В Беларуси создают виртуальный музей геодезической Дуги Струве

События

Ідэя стварэння віртуальнага музея належыць дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціне Міхайлаўне Лузінай і супрацоўнікам Гальшанскай сельскай бібіліятэкі. Пасля ўнясення слушнай прапановы ў мінулым годзе яе загадчыца Лілія Рагінская пачала распрацоўваць праект музея.

Значную дапамогу сёння стваральнік атрымоўвае ад юных краязнаўцаў-школьнікаў і  неабыякавых да гісторыі наведвальнікаў бібліятэкі, якія не засталіся ў баку ад такога знакавага пачынання. Зараз актыўна вядзецца работа па распрацоўцы сайта пад сімвалічнай назвай «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры».

Як паведаміла бібліятэкар Ліліт Барсегян, у камп’ютары на сайце пра Дугу Струвэ пакуль што змешчана толькі 40 працэнтаў найцікавейшай інфармацыі не толькі пра пункт Тупішкі, але і пра краіны, праз якія яна праходзіць. Тут жа, у асобным раздзеле, размесціцца гісторыя стварэння Дугі і інфармацыя пра яе заснавальнікаў Васіля Струвэ, Карла Тэрнера і Іосіфа Ходзьку, а таксама фотагалерэя з выявамі гальшанскіх краявідаў.

Шмат цікавага і пазнавальнага можна будзе знайсці для сябе пра культуру такіх краін, як Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Эстонія, Расія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна і Малдова. Багаты на факты і падзеі змест матэрыялаў, падрыхтаваных пра Цюпішкі і Гальшаны.

Музей размяшчаецца ў адным з пакояў адміністрацыйнага памяшкання Гальшанскага сельвыканкама.Тут у цэнтры пакоя размешчана карта, якая дакладна адлюстроўвае Дугу Струвэ.

На шасці вітрынах выстаўлены геаграфічныя карты, каляровыя паштоўкі, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць быт, культурны змест пэўнай краіны, яе славутасці. Адразу ля ўваходу ў музей размешчаны камп’ютарны стол і ноутбук, паліцы застаўлены літаратурай і кнігамі, дзе можна шмат даведацца пра культуру, нацыянальныя асаблівасці, гістарычныя помнікі як Беларусі, так і Гальшан.

Зразумела, што адной з асноўных мэтаў распрацоўкі такога значнага праекта з’яўляецца раскрыццё гісторыка-культурнага патэнцыялу Дугі Струвэ, гальшанскага краю, рэгіёнаў дальняга і бліжняга замежжа, праз якія яна праходзіць, іх навуковай значнасці.

— Наша мэта, — расказвае адзін з удзельнікаў стварэння віртуальнага музея Дугі Струвэ Ліліт Барсегян, —  усімі намаганнямі сабраць багатую і разнастайную інфармацыю, а таксама звесткі аб тых людзях, якія актыўна працавалі над стварэннем Дугі Струвэ, аб культуры, традыцыях і звычаях тых рэгіёнаў, дзе знаходзяцца праслаўленыя і вядомыя ўсяму свету пункты.

Спадзяюся, што гэта будзе цікава не толькі нам, але, у першую чаргу, насельніцтву Гальшаншчыны, а таксама шматлікім турыстам і ўвогуле людзям, неабыякавым да гістарычнай спадчыны нашай Беларусі.

Супрацоўнікі музея адзначаюць, што фінансаваннем сайта заняліся зацікаўленыя еўрапейскія структуры. Менавіта яны перадалі вялікія сродкі — восем тысяч еўра — на рэалізацыю гэтага маштабнага праекта.

Стваральнікамі была выказана вялікая ўдзячнасць райвыканкаму і аддзелу культуры, мясцоваму краязнаўцу, былой загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Валянціне Лабунінай, спецыялісту Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аэракасмічных метадаў ў геадэзіі «Белаэракосмагеадэзія» Марыі Шчарбаковай за значную дапамогу пры стварэнні музея.

Ініцыятары стварэння віртуальнага музея спадзяюцца, што з’яўленне музея і яго адкрыццё ў лютым 2013 года стане цікавым і пазнавальным не толькі для анлайн-наведвальнікаў, але і для рэальных турыстаў.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

На здымках: музей Дугі Струвэ ў Гальшанах.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *