Эканамічны патэнцыял Ашмяншчыны прэзентавалі на рэгіянальнай выставе «Паўночны вектар Гродзеншчыны»

Главное События

У мінулую суботу гасцінна сустракала шматлікіх гасцей Астравеччына. Сюды, каб у чарговы раз прадэманстраваць эканамічны патэнцыял, сабраліся тры паўночныя раёны вобласці: Ашмянскі, Смаргонскі і Астравецкі. Свае магчымасці яны прэзентавалі гасцям з Рэспублікі Польшча, Расійскай Федэрацыі, Літоўскай Рэспублікі, Славацкай Рэспублікі, прадстаўнікам міністэрстваў і ведамстваў краіны, кіраўніцтву вобласці, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і, безумоўна, мясцовым жыхарам, для якіх правядзенне рэгіянальнай выставы «Паўночны вектар Гродзеншчыны» і ІІІ Міжнароднага эканамічнага форуму «Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва» стала свайго роду святам, дзе можна было набыць прадукцыю беларускіх вытворцаў і вырабы народных майстроў, захапіцца майстэрствам парашутыстаў з гродзенскага аэраклуба, паслухаць песні ў выкананні лепшых мастацкіх калектываў  трох раёнаў, ды і проста цікава і з карысцю, усёй сям’ёй ці з сябрамі, адпачыць у выхадны дзень, прайшоўшыся па расквечаных вуліцах утульнага і прывабнага Астраўца.


Адкрываючы рэгіянальную выставу, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра падкрэсліў, што такія мерапрыемствы маюць месца быць, бо не толькі садзейнічаюць развіццю новых эканамічных сувязяў, але і даюць магчымасць сустракацца з сябрамі з Расіі, Літвы і Польшчы, абменьвацца думкамі, пазнаваць наш прыгожы край, знаёміцца з яго гісторыяй і людзьмі, а затым расказваць аб гэтым у сваіх краінах, а ў выніку прывабліваць пасля да нас турыстаў з бліжняга і дальняга замежжа.

З прывітальным словам да жыхароў Астраўца і гасцей свята на правах гаспадара звярнуўся старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька, які назваў рэгіянальную выставу і эканамічны форум унікальнай магчымасцю расказаць аб паўночным рэгіёне і паказаць лепшае, што ствараецца працавітымі рукамі мясцовых жыхароў. Будаўніцтва атамнай станцыі, адзначыў А. Кавалька, дасць штуршок для развіцця нашага рэгіёна, умацуе эканоміку, а гэта значыць, што лепш стануць жыць нашы людзі, што будзе квітнець і прыгажэць наша старажытная зямля.


Насычанай і змястоўнай была праграма мерапрыемстваў у рамках рэгіянальнай выставы. Так як адна з тэм, заяўленых на эканамічным форуме, тычылася перспектываў выкарыстання рэсурсаў турызму ў нашым рэгіёне, гасцям было прапанавана паглядзець выступленне коннікаў коннаспартыўнага цэнтра “Гіпіка” – агратурыстычнага аб’екта, які быў адкрыты ў 2007 годзе ў в. Грынцы на Ашмяншчыне. Сёння гэты комплекс прываблівае турыстаў сваёй багатай гісторыяй, цудоўнай кухняй, магчымасцю пакатацца на конях і атрымаць урокі выездкі ў прафесіяналаў, сярод якіх майстар спорту Святлана Лойка і кандыдат у майстры спорту Дар’я Марухіна ‑ пераможцы і прызёры спаборніцтваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Найбольш ажыўлена было на выставе, якая разгарнулася больш чым на кіламетр і змяшчала лепшыя напрацоўкі вытворцаў трох раёнаў. Ні адну экспазіцыю не абмінуў і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, цікавіўся станам эканомікі прадпрыемстваў, узроўнем зарплаты работнікаў, выпушчанымі за апошні год навінкамі і перспектывамі на будучыню.

Дваццаццю прадпрыемствамі, як дзяржаўнымі, так малога і сярэдняга бізнесу, быў прадстаўлены на выставе эканамічны патэнцыял Ашмянскага раёна. Высока была ацэнена кіраўніцтвам вобласці работа ААТ «Радыётэхніка» па наладжванні выпуску новых відаў прадукцыі і актыўным пошуку рынкаў яе збыту. Сёння на прадпрыемстве арганізаваны выпуск прыступак для эскалатараў Маскоўскага метрапалітэна. Як і раней, завод з’яўляецца адзіным на тэрыторыі Беларусі і краін Балтыі вытворцам мікравентылятараў з паніжаным узроўнем шуму. Прадпрыемства выпускае рознага роду датчыкі, сілавыя пераключальнікі, элементы крапяжу поручняў у грамадскіх відах транспарту, пробліскавыя маякі для спецтэхнікі камунальных і дарожных службаў. У «Радыётэхнікі» наладжаны цесныя партнёрскія зносіны з Маскоўскім заводам імя Ліхачова, Мінскім аўтазаводам, Беларускім аўтазаводам, «Гомсельмашам» і іншымі прадпрыемствамі ў нашай краіне і за мяжой.


У ліку лідараў  на рынку прадуктаў харчавання ў краіне не першы год значацца ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» і Ашмянскі сыраробны завод – філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». Як патлумачыла дырэктар мясакамбіната Тамара Філіповіч, толькі ў гэтым годзе камбінат асвоіў больш 26 новых відаў прадукцыі. Не можа не радаваць кіраўніка ўзросшы попыт на ашмянскія ласункі ў Астравецкім раёне ‑ у сувязі з будаўніцтвам АЭС. Таму на сённяшні дзень у Астраўцы завяршаецца будаўніцтва фірменнай крамы ашмянскага мясакамбіната. Яшчэ адна гандлёвая кропка з’явіцца і ў Смаргоні.

Самы вялікі асартымент сырнай прадукцыі ў краіне прадстаўлены ашмянскім сырзаводам. Тут змогуць задаволіць запатрабаванні любога гурмана. Гэта пацвердзіла і арганізаваная дэгустацыя. Каб паспытаць малочных прысмакаў з маркай «Сырны рай», да палаткі ашмянскіх сыраробаў выстройвалася чарга. А гэта і ёсць самая высокая ацэнка працы калектыву завода. Сярод навінак прадпрыемства ‑ сыры з нізкім працэнтам тлустасці і высокімі смакавымі якасцямі, якія карыстаюцца вялікім попытам у расійскіх гаспадынь. Ніхто не мінаў экспазіцыю ААТ «Белкава».  Само сабой зразумела, хіба пройдзеш міма, калі казыча нос водар натуральнай кавы. Жанчынам хацелася набыць шыкоўныя спальныя і сталовыя камплекты з ільну, што прапаноўвала ААТ «Ашмяны-лён». Шмат дэлікатэсаў на любы густ прывезлі ў Астравец работнікі спажывецкага таварыства. Для тых, каго цікавяць пытанні будаўніцтва, добраўпарадкавання і рамонту, разгарнулі свае экспазіцыі ТАА «ЕўраАлвіта», ПГВУП «Туалсан», ААТ «Будаўнік» і ААТ «Аграпрамтэхніка».

Падчас наведвання выставы старшыня аблвыканкама звярнуў увагу кіраўнікоў раёнаў на выпуск паліўных брыкетаў з драўніны. Такая вытворчасць наладжана ў пасёлку Гудагай, дзе шляхам прасавання адыходаў драўніны на беларускім прэсе атрымліваецца выдатная ва ўсіх сэнсах прадукцыя. Пастаўляецца яна ў Германію і Ірландыю і прыносіць вытворцу ‑ СТАА «Еўрабрыкет» ‑ добры прыбытак. Губернатар вобласці прапанаваў арганізаваць такую вытворчасць у кожным раёне вобласці. Актыўна вядзецца яна ўжо не адзін год Астравецкім лясгасам. Вопыт гэтага прадпрыемства па інтэнсіўным развіцці прамысловай дзейнасці заслугоўвае ўвагі на самым высокім узроўні. Грандыёзныя планы на смаргонскай зямлі ў аўстрыйскай фірмы «Кронаспан» па вытворчасці ДСП і ламініраванага падлогавага пакрыцця, а ў далейшым ‑ мэблі. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дасць магчымасць стварыць дадатковыя рабочыя месцы і рэалізоўваць прадукцыю, у якой будзе сканцэнтравана максімальная дабаўленая вартасць. Дарожным арганізацыям і службам ЖКГ было прапанавана звярнуць увагу на прадукцыю Смаргонскага ліцейна-механічнага завода, дзе выпускаюцца люкі плаваючага тыпу. І хоць кошт іх крыху большы, чым у звычайных люкаў, аднак пры ўстаноўцы такіх вырабаў на дарожнае пакрыццё можна адразу ж адчуць плюсы, дарэчы, як і падчас эксплуатацыі.

Пры падвядзенні вынікаў рэгіянальнай выставы дыпломамі ў розных намінацыях былі адзначаны амаль усе ашмянскія вытворцы. За актыўную работу па асваенні новых відаў прадукцыі ўзнагароджаны ААТ «Радыётэхніка», ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» і ТАА «Ю энд Ю». За арыгінальную арганізацыю рэкламы ўласнай прадукцыі атрымалі дыпломы ААТ «Ашмяны-лён», «Ашмянскі сыраробны завод» ‑ філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», ТАА «ЕўраАлвіта», ПГВУП «Туалсан», ААТ «Будаўнік». За актыўны ўдзел і шырокі асартымент адзначаны ААТ «Белкава», ААТ «Аграпрамтэхніка», гравійна-сартавальны завод «Баруны», ААТ «Гальшанскі крухмальны завод», Ашмянскі філіял абласнога спажывецкага таварыства і Ашмянскі дражджавы завод.

«Паўночны вектар Гродзеншчыны» ў чарговы раз стаў не толькі выставай дасягненняў прадпрыемстваў трох раёнаў, але і святам для астраўчан і гасцей горада. Святочны настрой на мерапрыемстве стваралі работнікі гандлю, культуры і спорту. У канцэрце лепшых выканаўцаў прынялі ўдзел калектывы і выканаўцы нашага раёна. Свае вырабы ў «Горадзе майстроў» прадэманстравалі народныя ўмельцы Ганна Ціхамірава, Валянціна Пакульневіч, Валянціна Свірская, Алена Будзько. Выставу турыстычных магчымасцяў Ашмянскага раёна падрыхтавалі супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча. Шмат уражанняў у гасцей свята пакінулі канцэрт арганнай музыкі, што прайшоў у касцёле святых Космы і Даміяна, а таксама эстрадная праграма з удзелам зоркі беларускай эстрады Ірыны Дарафеевай. Фінальным акордам свята стаў салют, які рознакаляровымі агеньчыкамі расквеціў начное неба над Астраўцом.

Аліна САНЮК
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *