У Гальшанах прайшоў конкурс інструментальнай музыкі “Музыкі ля замка Сапегаў”

Культура

Скончыўся ў Гальшанах чарговы фестываль. Камусьці запомніўся ён вытанчаным смакам гальшанскага перніка, вандроўкамі па старых гальшанскіх вуліцах, знаёмствам з легендамі і паданнямі таямнічага краю, святочным юбілейным салютам, а хтосьці быў узрушаны непаўторнай музыкай, якая лілася ў той дзень, здавалася, нават з вадасцёкавых труб.

Калі ля сцен замка Сапегаў на працягу ўсяго дня ладзілі канцэрты музыкі, вядомыя далёка за межамі Беларусі, то ў мясцовым Доме культуры сваё майстэрства дэманстравалі юныя інструменталісты, для якіх свет мастацтва яшчэ толькі пачынаецца. У гэты дзень па ініцыятыве Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў праходзіў другі фестываль-конкурс інструментальнай музыкі “Музыкі ля замка Сапегаў”, які сабраў каля 70 удзельнікаў – вучняў дзіцячых школ мастацтваў і ўстаноў дадатковай адукацыі, моладзь. Так як конкурс быў адкрытым, то на яго завіталі нават удзельнікі з Украіны. Фестываль сабраў юных музыкаў са ўсёй Беларусі. У зале панавала атмасфера сяброўства і душэўнасці. І гледачы ў зале, і журы гатовы былі ўсім удзельнікам прысудзіць першыя месцы і званні лаўрэатаў, аднак конкурс ёсць конкурс — перамаглі мацнейшыя: хто больш часу аддаваў заняткам музыкай, хто змог справіцца з хваляваннем і хто ўпарта ідзе да пастаўленай мэты.

— Выступаць на сваёй сцэне лёгка, і ў той жа час вельмі адказна, — адзначаюць выхаванцы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, якія парадавалі конкурснай праграмай не толькі журы, але і сваіх настаўнікаў і бацькоў.

Ангеліна Ляўкоўская ўзнагароджана дыпломам лаўрэата II ступені. Такой жа ўзнагароды ўдастоена вучаніца класаў музыкі ў Барунах Паліна Высоцкая. Чарговую ўзнагароду – дыплом лаўрэата II ступені атрымаў Данііл Ласёнак. Ансамбль Cantabile ў складзе Валянціны Ягела і Веранікі Лаўрыновіч узнагароджаны дыпломам лаўрэата III ступені.

Добрыя вынікі паказалі вучні Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэатамі II ступені сталі Кацярына Трон і Мікіта Філіпаў. Яна Навіцкая і Станіслаў Манчак ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў III ступені.

На памяць аб гасціннай гальшанскай зямлі, авеянай сівой даўніной, лаўрэаты конкурсу атрымалі прыгожыя кубкі. Падарункамі і дыпломамі ўганараваны ўсе ўдзельнікі конкурснай праграмы. Юныя музыкі разам са сваімі бацькамі мелі магчымасць наведацца на фестываль “Гальшанскі замак”, паслухаць музыкаў-прафесіяналаў і акунуцца ў незвычайную і чароўную атмасферу свята.

Аліна САНЮК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *