Верны сын сваёй краіны. Андрэй Барбашынскі

Спорт

 

У спартыўным асяроддзі Андрэя Барбашынскага вітаюць у першую чаргу як алімпійскага чэмпіёна, у бізнесе – як сур’ёзнага прадпрымальніка, а на радзіме — як славутага земляка. Некалькі год таму яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Ашмяны. Нядаўна ў гонар славутага гандбаліста, які падтрымлівае развіццё ручнога мяча сярод моладзі, была названа дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Хтосьці скептычна скрывіўся, маўляў, прысвойваць школе імя жывога чалавека – за гранню разумення. А хто і чаму вырашыў, што ўшаноўваць людзей трэба толькі тады, калі яны гэтага не могуць пачуць?

Ад рамантыкі да рамана

Дзяцінства Андрэя Барбашынскага, аднаго з ашмянскіх падлеткаў, які вылучаўся сярод аднагодкаў хіба што ростам, прыпала на далёкія для сённяшніх “цінэйджэраў” 70-я гады мінулага стагоддзя (у пачатку 80-х яму прыйшлося тэрмінова стаць дарослым).

Няцяжка здагадацца, якім забавам аддавала перавагу тагачасная дзятва. Хутчэй разабрацца з урокамі — і на вуліцу. Менавіта тут кіпела жыццё. Аб мабільных тэлефонах, інтэрнэце, сацыяльных сетках і нейкіх там небяспечных гульнях накшталт «Сіняга кіта» тады, дзякаваць Богу, ніхто не ведаў. Да ночы ганялі ў футбол, лавілі майскіх жукоў, з зайздрасцю паглядалі на тых, хто «рассякаў» па вуліцы на новенькім «Арлёнку» ці на бацькоўскім няхай сабе і нязручным самавітым «Аісце».

Нерастрачаную энергію Андрэй Барбашынскі накіроўваў на вучобу, з якой былі звязаны мары і надзеі юнака. Першыя заняткі гандболам, у секцыю якога трапіў дзякуючы трэнеру Віктару Рамулевічу, а таксама бацьку, падлетак успрымаў без энтузіязму. Атрымлівалася — хаваўся, не — пакутліва чакаў канца чарговай трэніроўкі. Калі пачынаючаму галкіперу некалькі разоў трапілі мячом ў галаву, Андрэй быў гатовы назаўсёды развітацца з гандболам. Але настойлівасць Віктара Баляслававіча перасіліла, праз некаторы час юнак адчуў смак гульні, прыйшоў запал і азарт.

Рослага лінейнага гульца, які на першынстве Гродзенскай вобласці закідваў па 18 — 20 мячоў, хутка заўважылі. Ды і нельга было не звярнуць увагі на падлетка, які на галаву, а то і дзве абагнаў аднагодкаў — у 12 год яго рост быў 196 сантыметраў (зараз — 2 метры)! Да таго ж Андрэй паказаў сябе выдатным бамбардзірам.

Як успамінае першы трэнер Барбашынскага, на перспектыўнага юнака ўсур’ёз паглядалі прыбалты, якія рыхтавалі яму баскетбольную кар’еру. Магчыма, яна таксама склалася б добра, але Віктар Рамулевіч накіраваў выхаванца да заслужанага трэнера СССР Віктара Касінскага.

Аднойчы ў размеранае жыццё Барбашынскіх, як віхор, уварваўся ліст з Мінску. Андрэя запрашалі ў рэспубліканскую школу-інтэрнат спартыўнага профілю. Усе развагі маці адрэзаў бацька: «Няхай сын сам выбірае».

— Мы ў той час, як басата, насіліся на вуліцы, — успамінае Андрэй Станіслававіч. — Мяне паклікалі дадому. Прыходжу, маці плача. Калі сказалі, што прыйшло запрашэнне, я адразу рашыў ехаць. Для мяне ж гэта была рамантыка.

Праўда, у хуткім часе яна развеялася. Па сутнасці, яшчэ дзіцяці прыйшлося вучыцца самастойнасці. Канешне, юных гандбалістаў апякалі трэнеры, настаўнікі, выхавацелі, аб якіх Андрэй Барбашынскі і сёння ўспамінае з удзячнасцю, але наўрад ці яны змаглі паўнавартасна замяніць бацькоўскую любоў і клопат. Да таго ж хлопцаў штодзень чакала шэсць гадзін трэніровак і ўрокі, як у звычайнай сярэдняй школе. Ездзілі па розных карпусах, з вуліцы Тарханава самастойна дабіраліся ва Уручча.

— Каб у 8.00 быць на трэніроўцы, у 6.45 ужо выязджалі, — узгадвае алімпійскі чэмпіён. — Нягледзячы на бітком набіты грамадскі транспарт, ні разу не спазніліся. Аднойчы нават вымушаны былі паехаць на таксі.

Выпрабаванне славай і… траўмамі

Дзякуючы такой амаль што воінскай муштры, сваёй настырнасці і мэтанакіраванасці ўжо ў юнацкія гады Андрэй Барбашынскі стаў гульцом асноўнага саставу мінскага СКА, чэмпіёнам міра сярод юніёраў, чэмпіёнам СССР, прызёрам чэмпіяната СНД… Сапраўднае выпрабаванне славай прыйшло да  нашага земляка ў 22 гады, калі ў складзе аб’яднанай каманды СНД ён стаў чэмпіёнам XXV Алімпійскіх гульняў у Барселоне. Як бы высока не цаніў Андрэй Станіслававіч гэта званне, аднак ні тады, ні зараз не лічыў, што яно ўздымае яго над іншымі людзьмі. Ён па-ранейшаму адкрыты чалавек, цікавы і абаяльны субяседнік, які заўсёды знойдзе час для размовы, аўтографа ці фотаздымка. А яшчэ Андрэй Станіслававіч — адказны кіраўнік, клапатлівы муж і бацька, удзячны спартсмен, славуты сын ашмянскай зямлі.

Дзякуючы Андрэю Барбашынскаму пра наш маленькі ў сусветным маштабе лапік на захадзе сціплай і не вельмі растыражыраванай краіны ведаюць у Расіі, Венгрыі, Германіі, Іспаніі, Літве… Пасля перамогі на алімпіядзе Андрэй Барбашынскі, як не дзіўна, не падпісаў кантракта за мяжой і фактычна застаўся без каманды.

— Трансферны сезон доўжыўся з лютага дзесьці па май — чэрвень, — расказвае аб няпростых момантах сваёй спартыўнай кар’еры наш зямляк. — На той момант я яшчэ не быў алімпійскім чэмпіёнам, Барселону мы пакарылі ў жніўні.

У складаныя для ўсіх 90-я гады не пасыпаліся на алімпійскага чэмпіёна і празмерныя ганарары, кватэры і іншыя выгоды…

Аднак сёння, праз некалькі дзесяцігоддзяў, у голасе Андрэя Станіслававіча не чутно роспачы. Склалася так, як склалася. Лёс наканаваў яму некалькі кантрактаў з замежнымі клубамі «Хувентуд» (Іспанія), «Фотэкс» (Венгрыя), «Хамельн» і «Эмсдэттэн» (Германія). Яму выпаў гонар у якасці капітана выводзіць нацыянальныя каманды Венгрыі, Германіі, на матчы з яго ўдзелам збіраліся цэлыя стадыёны і спартыўныя арэны. Аднак толькі сам Андрэй Станіслававіч, яго жонка Ірына і невялікая горстка ўрачоў ведаюць, чаго каштавалі алімпійскаму чэмпіёну апошнія гады ў вялікім спорце.

— З 30 да 31 года з трэніровак і гульняў я амаль цягала яго на плячах, — успамінае Ірына.

Пералом нагі, хворыя суставы, як вынік, бясконцыя траўмы ўсё ж такі прымусілі Андрэя Барбашынскага рабіць чарговы ў сваім жыцці выбар. Так алімпійскі чэмпіён застаўся без любімай справы, без усяго таго, што ён умеў, чаму столькі гадоў вучыўся. Для любога спартсмена – гэта больш, чым удар пад дых, гэта – накаут. Неверагодная сіла духа, падтрымка блізкіх людзей і сяброў дапамаглі Андрэю Станіслававічу знайсці новы сэнс у жыцці.

“Стараюся быць карысным”

У Германіі лёс падарыў Андрэю Барбашынскаму знаёмства з уладальнікамі сямейнай фабрыкі, якія зацікавіліся Беларуссю. Спачатку алімпійскі чэмпіён вывучаў іх вопыт арганізацыі бізнесу, а потым прывёз нямецкую кампанію на радзіму.

Зараз наш зямляк – дырэктар замежнага прадпрыемства “Белабеддзінг”, якое займаецца выпускам матрасаў і іншых тавараў для камфортнага сну. Нягледзячы на татальную аптымізацыю, якая апошнім часам захлынула нашу краіну, ніводнага з амаль дзвюх соцень супрацоўнікаў Андрэя Барбашынскага не скарацілі, ніводнаму не скасавалі памер зарплаты ці прэміі. Хаця, прызнаецца дырэктар, нямецкі вопыт у нашай краіне і цяжка прымянімы.

Яму, спартсмену па прызванні і адукацыі (скончыў у свой час Акадэмію фізкультуры), многія асновы і законы бізнесу даводзіцца спасцігаць на практыцы. Спартыўная закалка, лічыць алімпійскі чэмпіён, дапамагае. Праўда, спалучаць сваю справу і трэнерства, як паказала практыка, не атрымліваецца. У 2007 годзе Андрэй Барбашынскі спрабаваў вярнуцца ў спорт, гуляў у клубе Машэкі, трэнераваў сборную Беларусі – словам, разрываўся паміж кіраўніцтвам фірмай і сваёй нязменнай любоўю да гандболу. І тады канчаткова вырашыў дапамагаць спорту “як пасіўны чалавек”.

Праўда, хіба можна назваць пасіўнасцю штогадовыя турніры на прызы алімпійскага чэмпіёна, што праходзяць у нашым горадзе, падтрымку дзіцяча-юнацкага гандбола, якую аказвае Андрэй Барбашынскі.

— Я стараюся быць карысным для спорта, для жыцця, — адзначае наш славуты зямляк. – А як гэта атрымаецца, убачым, калі будзем на пенсіі.

Галоўнае багацце алімпійскага чэмпіёна

Многім незразумела, чаму ён, тытулаваны спартсмен, якому ў розныя гады прапаноўвалі ажно чатыры грамадзянствы – расійскае, венгерскае, іспанскае і нямецкае, — у якога быў падпісаны бестэрміновы замежны кантракт, які добра ведаў іспанскую і нямецкую мовы, усё ж такі вярнуўся ў Беларусь.

— Апошнія гады маёй спартыўнай кар’еры паказалі, што я хачу дамоў, — шчыра прызнаецца Андрэй Станіслававіч. — Так, магчыма, там больш камфортныя ўмовы, але грошы – яшчэ не ўсё. Я – за пастаянства. У мяне той жа адрас, тэлефон, жонка. І радзіма тая ж самая – гэта край, дзе я вырас, дзе зрабіў першыя крокі, дзе пачаў займацца гандболам.

І няхай сабе Андрэю Барбашынскаму даводзіцца жыць паміж Ашмянамі, Гроднам, Мінскам, Германіяй, самае дарагое месца для яго – бацькоўскі дом, той які ён пакінуў жаўтаротым юнаком, той, у які з такой радасцю кожны раз вяртаецца, у якім з задавальненнем гасцююць яго сыны.

Дарэчы, хлопцы таксама спрабуюць свае сілы ў спорце: старэйшы Мацвей гуляе ў сборнай вобласці па гандболу, малодшы Захар абраў баскетбол. Аднак бацькі не акцэнтуюць асаблівай увагі на хобі дзяцей. Галоўнае, упэўнены Андрэй і Ірына, каб іх сыны выраслі здаровымі і добрымі людзьмі.

— Я багаты чалавек, — смела і без апломбу заяўляе алімпійскі чэмпіён. – У мяне, ёсць бацькі, цешча, жонка, дзеці, сябры, ёсць радзіма і, канечне, мара. Як без яе?! Хочацца, каб і ў 57 гадоў здароўе дазволіла выйсці на гульнявую пляцоўку.

Дай Бог, Андрэй Станіслававіч!

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва Андрэя Барбашынскага.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *