Студатрады працуюць на прадпрыемствах Ашмянскага раёна

Молодежная политика Общество

 

Для многіх юнакоў і дзяўчат лета – час для падарожжаў і адпачынку на беразе ракі ці мора. А для некаторых – цудоўная магчымасць зарабіць падчас канікул. Ашмянскія школьнікі і студэнты дакладна ведаюць, што адзін з асноўных спосабаў правесці іх з карысцю – гэта  праца ў студатрадзе.

Штогод працаўладкаваннем школьнікаў і студэнтаў ва ўсёй краіне займаецца ГА “БРСМ”. У нашым раёне студатрады таксама запатрабаваныя, і з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. Гэты год не стаў выключэннем – працоўны семестр у самым разгары.

Раённы камітэт ГА “БРСМ” надае вялікую ўвагу студатрадаўскаму руху і супрацоўнічае з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, якія кожны год выдзяляюць працоўныя месцы для школьнікаў і студэнтаў. З юнакамі і дзяўчатамі заключаюцца дагаворы, а ў якасці заахвочвання студатрадаўцы вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку.

Сёлета ашмянцы шчыруюць у сельскагаспадарчых, будаўнічых і сервісных атрадах. Працоўныя месцы школьнікам і студэнтам выдзяляюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Карэспандэнты раённай газеты даведаліся, як працуюць удзельнікі будаўнічых і педагагічных атрадаў, створаных на базе РУП ЖКГ, аграрна-эканамічнага каледжа і дзіцячага садка № 6.

— З райкамам БРСМ мы супрацоўнічаем не першы год, — расказвае намеснік дырэктара РУП ЖКГ Яўген Гаўрыс. — Нам гэта супрацоўніцтва падабаецца — юнакі стараюцца і актыўна дапамагаюць з выкананнем падсобных работ. На гэтым тыдні на працу выйшаў студатрад дзяўчат. Сядзець без справы тут не атрымаецца, работы хопіць на ўсю змену!

У склад студатрада ўваходзяць сем юнакоў са школ горада. Вучань гімназіі № 1 Ягор Дзегцяроў у студэнцкім атрадзе ўпершыню. Нягледзячы на тое, што ён працуе ўсяго некалькі дзён, ён смела разважае аб станоўчых момантах работы на прадпрыемстве. Ягор упэўнены, што вопыт, які ўдалося набыць у студатрадзе, абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Гэта не толькі навучанне прафесійнай дзейнасці, але і атрыманне навыкаў работы ў калектыве і зносін з працадаўцамі.

На пад’ездзе да майстэрняў аграрна-эканамічнага каледжа ўжо здалёк бачна, як юныя студатрадаўцы старанна і рупліва працуюць. Сёння пад кіраўніцтвам Івана Ляшчэвіча на будоўлі — дзесяць навучэнцаў 3-га курса.

Стараста групы і камандзір студатрада Аляксандр Валадкевіч правёў нам экскурсію па працоўнаму ўчастку. Яго аднагрупнікі пасля заканчэння каледжа атрымаюць спецыяльнасці каменшчыка, зваршчыка і арматуршчыка. Гэта ўлічыла і адміністрацыя каледжа пры размеркаванні маладых работнікаў, у якіх з’явілася ўнікальная мажлівасць прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы.

— Карысць ад такой практыкі значна большая, чым ад вучобы за партай ці ў вучэбных майстэрнях, — дзеліцца сваімі ўражаннямі камандзір атрада.  – Такая работа прывучае да адказнасці і самастойнасці.

Іван Ляшчэвіч расказвае, што за тыдзень юнакі справіліся са сваім “фронтам работы” на выдатна, але ж галоўную адзнаку іх дзейнасці паставяць працадаўцы пасля заканчэння навучання.

Цікава, весела і пазнавальна праходзіць змена педагагічнага атрада. У дзіцячым садку № 6 працуюць выхавацелямі і памочнікамі выхавацеля студэнткі Паліна Жаброўская, Вераніка Шаверда, Вікторыя Свірская і Лада Картановіч.

 

Тандэм выхавацеля Паліны Жаброўскай і яе памочніцы Веранікі Шаверда працуе ўжо другі тыдзень. У адзін голас дзяўчыны адзначаюць, што кожны дзень работы з дзецьмі прыносіць новыя адкрыцці і эмоцыі. Паліна скончыла Лідскі каледж па спецыяльнасці “пачатковая адукацыя” і плануе працягнуць навучанне ў ГрДУ імя Я. Купалы.

— Я наведвала гэты дзіцячы садок, тут працуе мая матуля, — расказвае студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вераніка, — таму гэту ўстанову я ведаю даўно — тут усё добра знаёмае. Я з дзяцінства бачыла, што з дзецьмі весела і цікава, чаму б не выкарыстаць магчымасць, тым больш, што маці на адпачынку цяпер?!

Памочнік выхавацеля, студэнтка Віцебскага медуніверсітэта Вікторыя Свірская, разам з вопытным выхавацелем Наталляй Анатольеўнай Юхевіч зай-маюцца з самымі маленькімі выхаванцамі дзіцячага садка. Напэўна, гэта самая цікавая і складаная праца, таму што дзеці пераступілі парог установы толькі ў чэрвені і праходзяць перыяд адаптацыі.

Заканчваецца змена ў студатрадзе, напоўненая не толькі працай, але і цікавымі адкрыццямі і новымі знаёмствамі, у выхавацеля Лады Картановіч – студэнткі педагагічнага ўніверсітэта.

Чарговы студэнцкі дэсант прыйшоў на дапамогу прадпрыемствам і арганізацыям ужо ў панядзелак.

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *