Пяцёра вучняў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў атрымалі матэрыяльнае заахвочванне са спецыяльнага фонду Прэзідэнта

Культура

 

Толькі падумала аб тым, што даўно не было звестак з Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, як прыляцела з аграгарадка радасная навіна: адразу пяцёра вучняў школы атрымалі матэрыяльнае заахвочванне са спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Уладальнікамі прэміі сталі цымбалістка Паліна Высоцкая, скрыпачка Ксенія Ляўкоўская, баяніст Мацвей Сіняк, вучаніца харавога класа Ульяна Петрына і цымбалістка Вікторыя Завадская. Тут неабходна дадаць, што Вікторыя і Ульяна адзначаны высокай узнагародай ужо ў трэці раз. Усяго ж вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў атрымлівалі матэрыяльную дапамогу з Прэзідэнцкага фонду 25 разоў.

Падставай для атрымання грашовай стыпендыі сталі перамогі вучняў у конкурсах міжнароднага ўзроўню.

Для чацвёртакласніцы Паліны Высоцкай, якая наведвае класы Гальшанскай школы мастацтваў у Барунах, кожны дзень сустрэчы з музыкай – сапраўднае свята. Яе яркая творчая індывідуальнасць, уседлівасць і жаданне дабівацца высокіх рэзультатаў спрыяюць шматлікім перамогам на творчых конкурсах самага высокага ўзроўню. Як адзначыла настаўніца дзяўчынкі Галіна Каралевіч, пачынаючы з 2018 года, Паліна станавілася лаўрэатам прэстыжных конкурсаў 12 разоў. Юная цымбалістка выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Бацькі, Паліна Віктараўна і Віктар Іванавіч, не толькі падтрымліваюць захапленне дачкі музыкай, але і не прапускаюць ніводнага яе выступлення. Паліна прымае актыўны ўдзел у жыцці школы. Яна заўзятая футбалістка: нават выступае на спаборніцтвах за гонар Барунскага ВПК. На сцэне яе можна ўбачыць не толькі як салістку, удзельніцу ансамбля, але і як вядучую.

Паліна Высоцкая з настаўніцай Галінай Каралевіч і канцэртмайстрам Наталляй Ёрш

На заняткі ў школу мастацтваў Паліна ходзіць з вялікай радасцю: каб сустрэцца з любімымі настаўнікамі Галінай Каралевіч і Наталляй Ёрш і, безумоўна, з музыкай, без якой цымбалістка ўжо не можа ўявіць жыцця.

Ксенія Ляўкоўская нарадзілася ў творчай сям’і. Яе сястра Ангеліна таксама займаецца ў Гальшанскай школе мастацтваў і актыўна ўдзельнічае ў конкурсах і фестывалях. Юная баяністка тройчы атрымлівала дапамогу са спецфонду Прэзідэнта. Стараецца не адставаць ад таленавітай сястры і другакласніца Ксенія. На яе рахунку таксама шмат перамог. Гэта і міжнародныя конкурсы “Мая мара”, “Талент года”, “Крыштальны васілёк”, “Папараць-кветка”, і адкрыты фестываль-конкурс “Вясёлы Жужа”, які праходзіць у Гальшанах. Выступаць на роднай сцэне заўсёды адказна: і перад сябрамі, і перад сваёй настаўніцай Анастасіяй Калядка, і перад бацькамі, для якіх дасягненні дачок – вялікі гонар.

Ксенія Ляўкоўская з настаўніцай Анастасіяй Калядка і канцэртмайстрам Ларысай Касцючэнка

Баяніст Мацвей Сіняк зараз вучыцца ў Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў (пераехаў з Барун у новую кватэру ў горадзе, якую сёлета атрымала сям’я). Любоў да музыкі прывіў хлопчыку настаўнік Павел Дыско, які выкладае ў класах Гальшанскай школы мастацтваў у Барунах. Мацвею падабаецца іграць на баяне. Старанны вучань ніколі не прапускае заняткаў і заўсёды адказна ставіцца да заданняў, якія дае настаўнік. Хлопчык не баіцца цяжкасцяў і заўсёды атрымлівае асалоду ад выканання таго ці іншага музычнага твора. У вольны час ён шмат чытае. Падабаецца яму знаёміцца з цікавымі фактамі з біяграфіі вялікіх кампазітараў і музыкантаў розных эпох. Дзякуючы ўдзелу і перамогам у шматлікіх творчых конкурсах талент юнага баяніста з кожным днём раскрываецца ўсё ярчэй.

Мацвей Сіняк з настаўнікам Паўлам Дыско

Ульяна Петрына атрымлівае матэрыяльную дапамогу Прэзідэнта ў трэці раз. Вучыцца дзяўчынка ў харавым класе Святланы Шыдлоўскай. Адметна тое, што ўсе дзеці (тры дзяўчынкі) сям’і Петрына займаліся ў Гальшанскай музычнай школе: і старэйшая Аня, і сярэдняя Дар’я таксама вучыліся ў Святланы Уладзіміраўны.

Ульяна Петрына з настаўніцай Святланай Шыдлоўскай

Ульяна на сцэне заўсёды адметная, эмацыянальная і артыстычная. Мажліва таму яе выступленні на творчых конкурсах не застаюцца не заўважанымі журы. Для дзяўчынкі ўдзел у конкурсах – гэта новыя магчымасці для прафесійнага росту, перамога над няўпэўненасцю і імкненне дабівацца пастаўленай мэты.

Вікторыя Завадская вучыцца ў класе цымбал сёмы год. Пра яе можна сказаць, што яна сапраўдны прафесіянал і віртуоз. Яе працаздольнасць гатова пераадолець любыя перашкоды на шляху да спасціжэння мастацтва. Мэтанакіраваная дзяўчынка ў далейшым жадае не разлучацца з музыкай і марыць паступіць у музычны каледж, каб сур’ёзна працаваць над удасканаленнем сваіх творчых навыкаў.

Вікторыя Завадская з дырэктарам школы Наталляй Елфімавай

Для Вікторыі матэрыяльнае заахвочванне з фонду Прэзідэнта – чарговае пацвярджэнне таго, што яна ідзе па правільным шляху, тым больш, што матэрыяльную дапамогу яна атрымлівае ў трэці раз.

Вучаніца Наталлі Елфімавай у гэтым годзе заканчвае навучанне ў школе.

— З такімі таленавітымі дзецьмі заўсёды сумна расставацца, — зазначае дырэктар школы мастацтваў. – Чамусьці здаецца, што такіх больш не будзе. Між тым, усе нашы выхаванцы таленавітыя. Нашы настаўнікі робяць усё неабходнае, каб раскрыць іх творчы патэнцыял. Сур’ёзным стымулам вучыцца, развіваць свае здольнасці служыць дзяржаўная падтрымка адораных дзяцей, якую мы адчуваем штогод.

Сёння хочацца сказаць вялікі дзякуй і педагагічнаму калектыву — за глыбокія веды, якія яны даюць вучням, і бацькам нашых выхаванцаў – за дапамогу з выездам на конкурсы і ўдзел у жыцці нашай школы. Наша шчырая падзяка Міхаілу Завадскаму, Віталю Ляўкоўскаму, Алене Петрына і ўсім нашым бацькам. Усе разам мы робім вялікую справу – развіваем будучае пакаленне.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *