Свята грыбніка прайшло ў Крэйванцах

Культура

Грыбны сезон пачынаецца яшчэ летам, аднак у поўнай меры адчуць задавальненне і асалоду ад “ціхага палявання” магчыма толькі восенню. Менавіта гэты час грыбнікі лічаць залатым. Зразумець душэўны настрой грыбніка складана, бо сам працэс ціхага палявання для яго больш важны, чым сабраныя трафеі. Як правіла, тое, што трапляе да яго ў кошык з завідным пастаянствам (грыбнік ведае шмат сакрэтаў), адной сям’і спажыць нерэальна. Шчодрыя дары лясоў апраўляюцца не толькі ва ўласныя слоікі, але і родным, суседзям, знаёмым, калегам па рабоце.

А колькі страў можна прыгатаваць, выкарыстоўваючы грыбы! Крэйванцаўскія гаспадыні пацвердзілі гэты факт на грыбным свяце ў сваім аграгарадку. І хаця ў гэтым годзе грыбы ўрадзілі не вельмі, дбайныя гаспадыні змаглі ўсё такі парадаваць аднавяскоўцаў сваім кулінарнымі шэдэўрамі.

Надвор’е не вельмі спрыяла мерапрыемству, аднак у двары сельскага клуба сабралася шмат людзей. Работнікі ўстаноў культуры раёна пастараліся, каб свята прыйшлося па густу і дзецям, і дарослым. Для іх ладзіліся тэматычныя віктарыны і конкурсы з абавязковымі прызамі. Вядучыя Яўгенія Уласік і Валянціна Горыд з Анастасіяй Дорняк, якія выступілі ў ролі дзвюх бабуль-сябровак Іванаўны і Пятроўны, нікому не дазволілі засумаваць. Яны і песні спявалі, і весялілі гледачоў жартамі і гумарэскамі.

Цёпла прымалі на грыбным свяце ўдзельнікаў народнага тэатра танца і песні “Імпульс” раённага цэнтра культуры: Таццяну Будзіловіч, Канстанціна Яраша, Дзмітрыя Дзямідава, Аліну Юхевіч, а таксама народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”.

Юныя жыхары аграгарадка з радасцю скакалі на надзіманым атракцыёне, куплялі салодкую вату і папкорн, станавіліся ў чаргу да Кацярыны Сячко, якая “распісвала” дзіцячыя твары аквагрымам.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі Валянціна Дзядзічкіна арганізавала выставу, сабраўшы да месца мастацкія, навукова-папулярныя і перыядычныя выданні для тых, каго цікавіць грыбная тэма.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *