У Ашмянах ушанавалі памяць загінуўшых у Афганістане

Общество

 

Штогод 15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Трыццаць два гады аддзяляюць нас ад таго дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана, дзе больш за дзевяць гадоў выконвалі інтэрнацыянальны абавязак простыя савецкія юнакі. Аб афганскай вайне пісьменнікі напісалі сотні кніг, рэжысёры знялі дзясяткі кінастужак, а былыя салдаты і цяпер беражліва захоўваюць фотаздымкі і  пажоўклыя аркушы доўгачаканых лістоў з дому…

Традыцыйна ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і вываду савецкіх войскаў з Афганістана жыхары Ашмяншчыны ўспамінаюць загінулых у той вайне. Гэты дзень святы для ветэранаў, баявых таварышаў, сяброў і родных тых салдат, якія назаўжды засталіся вернымі вайсковай прысязе.

Да памятнага знака “Сынам зямлі Ашмянскай” прыйшлі ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці, ваеннаслужачыя, школьнікі. Ціхія гукі метранома адлічылі хвіліну маўчання, і прагучалі воінскія залпы. Ашмянцы ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з бою, і пайменна ўспомнілі загінулых землякоў. Да падножжа помніка ляглі вянкі і кветкі – даніна памяці тым, каго забралі нябёсы, і напамін нашчадкам аб той трагедыі.

Падчас мітынгу гучала шмат слоў падзякі ў адрас воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія з гонарам выканалі свой абавязак у Афганістане, ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Андрэя Гардзея і іерэя храма Уваскрасення Хрыстова Сергія. Воін-інтэрнацыяналіст Эдуард Горыд падзякаваў сваім саслужыўцам, ветэранам вайны, успомніў загінулых у Афганістане.

— 15 лютага – гэта дзень памяці і смутку, — адзначыў Эдуард Горыд. — Мы помнім і захоўваем гэту памяць не на словах, а ў справах. Назаўсёды высечаныя імёны нашых землякоў, якія не вярнуліся з той вайны, на мемарыяльных дошках у школах, дзе яны вучыліся. Іх імёны носяць вуліцы, па якіх мы ходзім. Паважанае маладое пакаленне, мы з адказнасцю перадаем вам гэты мірны час без вайны, з якой не вярнуліся трое нашых землякоў.

На месцах пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў у вёсцы Паляны і горадзе Ашмяны адбылося ўскладанне вянкоў і кветак, у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ветэранаў афганскай вайны, школьнікаў, моладзі і грамадскасці. З вайны не вярнулася трое салдат з Ашмяншчыны ─ Сяргей Залатароў, Эдуард Кеда і Сяргей Клінцэвіч.

Шмат добрых слоў было сказана аб жыцці і подзвігах простых савецкіх хлопцаў. У глыбокім маўчанні стаялі воіны-афганцы ля магіл баявых таварышаў. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, а ваенныя выпусцілі залпы ў гонар загінулых.

Заключным акордам святкавання Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў стаў канцэрт “Никто не создан для войны” ў раённым цэнтры культуры. Са сцэны гучала шмат добрых слоў воінам-інтэрнацыяналістам ад ваеннага камісара ваеннага камісарыята Ашмянскага раёна Ігара Місюкевіча і старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміра Бельчанкі. Ад райсавета ветэранаў падарачны сертыфікат атрымаў воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Багдановіч.

Разам з таленавітымі выканаўцамі Ашмяншчыны воіны-афганцы ізноў прагарталі трагічныя старонкі падзей той вайны, яшчэ раз успомнілі аб вывадзе савецкіх войскаў з Афганістана, аб сваіх баявых таварышах… На жаль,  афганская вайна яшчэ доўга будзе нагадваць пра сябе. Застануцца вершы і песні, напісаныя на вайне, застануцца фотаздымкі і лісты, застануцца помнікі і абеліскі…

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *