Юбілейны фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”

Культура


У суботу на гальшанскай зямлі, як і некалькі стагоддзяў таму, зноў загучала сярэднявечная музыка, зноў ля сцен замка Сапегаў сабраліся рыцары ў даспехах, лучнікі і артысты вандроўнага тэатра… Гальшанцаў і гасцей аграгарадка сабраў юбілейны фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”.

Як заўсёды прысутных чакала насычаная і цікавая праграма, якая нікога не пакінула раўнадушным. Авеяны легендамі і паданнямі замак, дзе здаецца і зараз блукаюць цені Чорнага Манаха і Белай Дамы, сабраў аматараў сярэднявечнай культуры, прыхільнікаў рыцарскіх турніраў, народных рамёстваў і аўтэнтычнай музыкі.

Перад пачаткам тэатралізаванага шэсця па цэнтральнай вуліцы Гальшан, госці і ўдзельнікі свята ўсклалі кветкі да памятнага знака, устаноўленага ў гонар роданачальніцы дынастыіі Ягелогаў – Соф’і Гальшанскай.

Мужныя ваяры ў бліскучых даспехах і паненкі на конях, прыдворныя шуты на хадулях, падцягнутыя лучнікі і артысты вандроўнага тэатра — традыцыйна свята пачалося з касцюміраванага шэсця ўдзельнікаў фестывалю і прадоўжылася выступленнем доўгачаканых гасцей — гурта «Стары Ольса».

У віры падзей, яскравых відовішчаў  і запамінальных сустрэч гасцей свята закружылі ўдзельнікі танцавальных калектываў Soleil і “1410”.  Дзякуючы майстар-класам, усмешкам і таленту гэтых калектываў можна было спаўна адчуць дух сярэднявечнай эпохі. Цікавы майстар-клас па хадзьбе на хадулях правялі ўдзельнікі вулічнага тэатра “Вір”.

Як заўсёды, вялікую ўвагу прыцягнулі выступленні рыцараў. У сапраўдную атмасферу сярэднявечча перанеслі гасцей клубы гістарычнай рэканструкцыі, якія прыехалі з розных куточкаў Беларусі. Вялікі рыцарскі стан раскінуўся перад замкам, на беразе ручая Карабель. Конна — гістарычны клуб “Залатая шпора” прадставіў тэатралізаваннае шоу «Крылатая слава Гальшанскіх зямель». Мужныя воіны ваенна-гістарычнага клуба “Секерж”  дэманстравалі гасцям майстэрства валодання зброяй.

Пакуль ваяры адпачывалі, госці свята маглі завітаць у  сапраўдны палявы лагер і пазнаёміцца з культурай і бытам сярэднявечча. На замчышчы была арганізавана сетка інтэрактыўных пляцовак “Гетманскі стан”. На асобнай пляцоўцы спаборнічалі лучнікі, якія выкарысталі ў сваім выступленні 3D мішэні.

Незвычайным было і выступленне клуба “Шатландская пяхота”. Удзельнікі якога займаюцца рэканструкцыяй шатландскіх наёмнікаў 16 стагоддзя, якія служылі на еўрапейскім кантыненце. Гледачы шчодра адорвалі ўдзельнікаў апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі.

Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Госці маглі паласавацца стравамі мясцовых гаспадароў, паўдзельнічаць у розных паядынках і турнірах, пакатацца на кані, вычаканіць сапраўдную “шчаслівую” манету… Сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі і рамеснікі: кавалі, ганчары, разьбяры — народныя майстры і ўмельцы, вырабы якіх можна было ўбачыць і набыць на кірмашы. Драўляны посуд, плеценыя з лазы кошыкі, карціны мясцовых мастакоў, кнігі, сувеніры з выявамі вядомых гістарычных мясцін, мяккія цацкі, посуд з гліны, жаночыя ўпрыгожванні, рэчы з саломы і скураныя рэчы кожны мог набыць на памяць аб фестывалі.

На працягу дня ўдзельнікі свята, госці і турысты, мелі магчымасць пачаставацца ашмянскімі прысмакамі: каўбаскай і шашлыкамі, блінамі, пірагамі, пакаштаваць прадуцыю мясцовых прадпрыемстваў, а таксама прадэгуставаць смажанае парася і традыцыйны гальшанскі пернік. Іпадром заклікаў пакатацца на конях, працавалі дзіцячыя атракцыёны, а той, хто жадаў пазнаёміцца з Гальшанамі – мог адправіцца на экскурсію па аграгарадку, пабываць у народным гісторыка-краязнаўчым школьным музеі імя Э. Корзуна і музеі Дугі Струвэ ў мясцовай бібліятэцы.

Шматлюдна было і каля палаткі культурна-асветніцкага праекта VKL3D. З дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці кожны жадаючы мог адправіцца ў незвычайнае падарожжа да Гальшанскага замка XVII стагоддзя, а таксама ўбачыць выставу стэрэа-карцін “Наша гісторыя ў стэрэавыявах”.

Вечарам музычныя гурты Nevrida  і “Літы талер” падарылі ўсім прысутным свае лепшыя песні  і добры настрой. Сярэднявечны канцэрт прадоўжыла выступленне гурту PAWA, які спалучае ў сваёй творчасці традыцыйную фальклорную і сучасную электронную музыку.

Калі руіны замка Сапегаў ахінуў вечаровы змрок, яго сцены і абноўленую Паўночную вежу асвяцілі агні 3D mapping show.  Прысутныя ў захапленні назіралі, як на Паўночнай вежы замка ажыла гісторыя таямнічнага і чароўнага мястэчка Гальшаны.

Напрыканцы фестывальнага дня паводле VKL3D на вялікім экране адбылася дэманстрацыя 360°- панарам Гальшанскага замка, рэканструяванага на пачатку XVII стагоддзя і мастацкіх замалёвак з жыцця шляхты ў замку на пачатку XVII стагоддзя -«Куншты малеваныя. Адзін дзень з жыцця Сапегаў».

Юбілейны фестываль “Гальшанскі замак” завяршыўся фаер-шоў Ignis Vestae вулічнага тэатра «Вір», які трымаў у захапленні ўсіх гасцей фестывалю да канца выступлення. Пасля неба расквецілі яркія агні феерверку.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *