Адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі адноўленай паўночнай вежы Гальшанскага замка

События

 

Падрыхтоўка да знамянальнай падзеі — рэканструкцыя, сур’ёзны комплекс праектных, архіўных работ, археалагічныя пошукі — пачалася яшчэ ў 2011 годзе. Работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй паўночнай вежы вяліся каля пяці гадоў. У выніку паўночная вежа адрэстаўравана дакладна па ўзорах, якія захаваліся з таго часу.

У цырымоніі адкрыцця гальшанскай экспазіцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віталь Нявера, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, моладзь.

Падчас прывітання Віталь Іосіфавіч Нявера падкрэсліў важнасць захавання гісторыка-культурнай спадчыны:

— Мы часам не заўважаем відавочнага. Мы жывём у свабоднай, прыгожай краіне. Яна настолькі багата гістарычнымі датамі, падзеямі, асобамі, але мы часта гэтага не ведаем. Вельмі радасна, што менавіта ў перыяд незалежнасці Рэспублікі Беларусь наша краіна знаходзіць сродкі на аднаўленне і захаванне сваёй гісторыі. Звярніце ўвагу, колькі гістарычных аб’ектаў за апошнія гады атрымалі другое жыццё. Гэта значыць, што беларусы шануюць традыцыі. Той, хто памятае гісторыю, мае будучыню. Толькі ўласнай працай, сваімі добрымі справамі, памятаючы заслугі продкаў, можна будаваць сваю шчаслівую, любімую краіну.

Гучней шматлікіх слоў пра ўвагу, якую надае дзяржава захаванню нашай спадчыны, сведчаць факты: з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» за ўвесь перыяд работ на Гальшанскім замку было выдаткавана звыш трох мільёнаў рублёў. Дзякуючы старшыні райвыканкама на стварэнне і абсталяванне візіт-цэнтра з мясцовага бюджэту было накіравана 200 тысяч рублёў.

— Сёння ля гэтых старажытных сцен адбываецца знамянальная падзея, якая, без сумневу, стане часткай гісторыі Ашмянскага краю, — падвёў вынікі першага этапу рамонтна-аднаўленчых работ старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын. — Унікальны, авеяны шматлікімі легендамі, апеты класікам беларускай літаратуры Уладзімірам Караткевічам, Гальшанскі замак, які стаў своеасаблівай візітоўкай нашага раёна, вяртае былую веліч. Намаганні многіх людзей — ад гісторыкаў і краязнаўцаў да будаўнікоў — знайшлі тут сваё ўвасабленне праз гады даследаванняў, пошукаў і карпатлівай працы. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў нас атрымалася ажыццявіць мару некалькіх пакаленняў нашых землякоў і правесці важную недкладную работу па аднаўленні паўночнай вежы і фрагментаў замка.

Сапраўды, цалкам новы выгляд набыла прызамкавая тэрыторыя, з’явілася ёмістая стаянка, сучаснае асвятленне, абсталяваны візіт-цэнтр, а на замку — лесвіцы і аглядальныя пляцоўкі. Асобае месца займае музеефікацыя паўночнай вежы, дзе знайшлі адлюстраванне гісторыя і легенды.

Кіраўнік раёна адзначыў, што работы на паўночна-заходнім корпусе з перспектывай яго экспаніравання будуць працягнуты, а адноўленыя фрагменты замка стануць кропкай прыцягнення турыстаў.

Сімвалічны ключ ад Гальшанскага замка дырэктар будаўнічай арганізацыі «Граніт+» Аляксандр Гугала, работнікі якой працавалі на ўзнаўленні паўночнай вежы, урачыста перадаў дырэктару Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча Алене Жастковай.

Падчас свята гасцей чакала тэатралізаванае прадстаўленне, якое нагадала вядомыя легенды, падарыла сустрэчу з Белай Паннай і Чорным Манахам, продкамі з роду Сапегаў. На майстар-класах ад мясцовых рамеснікаў можна было навучыцца рабіць лялькі-абярэгі, вышываць, збіраць лекавыя травы і нават рабіць пальчатку — тую самую цэглу, з якой калісьці быў пабудаваны Гальшанскі замак. Пакуль адны знаёміліся з народнымі промысламі, другія актыўна фатаграфаваліся з рыцарамі і сярэднявечнымі героямі.

Асаблівае месца ва ўрачыстасці заняла доўгачаканая экскурсія — разбіўшыся на невялікія групы, госці змаглі пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах паўночнай вежы. Кожны пакой тут — асобная гісторыя з унікальнымі экспанатамі, якія трэба ўбачыць на свае вочы. А самая блізкая нагода — традыцыйны фестываль «Гальшанскі замак», які адбудзецца праз два тыдні.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *