Дэлегацыя з Польшчы наведала Кальчунскую школу

Культура Трансграничное сотрудничество

Узаемная зацікаўленасць краін-суседак Беларусі і Польшчы агульнай гісторыяй, сучасным жыццём і планамі моладзі на будучае  – вось галоўная мэта цеснага супрацоўніцтва паміж Кальчунскай сярэдняй школай і школамі №1 і №2 горада Мураваная Гасліна з Польшчы.

У біяграфіі нашых школ ужо шэсць гадоў творчага супрацоўніцтва ў галіне краязнаўства і музейнай справы. Дэлегацыя польскіх вучняў была запрошана калектывам школы з мэтай рэалізацыі плана супрацоўніцтва паміж нашымі навучальнымі ўстановамі і падпісання дамоўленасці аб далейшым супрацоўніцтве.

Кожны дзень вучні і настаўнікі нашай школы рыхтавалі мерапрыемствы для сваіх гасцей. У першы дзень госцям была прапанавана экскурсія па Ашмянах і раёне, падчас якой былі наведаны Ашмянскі краязнаўчы музей, сінагога, руіны Францішканскага касцёла, капліца ў Палянах, Гальшанскі замак Сапегаў.

Дэлегацыя з Польшчы наведала асноўныя гістарычныя аб’екты турысцка-краязнаўчага маршрута “Дарогамі Енджэя Снядэцкага”. Падчас гэтай экскурсіі госці пазнаёміліся з гісторыяй аграгарадка Кальчуны, наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей “Вучоны нашай зямлі”. Найважнейшым пунктам падарожжа з’яўляецца Гародніцкая капліца і магіла Енджэя Снядэцкага. Госці наведалі крыпту капліцы – сямейную ўсыпальніцу Снядэцкіх, запалілі свечкі каля помніка на магіле вучонага.  Затым накіраваліся ў Болтуп, дзе знаходзяцца руіны палаца. Гэтыя мясціны звязаны не толькі з родам Снядэцкіх, але і з вядомымі паэтамі Адамам Міцкевічам, Юліушам Славацкім.

Другую палову дня нашы польскія сябры правялі ў Кальчунскай школе. Зазірнулі ў класы, дзе іх чакаў творчы занятак падрыхтаваны настаўнікамі-мастакамі  Наталляй і Вольгай Навіцкай.

Пасля творчага занятку ў спартыўнай зале школы адбыліся таварысцкія спаборніцтвы. Спартыўныя конкурсы былі падрыхтаваны вучнямі Кальчунскай школы пад кіраўніцтвам Генадзя Тармасевіча. Дыплом пераможцы дастаўся гаспадарам школы, але ніхто не выйшаў з мерапрыемства без прыза.

На другі дзень адбылася сумесная экскурсія у Навагрудак. Вечарам гасцям была прапанавана прэзентацыя дзейнасці нашай школы, невялікі канцэрт і тэматычная дыскатэка.

Падчас сустрэчы Кальчунскія вучні правялі акцыю “Прызнайся ў любові Беларусі”. Кожны польскі вучань і настаўнік павінны былі прадоўжыць сказ “Я люблю Беларусь, таму што…” У адказ пачулі:

— Я люблю Беларусь, таму што тут шмат гасцінных, прыемных, ветлівых людзей.

— Я люблю Беларусь, таму што тут захоўваецца гісторыя свайго краю.

— Я люблю Беларусь, таму што тут вельмі смачны хлеб.

— Я люблю Беларусь, таму што тут шмат прыгожых хлопцаў і дзяўчат…

На памяць аб сустрэчы госці дэлегацыі польскіх школ атрымалі медалі, кальчунскі мёд і кальчунскую гарбату. Кожны госць з задавальненнем атрымаў сувенір з надпісам свайго імя на беларускай мове.

У трэці дзень польская дэлегацыя наведала Мінск, руіны Крэўскага замка. А вучні нашай школы чакалі сваіх сяброў на спецыяльна падрыхтаванай пляцоўцы ў школьным парку, каб пагуляць у гульні, паспяваць песні, з’есці смачную каўбаску з беларускім хлебам…

Таццяна ДАВІДОВІЧ, намеснік дырэктара Кальчунскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *