Свята, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшло ў Ашмянах

События

 

Урачыстае свята, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «Дзяржава — гэта мы», прайшло ў раённым цэнтры культуры. Адзначыць важную падзею ў жыцці суверэннай і незалежнай краіны сабраліся ветэраны працы, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў і навучальных устаноў.

Шчырыя віншаванні з дзяржаўным святам адрасаваў ашмянцам старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын.

— 15 сакавіка 1994 года быў прыняты прынцыпова новы асноўны закон дзяржавы, — адзначыў Уладзіслаў Уладзіміравіч. — І вось ужо на працягу 26 год у календары рэспублікі гэты дзень адзначаны як асаблівая дата. Гэтае свята ўвасабляе моц асноўнага закона, па якім жыве наша краіна. Выказваючы волю і інтарэсы народа, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь служыць умацаванню дзяржаўнасці, стабільнасці, законнасці. Неабходна памятаць, што дабрабыт дзяржавы, правапарадак і згода залежаць ад кожнага з нас. Толькі беражлівае стаўленне да сваіх правоў і абавязкаў зможа дапамагчы нам захаваць дзяржаўны лад нашай маладой рэспублікі. У асноўным законе краіны выразна прапісаны абавязкі грамадзян. Галоўны з іх — захоўваць вернасць Радзіме. Аб гэтым у першую чаргу павінны памятаць прадстаўнікі моладзі.

Па традыцыі працягам свята стала цырымонія ўзнагароджання лепшых працоўных калектываў, работнікаў вытворчасці і сацыяльнай сферы, якія дасягнулі высокіх рэзультатаў у працы. Па выніках мінулага года яны былі занесены на раённую Дошку гонару і прымалі кветкі і віншаванні ад старшыні райвыканкама Уладзіслава Гершгорына. Дарэчы, акрамя перадавікоў народнай гаспадаркі, такога ганаровага права ўдастоена таксама сям’я Анатоля Вацлававіча і Наталлі Віктараўны Банюшэвіч, у якой выхоўваецца трое дзяцей.

Напярэдадні дзяржаўнага свята віншаванні з першым крокам у дарослае жыццё прымалі юныя жыхары Ашмяншчыны. Падчас усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» яны атрымалі галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і памятную кнігу.

Шэраг юнакоў і дзяўчат, якія дабіліся значных поспехаў у першым паўгоддзі 2019 — 2020 навучальнага года, сталі лаўрэатамі прэміі «Надзеі Ашмяншчыны». Ганаровую ўзнагароду яны атрымалі з рук кіраўніка раёна.

 

Уладальнікамі імянной стыпендыі Ашмянскага райвыканкама за высокія паказчыкі ў спартыўных спаборніцтвах сталі Карына Несцерава, Аляксей Сташкевіч, Дар’я Місюкевіч. На рахунку юнага гандбаліста — шэраг перамог рэспубліканскага ўзроўню, а дзяўчаты-легкаатлеткі паспелі выйсці нават на міжнародны ўзровень.

Да шчырых віншаванняў і пажаданняў у гэты дзень далучыліся ўзорны ансамбль песні і танца «Званочкі» СШ №1 імя М.М. Гружэўскага, народны ансамбль народнай песні і танца “Крыніцы”, а таксама Кацярына Мандрык, Валерыя Жукоўская, Ірына Асмольская і Таццяна Чэрская, Арцём Скароль, вучні СШ №3.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *