменніца прызнаецца, што творчасцю пачала займацца, калі нарадзіліся яе дзеці. Менавіта ім яна складала свае першыя казкі, апавяданні, вершы.
Шчырыя вершы Андрэя Татура і Людмілы Кебіч ляцелі з-пад Нёмана і напаўнялі цеплынёй сцены раённай бібліятэкі. Радкі прыйшліся па душы наведвальнікам клуба “Сустрэча” і былі адзначаны гучнымі апладысментамі.
Анлайн-сустрэчу працягнуў расказ Людмілы Кебіч пра альманах “На нёманскай хвалі”, у якім публікуюць свае творы пісьменнікі і паэты Гродзеншчыны. Ашмянскія творцы выказалі надзею, што асобнік з’явіцца і ў раённай бібліятэцы, а яго перададуць аўтары з Гродна і змогуць паразмаўляць, адказаць на пытанні аматараў напісанага слова асабіста.
Напрыканцы размовы цёплыя словы падзякі аўтарам выказалі і ўдзельнікі клуба “Сустрэча”, і ўсе, хто, адклаўшы штодзённыя клопаты, завітаў у той дзень у бібліятэку.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.