Сярэдняя школа №1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага адзначыла юбілей

Культура

Прыгожы юбілей — 90 год з дня адкрыцця — адзначыла сярэдняя школа №1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага. Святочную імпрэзу было вырашана прымеркаваць да вечара сустрэчы з выпускнікамі, які штогод праходзіць у першую суботу лютага.

За гады існавання першая школа выпусціла больш за пяць тысяч выпускнікоў — хлопцаў і дзяўчат, якія сталі ўрачамі і настаўнікамі, юрыстамі і архітэктарамі, ваеннымі і вучонымі, артыстамі і палітыкамі… У многім менавіта дзякуючы намаганням былых і сённяшніх вучняў школы ў гэты вечар у актавай зале панавала такая цёплая атмасфера, напоўненая шчырымі ўсмешкамі і светлымі ўспамінамі пра дзяцінства.

Раздзяліць радасць з нагоды слаўнага юбілея прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская і яе калегі.

— Сёння ў сярэдняй школы №1 двайное свята — юбілей і вечар сустрэчы з выпускнікамі, — нагадала падчас віншавання Святлана Баркоўская. — 90 год — гэта ўзрост сталасці, мудрасці і каласальнага вопыту, бо першая школа была і назаўсёды застанецца крыніцай асветы. Нездарма на рахунку ўстановы столькі перамог — калі іх пералічыць, то атрымаецца сапраўдны шматтомнік. Няхай школа, якая з мінулага года носіць імя таленавітага кіраўніка, былога дырэктара Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага, і надалей застаецца лепшай.

Дарэчы, некалькі тыдняў таму ў школьным музеі быў адкрыты стэнд, прысвечаны М.М. Гружэўскаму.Цёплымі ўспамінамі пра бацьку падзялілася выпускніца 2002 года Ганна Гружэўская, якая перадала ў школьны музей сімвал мудрасці і ведаў — крышталёвую саву — падарунак бацьку ад сяброў. Песня-прысвячэнне ў выкананні Ганны, фота і відэа з сямейнага архіву расчулілі не толькі былых калег, але і вучняў Міхаіла Мар’янавіча.

Музычныя падарункі для ўсіх прысутных падрыхтавалі ўзорны ансамбль «Званочкі», узорная студыя «Палёт», узорны тэатр танца «Эфект», уганараваны вучань школы Арцём Скароль, удзельнікі школьнай студыі Ксенія Крышаловіч, Валерыя Цярэшка, Паліна Муцянская, а таксама выпускнікі розных гадоў. Сярод іх — капітан першага рангу, першы камандзір атамнага крэйсера «Петр Великий» Яўген Добрышаў; Вольга Чаплінская, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні і танца «Крыніцы» разам са сваім калектывам; выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вадзім Лукашэвіч; Марына Завадская — удзельніца арт-групы «Багач» разам з народным калектывам; выпускнікі розных гадоў Алёна Бароўская, Артур Ількевіч, Юля Рыбіцкая.

(Падрабязней чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты «Ашмянскі веснік»).

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

[stextbox id=’alert’]Использование материала в полном объеме запрещено без письменного разрешения редакции газеты «Ашмянскі веснік». За разрешением обращайтесь на oshvest@mail.grodno.by[/stextbox]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *