Традыцыйны сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у Ашмянах

Общество

 

І хаця надвор’е жадала быць лепшым — калючы дождж і пранізлівы вецер нахальна лезлі за каўнер, — жыхарам і гасцям райцэнтра прапанавалі шырокі выбар тавараў.

Разнастайную прадукцыю прывезлі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, фермерскія гаспадаркі, дзяржаўныя і прыватныя гадавальнікі, а таксама дбайныя жыхары Ашмяншчыны, якія вырашылі прадаць лішак садавіны і гародніны, вырашчаных на прысядзібных участках.

Наш карэспандэнт таксама пабываў на кірмашы і пацікавіўся, колькі ж сёлета каштуе сельскагаспадарчая прадукцыя. Так, бульбу прапануюць па 30 капеек за кілаграм, калі браць мяшок, або па 50 капеек — калі купляеш некалькі кілаграмаў. Сталовыя буракі прадаюць па 50 — 60 капеек, моркву — па 70 — 80 капеек. Што датычыцца цыбулі, насенне якой (маю на ўвазе сявок) вясной дасягала 25 рублёў за кілаграм, то кілаграм яе каштуе не больш рубля. І хаця залацістая гародніна амаль не трапіла на вочы, прадаўцы раённага філіяла аблспажыўтаварыства прапанавалі гэту вітамінную прадукцыю па 86 капеек, а гаспадыня з прыгараду адзначыла, што ўжо прадала 40 кілаграмаў цыбулі па рублю. Кошт зімняга часнаку вагаўся ад 70 капеек за галоўку да 12 рублёў за кілаграм. Капусту пакуль што прапануюць па 50 -57 капеек.

Шырокі выбар мелі наведвальнікі кірмашу пры пакупцы таматаў, сярэдні кошт якіх склаў 57 — 80 капеек. Пры жаданні можна было набыць таксама перац, фасоль, прыгажуню-тыкву, мёд, клюкву і нават шпінат.

Парадаваў і асартымент яблыкаў. Бадай што самыя танныя — па 50 капеек — аказаліся ў КСУП «Ашмянскі Світанак». Іншыя прапаноўвалі па 60 і нават 86 капеек.

Тыя, хто любіць паласавацца смакатой, не змаглі прайсці міма рэмантантных клубніц — не спыняў нават кошт у 7 рублёў за кілаграм, сакавітых кавуноў і халвы, якую прапанавала Азоўская кандытарская фабрыка.

З пачаткам восеньскага сезону ўзнавіўся, да радасці многіх гурманаў, і продаж жывой рыбы. Сёння карп значных памераў каштаваў 5 рублёў за кілаграм. Праўда, самая меншая рыбіна важыла 1,5, а то і ўсе 2 кілаграмы.

Аматарам садовай справы таксама было дзе запыніцца. Ім прапанавалі разнастайныя саджанцы дрэў, кустоў і кветак. Сваю прадукцыю рэалізоўвалі гадавальнікі са Смаргоні, Ракаўцаў, Валожына, Самахвалавічаў, Навагрудка.

У скверы 17 Верасня, таксама як і па вуліцы Першамайскай, размясціліся гандляры. Тут можна было набыць вырабы з дрэва, лазы, вязаныя вырабы і пуховыя хусткі, а таксама прыправы, марожаную рыбу і мясную прадукцыю уласнай вытворчасці — апошнюю прапанаваў раённы філіял аблспажыўтаварыства.

Маленькіх ашмянцаў чакалі атракцыёны і маленькія поні, якія з-за непагоды сумна паглядалі на дарослых.

Бойкім сённяшні гандаль назваць складана — надвор’е ўнесла свае карэктывы ў планы людзей. Аднак многія прадаўцы запэўнілі, што яшчэ прыедуць у Ашмяны і парадуюць мясцовых пакупнікоў.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *