“Брэнта-2”, прыём! “Ікорка” на сувязі! Цікавыя факты з гісторыі ашмянскага аэрадрома

“Брэнта-2”, прыём! “Ікорка” на сувязі!

Менавіта такі пазыўны на працягу амаль трыццаці год ляцеў з Гродна ў Ашмяны, у невялічкі будынак аэрапорта, які стаяў напачатку практычна ў полі. Зарэчная частка горада яшчэ толькі пачынала абрастаць дамамі. Уверх, за дражджавы завод, прасціралася пустка, куды людзі са “старых” Ашмян выводзілі пасвіць хатнюю жывёлу і нават выкідвалі смецце. На гэтым месцы і з’явіўся аэрадром. А на тую яго частку, дзе сёння пралягае вуліца Зыгмунта Мінейкі (да нядаўняга часу вуліца Лугавая), прыходзілася якраз узлётна-пасадачная паласа. За гады існавання аэрапорта яго начальнікамі былі Іван Навіцкі, Леанід Баркоўскі, Мікалай Бубноў, Яўген Цімаховіч.

З парыкмахера ў касіры

Плошча ашмянскага аэрадрома складала 24 га. Так сцвярджае Ганна Аляксееўна Варановіч, якая працавала на гэтым аб’екце касірам, прыбіральшчыцай і нават вартаўніком з самых першых дзён і да закрыцця. Калі ў сакавіку 1951 года Ганна Аляксееўна прыехала з мужам-вайскоўцам у Ашмяны, пра аэрапорт размова яшчэ не вялася. Дом, у якім яна жыве і зараз, стаяў тады на безыменнай вуліцы, якой бадай што і не было. Два дамы – якая ж гэта вуліца! Гэта пазней яна адбудуецца і стане насіць імя лётчыка Страленкі.

Ганна Аляксееўна Варановіч

Маладая жанчына ўладкавалася на працу ў парыкмахерскую, якая размяшчалася на першым паверсе дома пані Пляўговай, у цэнтры горада. Тут яна прапрацавала два гады, а пасля ўжо рабіла прычоскі, фарбавала бровы і завівала ашмянскіх прыгажунь дома. А ў перапынках, смяецца жанчына, нараджала дзяцей. Ганна Аляксееўна – шматдзетная маці: нарадзіла і выхавала разам з мужам Уладзімірам Віктаравічам чацвярых дзяцей: дзвюх дачок і двух сыноў.

На новую работу яна ўладкавалася выпадкова. Незнаёмец, які праводзіў на пляцы нейкія замеры, пастукаў у дзверы і папрасіў вады. Ім аказаўся інжынер з Гродна, які аглядаў участак пад пляцоўку для будучага аэрадрома. Распытаўшы ў гаспадыні, хто яна па прафесіі (напачатку, яшчэ ў Расіі, Ганна працавала ў парыкмахерскай касірам), ён прапанаваў ёй аналагічную работу ў аэрапорце.

У Гродна – за гадзіну

Было гэта дажджлівай восенню, а ўжо ў студзені 1961 года ў Ашмянах урачыста адчыніўся новы аб’ект. Аб гэтым напісана ў кнізе-хроніцы “Памяць. Ашмянскі раён”. Аднак першая інфармацыя ў раённай газеце была надрукавана толькі ў жніўні. У невялічкай заметцы “Быстро и удобно» (№92, 3 жніўня 1961 года ) за подпісам першага начальніка аэрапорта Івана Навіцкага паведамляецца, што толькі за чэрвень ашмянская пасадачная пляцоўка выканала месячнае заданне па перавозцы пасажыраў на 170 працэнтаў. Такая папулярнасць паветранага транспарту тлумачылася найперш хуткасцю выканання паслугі: на рэйсавым аўтобусе дарога займала ажно 8 гадзін, а на самалёце “АН-2” – толькі гадзіну.

Праўда, апошні начальнік аэрапорта Яўген Цімаховіч удакладніў:

— Калі надвор’е было ясным, вецер папутны і падчас палёту не ўзнікала перашкод, то самалёт далятаў з Гродна ў Ашмяны за 50 хвілін.

Яўген Францавіч Цімаховіч

Яўген Францавіч Цімаховіч узначальваў аэрапорт усяго толькі чатыры гады. Гэтую пасаду маладому хлопцу, дэмабілізаванаму са службы на Балтыйскім флоце, прапанавалі нечакана. Ён нават і падумаць як след не паспеў. Спачатку яго запрасілі на субяседаванне ў Астравец (там таксама быў аэрапорт), а затым ужо для афармлення дакументаў аб прыёме на працу ў Гродна. Гродзенскі аэрапорт знаходзіўся на той час у Караліно. Новай пасады Цімаховіч не спалохаўся, бо на караблі быў сувязістам і добра разбіраўся ў радыёперадатчыках, нават ведаў “марзянку”.

Курс на Ашмяны

Абсталяванне аэрапорта, як бы громка не гучала назва аб’екта, было сціплым. У апаратнай знаходзілася рацыя, па якой трымалі сувязь і з камандзірам самалёта, і з гродзенскім начальствам. Метэаабстаноўку даведваліся па звычайным тэлефоне: дадзеныя пра воблачнасць, сілу і напрамак ветру запрошвалі ў Ашмянскай метэастанцыі, а пасля дакладвалі абстаноўку на Гродна, у галоўны аэрапорт. Перад пасадкай пілоты яшчэ раз спраўляліся пра надвор’е і гатоўнасць паласы.

Вид на город с аэропорта ул. Стреленко 1974 г.

— Калі надвор’е было пахмурным ці слаўся моцны туман, пілоты запрошвалі ўключыць пеленгатар. Размяшчаўся ён у прыбудоўцы аэрапорта. Гэты прыбор дапамагаў экіпажу не збіцца з правільнага курсу, — патлумачыў Яўген Францавіч.

Білет на “кукурузнік” – пяць рублёў

Самалёты “АН-2”, празваныя ў народзе “кукурузнікамі”, вясной і летам рабілі два пасажырскія рэйсы: раніцай і ўвечары. Позняй восенню і зімой, калі дзень станавіўся кароткім, “кукурузнік” прылятаў толькі раніцай. Справа ў тым, што на аэрадроме не было асвятлення. Уяўляў ён сабой звычайнае поле з добра ўтрамбаваным грунтам, парослым травой, на якім пасвілі кароў мясцовыя жыхары. Раз у год, звычайна вясной, выходзілі падбіраць каменне: дамаўляліся ў гарсавеце аб падводзе з канём. Тэрыторыя перыядычна абкошвалася.

Межы аэрадрома

— Калі Гродна аб’яўляла па рацыі аб вылеце самалёта, я ішоў ці ехаў на веласіпедзе на аэрадром і глядзеў, каб кароў у гэты час не было на пляцы, — смяецца Яўген Францавіч. – Рассцілаў тканіну ў выглядзе літары “Т”: зімой – чырвоную, летам — белую, прымацоўваў яе на канцах спецыяльнымі штырамі і ўстаўляў пяць сцяжкоў. У гэтым месцы самалёт павінен быў прызямліцца.

Так як”АН-2” меў толькі 12 пасадачных месцаў, то білеты браніраваліся загадзя.

— Звычайна людзі заказвалі білеты па тэлефоне, — адзначае Ганна Аляксееўна Варановіч.- Білет да Гродна каштаваў 5 рублёў, да Мінска – 3 рублі. 50 капеек трэба было яшчэ заплаціць за бронь. У нас можна было заказаць білеты ва ўсе гарады Савецкага Саюза. Прыняты заказ мы затым тэлеграмай адпраўлялі ў Гродна.

У кабіне з пілотамі

Ганна Варановіч і сама часта карысталася авіятранспартам. Лятала на радзіму, у Наўгародскую вобласць: раз у год білет у два канцы быў бясплатным. І ў Гродна прыходзілася не раз дабірацца на самалёце.

— Неяк прыйшлося мне тэрмінова да ўрача звярнуцца, — успамінае Ганна Варановіч. – Туды заляцела, справілася ў бальніцы і ўспомніла, што не замовіла квіток назад. Я ў касу, а там кажуць, што білетаў няма. Пачала прасіцца, тлумачыць, што я калега, працую ў Ашмянскім аэрапорце. Але што рабіць, не ляцець жа стоячы! Прыйшлося ў кабіне лётчыкаў, паміж двума сядзеннямі, дошку класці. Так я і прыляцела дамоў, у кабіне разам з камандзірам самалёта і пілотам.

Бела-блакітны і жоўта-зялёны

Самалёт з Гродна ляцеў у Ашмяны і Астравец. Летам, на сезон адпачынку, маршрут прадаўжалі да Нарачы. Быў яшчэ рэйс Гродна – Ашмяны – Мінск. У Ашмяны заляталі не толькі пасажырскія самалёты, але і санітарная, а таксама хімічная авіяцыя.

– Самалёты пасажырскай авіяцыі былі пафарбаваны ў бела-блакітны колер, хімавіяцыя – у жоўта-зялёны, санітарны борт пазначалі знакам крыжа, – успамінае Ганна Аляксееўна. – Санітарны самалёт прылятаў да нас часта. Перад прылётам да пасадачнай паласы пад’язджала машына хуткай дапамогі. Хворага на насілках пагружалі ў самалёт. Бывала, што і брыгада ўрачоў з вобласці да нас прылятала —  на дапамогу мясцовым дактарам.

На той час хімавіяцыя актыўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. Па дамове з калгасамі раёна “кукурузнікі” распыльвалі над бульбянымі палямі атруту ад каларадскага жука, падсыпалі пасевы салетрай. Прыляталі самалёты не толькі на Ашмянскі аэрадром. Была яшчэ пляцоўка збоку ад дарогі на Крэйванцы, за Валодзькаўшчынай. Тут садзіліся і верталёты, якія прыляталі з Мінска.

— Для Ашмян, асабліва для мясцовых дзяўчат, прыезд лётчыкаў быў падзеяй, — узгадвае Яўген Францавіч. – Да нас прыляталі экіпажы з Літвы. А ў 1987 годзе для апрацоўкі палёў было накіравана некалькі “АН-2” ажно з Валгаградскай вобласці, з Урупінска і Камышына. Для пілотаў мы загадзя браніравалі нумары ў нашай гасцініцы. Самалёты стаялі на аэрадроме. Каб іх не знесла ветрам, яны мацаваліся з дапамогай спецыяльных тросаў.

Калі “кукурузнікі” апрацоўвалі палі, апускаліся нізка. Ганна Варановіч узгадала, што быў нават выпадак, калі самалёт літоўскай хімавіяцыі зачапіўся каля Кракоўкі за электрычныя правады.

— Борт той грымнуўся аб зямлю, аднак пілоты засталіся жывымі, толькі самалёт быў пашкоджаны, — заўважыла наша субяседніца. –Дарэчы, калі здараліся тэхнічныя непаладкі, то на іх ліквідацыю накіроўваліся спецыялісты з Гродна. Гэта тычылася і пасажырскай авіяцыі.

Палёт над горадам

Многія ашмянцы карысталіся паслугамі паветранага транспарту. Жыхар горада Іван Іосіфавіч Раманоўскі ўзгадвае:

— Разам з пасажырамі на самалёце дастаўлялі і забіралі пошту. Спачатку ў салон “кукурузніка” грузілі паштовыя адпраўленні і пасылкі, а затым садзіліся мы. Падчас пералёту борт часам пачынала трэсці, бывала, што ён правальваўся ў паветраную яму. Не ўсе пасажыры маглі перанесці гэтыя вібрацыі. Тым, у каго былі слабыя нервы (смяецца), раздавалі папяровыя пакеты.

— Аэрапорт стаў часткай жыцця ашмянцаў, — з настальгічнай нотай працягвае Іван Раманоўскі. — На вялікія дзяржаўныя святы, якія адзначаліся ў Сухой, з плакатамі прыляталі з аэрадрома два “аны” і за рубель каталі ўсіх жадаючых. Каб адчуць сябе птушкай і ўзмыць над горадам, выстройвалася чарга з дзяцей і дарослых. Я сябраваў з начальнікам аэрапорта Леанідам Баркоўскім і часта з ім сустракаўся. Аднойчы на свята ён прынёс ракетніцу. Народу каля Дома культуры сабралася шмат. Іграў духавы аркестр. Усе чакалі феерверку. Лёня запусціў ракетніцу, а яна замест таго, каб узляцець уверх, паляцела ў дрэва, ударылася ў сук і рыкашэтам пайшла ў натоўп. На шчасце, ніхто тады не пацярпеў, але страху мелі ўсе.

Краязнаўца са Смаргоні Уладзімір Уладзіміравіч Прыхач дапоўніў сабраную інфармацыю пра Ашмянскі аэрапорт яшчэ адным цікавым фактам, які пацвердзіла Ганна Аляксееўна Варановіч. Аказваецца, вучняў школ раёна за поспехі ў вучобе і актыўную грамадскую дзейнасць узнагароджвалі авіябілетам на пералёт з Ашмян у Астравец. Гэта заахвачванне станоўча ўспрымалася школьнікамі. Лятаць на самалёце яны вельмі любілі.

Засталася толькі памяць

Паветраныя рэйсы на “АН-2”, нягледзячы на тое, што карысталіся папулярнасцю сярод насельніцтва, былі стратнымі. Паліва расходавалася шмат, а пасажыраў на борт можна было ўзяць толькі 12. Таму восенню 1988 года было прынята рашэнне аб закрыцці аэрапорта ў Ашмянах. Начальнік Яўген Цімаховіч быў пераведзены на працу ў Смаргонскі аэрапорт, аднак і яго праз пэўны час напаткаў такі ж незайздросны лёс.

Перасталі ў невялічкім будынку на вуліцы Страленка (гэты дом Яўген Францавіч пасля выкупіў пад жыллё) гучаць пазыўныя: “Брэнта-2”, “Траціл”, “Ікорка-2”, “Падвозчык-3”. Былі выразаны вялікія таполі, што раслі ля аэрадрома, а пляц цалкам забудаваўся. Але і сёння мясцовыя жыхары называюць між сабой гэты раён горада аэрадромам.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

0
Стоит почитать:

“Брэнта-2”, прыём! “Ікорка” на сувязі! Цікавыя факты з гісторыі ашмянскага аэрадрома: 5 комментариев

  • 22.08.2019 в 09:33
    Permalink

    Здравствуйте! Я, конечно, извиняюсь, но вы ошиблись((((( Последнего начальника аэропорта зовут Тимахович ЗЕНОН Францевич, а не Геннадий (((((

    0
  • 22.08.2019 в 11:27
    Permalink

    Нет, мы не ошиблись. Сам Геннадий Францевич об этом нас попросил, так как все его знают именно под этим именем. А то, что он Зенон, знает только паспорт, ну и вы, конечно.

    0
  • 22.08.2019 в 12:29
    Permalink

    Вот именно, что все его знают под именем Женя (Евгений), но никак не Геннадий. И в этом я уверена на все 100 процентов, так как я его невестка.

    0
  • 22.08.2019 в 13:00
    Permalink

    Спасибо, признаем свою вину. Все исправили

    0
  • 22.08.2019 в 13:02
    Permalink

    Я вас ни в чем не обвиняю. Я просто поправила. Спасибо большое)))

    0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля