У краязнаўчым музеі прайшла сустрэча з унукам мастака Вінцэнта Мешкуця

Культура

Імя Вінцэнта Мешкуця на краязнаўчы небасхіл Ашмяншчыны трапіла мінулай восенню. Яно прычынілася да нашай зямлі дзякуючы выставе “Ашмянскія краявіды” ў музеі імя Францішка Багушэвіча, на якой былі прадстаўлены пейзажы тады яшчэ невядомага нам аўтара, аднак такія блізкія і знаёмыя бадай што кожнаму ашмянцу. Ашмянскія краявіды разам з пабудовамі, якія вылучыла вока мастака, дазволілі вярнуцца ў мінулае і пабачыць Ашмяншчыну такой, якой яна была каля 90 год таму.

Паўнаводная звілістая Ашмянка, Францысканскі касцёл, Гальшанскі замак, Дом Чэслава Янкоўскага, помнік на магіле Енджэя Снядэцкага… На жаль, многія славутасці ўжо не паўстануць у тым выглядзе, якімі іх бачыў Вінцэнт Мешкуць, аднак карціны мастака даюць магчымасць павярнуць час назад.

У ашмянскі краязнаўчы музей 34 копіі палотнаў Вінцэнта Мешкуця трапілі дзякуючы намаганням рэдактара сайта Oszmianszczyzna Міхала Буткевіча, які жыве ў польскім горадзе Быдгошч, аднак прызнаецца, што і Ашмяны даўно сталі мілымі сэрцу.

Падчас даследаванняў пра гімназію імя Енджэя Снядэцкага, якая размяшчалася ў будынку школы-інтэрната, Міхал даведаўся, што там выкладаў Вінцэнт Мешкуць, які быў не проста настаўнікам малявання, але і жывапісцам. Тут трэба адзначыць, што ў даваенны час гімназія ў Ашмянах была асяродкам мясцовай культуры. З яе сцен выпускалася тагачасная эліта. Само сабой зразумела, што і настаўнікі ў гэтым асяродку асветы былі надзвычай адукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі.

Знаёмства Міхала Буткевіча з нашчадкамі жывапісца і з яго творчасцю стала падставай для адкрыцця выставы ў Ашмянах. На жаль, унук мастака Конрад Куча-Кучынскі тады не змог прыехаць, аднак паабяцаў наведацца ў Ашмяны вясной гэтага года.

Пан Конрад слова сваё стрымаў. У мінулыя выхадныя ў краязнаўчым музеі прайшла з ім сустрэча, у якой прынялі ўдзел супрацоўнікі музея, мясцовыя краязнаўцы, настаўнікі школ раёна. Разам з Конрадам Куча-Кучынскім наведаў Ашмяны яго сын Ян, а таксама Міхал Буткевіч.

У сям’і архітэктара, прафесара Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта Конрад Куча-Кучынскага беражліва захоўваецца памяць пра свайго продка. У сямейным архіве – каля 120 карцінах дзеда, перавезеных у 1945 годзе ў Польшчу, здымкі, на якіх адлюстраваны вулачкі Ашмян, мясцовыя жыхары, вучні і настаўніцкі калектыў гімназіі імя Снядэцкага.

Нарадзіўся будучы мастак ў 1880 годзе ў Івянцы. Цяга да жывапісу прывяла яго ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбурзе. Адметна тое, што і яго будучая жонка Марыя, з роду Мінейкаў, што жылі ў Балванішках, таксама цягнулася да мастацтва. Яна скончыла прыватныя курсы жывапісу. Вучылася жанчына ў Кракаве. Ганароваму герою Грэцыі Зыгмунту Мінейку яна прыходзілася пляменніцай. Мінейка быў актыўным удзельнікам паўстанцкага руху. Па гэтай прычыне радня была саслана ў горад Данілаў Яраслаўскай губерніі, а ў 1921 годзе пераехала ў Ашмяны. Жыў Вінцэнт Мешкуць у доме па вуліцы Барунскай, 7. На жаль, захаваўся гэты будынак з калонамі толькі на здымку.

Нягледзячы на тое, што Вінцэнт займаўся выкладчыцкай працай, ён знаходзіў час і на любімую творчую справу. Калі жыў у Расіі, пераважна пісаў партрэты, а на ашмянскай зямлі, зачараваны ўнікальнай прыгажосцю мясцовай прыроды, аддаў перавагу пейзажам. На яго палотнах выразна паўстаюць Ашмяны, Гальшаны, таксама Крэва, азёры Нарач і Свіцязь, Навагрудак.

Міхал Буткевіч зараз рыхтуе да выдання альбом, у якім будуць змешчаны работы жывапісца, а таксама біяграфічныя даведкі і здымкі.

Копіі здымкаў з сямейнага архіва пан Конрад паабяцаў пакінуць нашаму музею. Яны будуць захоўвацца ў фондах разам з копіямі работ дзядулі Вінцэнта. Выявы ашмянскіх краявідаў госць з Польшчы падарыў народнаму краязнаўчаму музею імя Енджэя Снядэцкага Кальчунскай школы і Тамары Уладзіміраўне Філіповіч, якая падчас адкрыцця выставы была вельмі ўзрушана творчасцю Мешкуця. Здымак настаўніка са сваімі вучнямі ў майстэрні тагачаснай гімназіі зойме пачэснае месца ў музеі школы-інтэрната.

Часцінкай гасціннай ашмянскай зямлі ў выглядзе сувенірнай прадукцыі, якую падарыла госцю дырэктар музея Настасся Навіцкая, Конрад Куча-Кучынскі абавязкова падзеліцца са сваімі роднымі.

Падчас візіту ў Ашмяны пан Конрад з сынам пабываў на месцы, дзе стаяў дом дзеда, пакланіўся праху продка на старых каталіцкіх могілках, наведаўся ў школу-інтэрнат, у сценах якой Мешкуць працаваў, прайшоўся па цэнтральнай вуліцы горада, якой штодня хадзіў настаўнік на працу і на якой 27 чэрвеня 1941 года ён быў застрэлены нямецкімі акупантамі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *