У Ашмянах адзначылі Дзень Незалежнасці

События

 

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пад назвай “Квітней пад небам сінім, Беларусь!” пачаліся ў Ашмянах мітынгам ля брацкай магілы ў гарадскім парку.

— У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца кропкай адліку новага этапа ў яго гісторыі і выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым яднання ўсіх грамадзян, — адзначыў у сваім віншаванні старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзіслаў Гершгорын. — У беларускім календары такой датай стала 3 ліпеня 1944 года. Менавіта гэты дзень рашэннем народа вызначаны галоўным дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, святам, у якім зліліся ў адзінае цэлае вялікія, сапраўды святыя паняцці – вызваленне, Перамога, незалежнасць. Гэта свята дарагое для ўсіх беларусаў. Гэта памяць аб тых, хто адваёўваў незалежнасць нашай Радзімы на полі бою. Гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе сваю гісторыю, хто сваёй працавітасцю і талентам робіць значны ўнёсак ў росквіт сваёй зямлі. Мы – незалежная дзяржава. Павага да мінулага Айчыны, непарыўная сувязь і пераемнасць пакаленняў – вось тыя традыцыйныя асновы, на якіх трымаюцца стабільнасць і дабрабыт нашай краіны. Формула суверэнітэту Беларусі складваецца з двух раўназначных паняццяў – гэта адказнасць і свабода. На іх аснове на працягу 26 гадоў мы змаглі пабудаваць моцную дзяржаву, забяспечыць дастойны ўзровень жыцця насельніцтва, захаваць грамадскі мір і згоду, зарэкамендаваць сябе надзейным міжнародным партнёрам.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг горада Ашмяны прадстаўлена дырэктару СШ №3 г.Ашмяны Уладзіміру Войнюшу, дырэктару аграрна-эканамічнага каледжа Віктару Вайшнаровічу, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіне Яшынай і старшаму касіру аўтастанцыі Ашмяны аўтамабільнага парка №13 г. Ашмяны – філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Гроднааблаўтатранс” Ганне Янушкевіч.

Трэцяга ліпеня – асаблівая дата. Гэта дзень вызвалення нашай краіны ад фашысцкай навалы. Ён адваёваны вялікай цаной. Памяць аб тых, хто не вярнуўся з поля бою, хто адстаяў свабоду і незалежнасць беларускай зямлі, была ўшанавана мінутай маўчання. У знак памяці аб трагічнай старонцы ў гісторыі нашай краіны да брацкай магілы кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў усклалі кветкі і вянкі.

Свае віншаванні адрасавалі жыхарам Ашмяншчыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч і намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы Андрэй Каліноўскі.

Урачыстай часткай мерапрыемства стала акцыя “Пісьмо нашчадкам”. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Сцяпанаўна Мягкова звярнулася да будучых пакаленняў нашай краіны з заклікам захоўваць мір на Зямлі.

— Вялікая Айчынная вайна – гэта наша агульная памяць, без якой немагчыма будучае, — адзначыла Таццяна Сцяпанаўна. — Ваш святы абавязак – зберагчы памяць аб вайне і перадаць яе сваім дзецям, унукам. Ваш абавязак – пакінуць нашчадкам праўдзівую гісторыю з яе гераічнымі і трагічнымі старонкамі, захаваць праўду аб мужнасці і стойкасці пераможцаў, праяўленыя як на фронце, так і ў тыле. Беражыце баявую і працоўную славу нашага раёна і Беларусі! Галоўнае – беражыце мір, які мы заваявалі, будзьце сапраўднымі патрыётамі нашай Радзімы і рэспублікі.

Капсулу нашчадкам перадаў выхаванцам дзіцячых садкоў №6 і №7 Лізавеце Картановіч і Яўгену Талочку начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Ашмянскага раёна старшы лейтэнант Андрэй Ярмоленка. А яны, у сваю чаргу, перадалі яе на захаванне ў краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча. Там яна будзе хзахоўвацца да 2045 года.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся канцэртнай праграмай “Спявай, душа народная”, у якой прынялі ўдзел творчыя калектывы Ашмянскага раёна. У гарадскім парку разгарнуліся выставы: краязнаўчага музея — “Становіцца гісторыяй вайна”, цэнтральнай раённай бібліятэкі – “Беларусь велічная і незалежная”. Вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прапанавалі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры і аддзел дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН.

На спартыўнай пляцоўцы ладзіліся спаборніцтвы па гульнявых відах спорту. Працавалі дзіцячыя пляцоўкі і гандлёвыя рады.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *