Пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі дзевяць школьнікаў Ашмянскага раёна

Общество

Сёлета найбольшую колькасць дыпломаў заваявалі прадстаўнікі СШ №2. Сярод лепшых ёсць тыя, хто не толькі на абласных, але і на рэспубліканскіх алімпіядах даказвае свой высокі ўзровень ведаў.

Між тым, граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі за ўдзел у абласной алімпіядзе па матэматыцы ўзнагароджаны вучань СШ №1 імя М.М. Гружэўскага Ілья Целіца (настаўнік Тэрэса Шчыкно), па інфарматыцы – дзевяцікласнік СШ №3 Максім Дэрвіс (настаўнік Уладзімір Войнюш, педагог-трэнер Таццяна Богдан), па беларускай мове і літаратуры вучаніцы Мураванаашмянкоўскага і Крэйванцаўскага ВПК Ульяна Супрановіч (настаўнік Наталля Пашынь) і Ангеліна Міцкевіч (настаўнік Алена Вінцаловіч). Вучань гімназіі №1 Алег Буйко (настаўнік Аляксандр Каліш) атрымаў грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі па фізічнай культуры і здароўю.

Тых юнакоў і дзяўчат, якія занялі першае і другое месцы падчас абласных іспытаў, чакае ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе. Спадзяёмся, што вучні парадуюць сваіх педагогаў выдатнымі поспехамі, а пакуль давайце пазнаёмімся з прызёрамі і пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Аляксандр Банюшэвіч, вучань 8 класа сярэдняй школы №1 імя М. Гружэўскага, атрымаў дыплом І ступені па матэматыцы.

Юнака да алімпіяды рыхтавала настаўнік Рэгіна Чаславаўна Мусніцкая. Сур’ёзны, сціплы васьмікласнік штогод ўдзельнічае ў алімпіядах па матэматыцы. Напрыклад, у мінулым годзе Аляксандр атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласной алімпіядзе, дзе выконваў заданні за восьмы клас. Наперадзе ў Аляксандра – напружаныя тыдні падрыхтоўкі да заключнага этапу алімпіяды.

Юлія Трапачка, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №1 імя М. Гружэўскага, атрымала дыплом ІІ ступеніпа грамада­знаўству.

Падрыхтоўкай Юліі займалася педагог Наталля Мечыславаўна Макавецкая.

— У дзявятым класе я зразумела, што падабаецца грамадазнаўства, і пачала выбіраць куды паступаць, — расказвае Юлія Трапачка. – Цяпер выбіраю паміж юрыдычным факультэтам і міжнароднымі зносінамі.

За час вучобы ў школе дзесяцікласніца паспела прыняць удзел у школьных алімпіядах па англійскай мове, хіміі і грамадазнаўству.

Дзяўчына не толькі прызёр шматлікіх алімпіядаў, але і ўдзельнік навукова-практычных канферэнцый. Юлія некалькі год была капітанам школьнай каманды па інтэлектуальнай гульні “Што?Дзе? Калі?” і ўдзельнікам каманды гульні “КВН”.

У вольны час займаецца танцамі, мастацкай гімнастыкай, чытае кнігі і рыхтуецца да рэспубліканскай алімпіяды.

Анастасія Навасельская, вучаніца 11 класа сярэдняй школы №2, узнагароджана дыпломам ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры.

Рыхтавала Анас­­тасію да алімпіяды настаўнік Святлана Мечыславаўна Максуль. У мінулым годзе на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры дзяўчына заняла трэцяе месца.

Акрамя алімпіяды па беларускай мове і літаратуры Анастасія ўдзельнічала ў школьных алімпіядах па рускай мове, біялогіі і хіміі.

Пакуль дзяўчына не ведае, з якой сферай звяжа сваё жыццё, напэўна, гэта будзе хімія і біялогія, тым больш што вучыцца яна ў профільным класе, дзе гэтыя прадметы выкладаюцца на павышаным узроўні.

Паліна Яркевіч, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №2, узнагароджана дыпломам ІІ ступені па матэматыцы.

Высокая адзнака на алімпіядзе – гэта заслуга дзесяцікласніцы і яе настаўніка Крысціны Міхайлаўны Лапейка. Паліна ўдзельнічае ў алімпіядным руху з пачатковых класаў і цікавіцца дакладнымі навукамі — матэматыкай і фізікай. Паспяхова выступае на раённых алімпіядах па гэтых прадметах. У мінулым годзе стала прызёрам абласной алімпіяды па рускай мове.

Акрамя вучобы, Паліна Яркевіч любіць маляваць і спяваць, але цяпер увесь час прысвячае падрыхтоўцы да рэспублікан­скай алімпі­яды і цэнтра­лізаванага тэсціравання.

Сяргей Шукеловіч, вучань 11 класа Жупранскай сярэдняй школы, атрымаў дыплом ІІІ ступені па гісторыі.

Выпускнік Сяргей Шу­келовіч ціка­віцца гісторыяй з дзяцінства. Малады настаўнік Вікторыя Уладзіміраўна Казак заўважыла ў юнаку патэнцыял і стала з ім дадаткова займацца, пасля пад сваё крыло сціплага і мэтанакіраванага навучэнца ўзяла вопытны педагог Наталля Чаславаўна Захарэўская.

— Мне заўсёды было цікава даведвацца аб гісторыі чалавецтва, аб тым, як з’явіўся свет, развіваўся і змяняецца зараз. Сёлета планую паступаць на гістарычны факультэт БДУ, — расказвае Сяргей Шукеловіч.

Юлія Шавэрда, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №2, атрымала дыплом ІІІ ступені па грамада­знаўству.

Юлія – пастаянны ўдзельнік школьных і раённых алімпіяд. На працягу навучання дзяўчына спрабавала свае сілы ў алімпіядах па мовах і матэматыцы. Сёлетні дэбют на абласной алімпіядзе атрымаўся дзякуючы намаганням дзяўчыны і яе настаўніка Любові Георгіеўны Пятровай.

Свае творчыя здольнасці і майстэрства ў сферы відэамантажу Юлія прадэманстравала на міжнародным конкурсе “Мае геаграфічныя падарожжы”. Таленавітая дзяўчына скончыла школу мастацтваў, а цяпер самастойна вучыцца іграць на гітары.

У будучым дзяўчына вырашыла паступаць на юрыдычны факультэт.

Юлія Кунц, вучаніца 9 класа сярэдняй школы №2, атрымала дыплом ІІІ ступені па матэматыцы.

Рыхтавала Юлію настаўнік Валянціна Іва­наўна Чарняцова. Сама Юлія ўдзельнічае ў алімпіядах з пачатковых класаў. За плячыма дзевяцікласніцы іспыты па рускай мове, біялогіі, фізіцы і хіміі.

Юлія актыўна выступае ў складзе каманды на інтэлектуальных гульнях “Што?Дзе?Калі?”. Скончыла школу мастацтваў, іграе на гітары і фартэпіяна, добра малюе, паспявае займацца спортам.

Пакуль Юлія не ведае, з чым звяжа сваё жыццё, але думае, што гэта будзе факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Падрыхтоўка да алімпіядаў займае шмат часу, але дзяўчына адзначае, што менавіта гэты занятак прыносіць ёй задавальненне.

Ульяна Астрамовіч, вучаніца 9 класа сярэдняй школы №2, узнагароджана дыпломам ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры.

Сёлета творчы тандэм Ульяны і настаўніка Вольгі Сцяпанаўны Дваранскай прадэманстраваў высокі вынік на абласной алімпіядзе. Дзевяцікласніца шчыра прызнаецца, што любоў да мовы ёй перадалася ад маці. Таму Ульяна ўжо цвёрда вырашыла, што будзе настаўнікам.

Ульяна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю, у скарбонцы яе дасягненняў – дыплом 3 ступені ў VI адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. У абласным конкурсе дэкламатараў, які праводзіла кампанія Velcom, Ульяна стала пераможцай. Разам з камандай паспяхова выступала ў інтэлектуальнай гульні “Што?Дзе? Калі?”. У вольны час, якога не заўсёды хапае, Ульяна займаецца танцамі ў студыі “Дзіяна”.

Уладзіслаў Павіловіч, вучань 11 класа гімназіі №1, атрымаў дыплом ІІІ ступені па хіміі.

Да алімпіяды юнака рыхта­валі настаўнікі Вольга Міка­лаеўна Вінц­коўская, Тамара Сяргееўна Ліпчанская і пе­да­гог-трэнер Ганна Казіміраўна Лугіна.

— Інтарэс да хіміі, — дзеліцца Уладзіслаў, — з’явіўся ад першага настаўніка Вольгі Мікалаеўны, яна і прывіла мне любоў да прадмета.

Раней юнак прымаў удзел у раённых алімпіядах па рускай мове і гісторыі, а пасля да гэтага спісу “далучыліся” прадметы “хімія” і “біялогія”. У мінулым годзе Уладзіслаў атрымаў грамату за асаблівыя поспехі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Уладзіслава часта можна ўбачыць на розных школьных і раённых мерапрыемствах і конкурсах. За высокія дасягненні ў вучобе Уладзіслаў стаў лаўрэатам прэміі “Надзеі Ашмяншчыны”.

Плануе выдатнік стаць студэнтам фармацэўтычнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

[stextbox id=’alert’]Использование материала в полном объеме запрещено без письменного разрешения редакции газеты «Ашмянскі веснік». За разрешением обращайтесь на oshvest@mail.grodno.by[/stextbox]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *