У Будзёнаўцы адзначылі дзень калектыўнага адпачынку

Культура

 

На мінулым тыдні дзень калектыўнага адпачынку “Мой родны край – маё багацце” сабраў разам жыхароў вёскі Будзёнаўка — людзей цікавых і працавітых. Менавіта яны аддаюць сваёй справе сэрцы і працай множаць славу не толькі куточка, дзе нарадзіліся, але і ўсёй Ашмяншчыны.

Добрымі словамі будзёнаўцаў віталі вядучыя Анастасія Дорняк і Сняжана Кагадоўская. Не раз яны дзякавалі жыхарам, якія штодзень самааддана працуюць на роднай зямлі, ствараюць утульнасць і хараство на сваіх падворках, падтрымліваюць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах.

Гасцей свята вядучыя запрасілі зазірнуць у гісторыю вёсачкі і перагарнуць яе старонкі. І не для простай цікавасці, а каб яшчэ раз зразумець, адчуць, з чаго ўсё пачыналася, і аддаць павагу старэйшаму пакаленню. Разам з вядучымі аднавяскоўцы слухалі легенды аб вёсцы Святы Дух, даведаліся, адкуль пайшла такая назва і чаму пасля вайны на дарожным знаку было выведзена “Будзёнаўка”. Разам з вяскоўцамі і гасцямі вёскі работнікі культуры змаглі адправіцца на віртуальную экскурсію па сядзібе Стругача і захапіцца яе прыгажосцю.

У Будзёнаўцы заўсёды цёпла і ўтульна, добра і ціха, тут пануюць вера і надзея, жыве любоў. Тут кожны чалавек не проста сусед ці знаёмы, а сапраўдны сябра і дарадца, які заўсёды дапаможа і падтрымае. Дзякуючы рукам працавітых гаспадароў і шчырых гаспадынь вёска квітнее. Шмат добрых слоў і віншаванняў было сказана ў адрас маладых мам, моладзі, а таксама сталых людзей, якія пражылі большую частку свайго жыцця ў вёсцы.

У гэты дзень прысутныя павіншавалі доўгажыхароў — Яніну Браніславаўну Клімашэўскую, якой у чэрвені споўнілася восемдзесят дзевяць гадоў і Марыну Нікіфараўну Бекрэнь, якая адзначыла свой восемдзесят восьмы дзень нараджэння. Пераступілі васьмідзесяцігадовы ўзрост і Станіслаў Леанардавіч Серпутоўскі, Франц Уладзіміравіч Пячкоўскі, Аляксандр Цімафеевіч Каляга, Вера Аляксандраўна Цыбульская, Юлія Аляксандраўна Чаплінская, Элеанора Дзмітрыеўна Масальская, Іосіф Баляслававіч Станілка, Марыя Францаўна Цыбульская, Марыя Браніславаўна Ліпчанская, Галіна Уладзіміраўна Міхневіч, Соф’я Аляксандраўна Воўк і Антаніна Казіміраўна Старкевіч.

Успомнілі на свяце і людзей, якія кожны дзень працуюць на карысць роднай Будзёнаўкі – супрацоўнікаў магазіна, дружную каманду “Аграпрамтэхнікі” пад кіраўніцтвам Генрыха Бубена і паштальёнаў Таццяну Коўзан, Аксану Осцік і Валянціну Круцько.

—  У “Аграпрамтэхніцы” створаны музей, дзе сабрана гісторыя нашай вёскі, калгасу і прадпрыемства, — адзначае вядучая Анастасія Дорняк. — Тут прадстаўлены вельмі цікавыя экспанаты і, магчыма, у каго-небудзь з вас ёсць нешта асаблівае, гістарычнае, што магло б папоўніць экспазіцыю музея, абавязкова, перадайце гэтыя рэчы ў музей. А сабрала экспазіцыю і працягвае справу ўсяго жыцця наша жыхарка Валянціна Станіславаўна Цішчанка.

Запаўняць старонкі гісторыі вёскі яе маладыя жыхары. Сёлета ў Будзёнаўцы папаўненне – ў сем’ях Марты і Віктара Дземідовічаў, Таццяны і Юрыя Маргужаў нарадзіліся дзяўчынкі. Шмат цёплых пажаданняў было сказана і аб новых маладых сем’ях Масальскіх,  Чайкоўскіх і Някала.

Ад душы весяліліся ў гэты дзень госці свята. Добры настрой стваралі Святлана Ганусевіч, Роза Яцуковіч, Уладзімір Харэвіч, Таццяна Будзіловіч, Аляксандр Саладзінскі, Марта Сташкевіч, Лізавета Пятроўская, Аляксандр Катовіч і Канстанцін Яраш. Цудоўным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”.

Для дзяцей працавалі надзіманыя атракцыёны, можна было паласавацца папкорнам і салодкай ватай. Таксама для іх была арганізавана гульнявая праграма. Дарэчы, музыка доўга гучала над Будзёнаўкай, але яшчэ даўжэй, без сумнення, сэрцы вяскоўцаў будзе саграваць успамін аб свяце.

Кацярына РУДЗІК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *