Выстава Вінцэнта Мешкуця «Ашмянскія краявіды»

Культура

Добрая нагода сабрала на мінулым тыдні аматараў жывапісу, краязнаўцаў, людзей, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю. Музей імя Ф. Багушэвіча ў Ашмянах запрасіў гараджан і гасцей райцэнтра на адкрыццё мастацкай выставы Вінцэнта Мешкуця «Ашмянскія краявіды».

Хто ён і чаму маляваў наш горад і яго ваколіцы, расказалі падчас імпрэзы вядучыя Настасся Навіцкая і Алена Галамбоўская. Прозвішча Вінцэнта Мешкуця для большасці ашмянцаў-сучаснікаў было мала вядомым, аднак лёс гэтага неардынарнага чалавека цесна звязаны з нашым горадам.

Вінцэнт Мешкуць нарадзіўся ў 1880 годзе ў Івянцы, скончыў курсы жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе. У 1921 годзе разам з жонкай пераехаў у Ашмяны, настаўнічаў у гімназіі імя Е. Снядэцкага, а ў вольны час аддаваўся творчасці. Мастаку належыць каля 150 карцін. Праўда, захавалася толькі 120. Зараз у краязнаўчым музеі прадстаўлены 34 копіі палотнаў мастака. Дзякуючы Вінцэнту Мешкуцю і яго нашчадкам, а таксама апантаным гісторыяй людзям у ашмянцаў з’явілася ўнікальная магчымасць вярнуцца на 80-90 гадоў у мінулае і ўбачыць, як выглядалі сядзібы, храмы, знакавыя месцы.

На карцінах Мешкуця — Францысканскі касцёл, Гальшанскі замак, помнік на магіле Снядэцкага, мост над Лэйлубкай, дом Чэслава Янкоўскага, Напалеонаўскі тракт і многае іншае. Калі меркаваць па трох з невялікім дзясятках палотнаў мастака, то можна заўважыць, што пераважаюць на іх жыццесцвярджальныя, уласцівыя роднай прыродзе колеры. Вока наведвальніка выставы адпачывае на зялёных пейзажах, блакітных рачулках і аблоках, пясчаных выспах, беласнежных зімовых эцюдах…

Гэту прыгажосць адшукаў і дапамог убачыць ашмянцам краязнаўца, рэдактар сайта «Oszmianszczyzna» Міхал Буткевіч, які падзяліўся з наведвальнікамі музея гісторыяй узнікнення згаданай выставы:

— Гімназія імя Е. Снядэцкага, якая размяшчалася ў будынку сённяшняй школы-інтэрната, у даваенны час была асяродкам мясцовай культуры. З яе сцен выпускалася тагачасная эліта. Выкладчыкі гімназіі не без падставы лічыліся самымі разумнымі і важнымі людзьмі, бо адкрывалі перад свамі навучэнцамі новыя гарызонты. Сярод такіх настаўнікаў быў і Вінцэнт Мешкуць. Вучыцца тут пашчасціла майму бацьку і яго брату. Дзесьці напрыканцы мінулага стагоддзя былыя выпускнікі Ашмянскай гімназіі сустракаліся ў Польшчы, а пасля выпусцілі кніжку.

Менавіта з яе Міхал Буткевіч даведаўся, што Вінцэнт Мешкуць быў не толькі выкладчыкам, але і мастаком. Да вайны былі надрукаваны дзве яго карціны. Астатнія, на шчасце, захавалі дачка Мешкуця — Ірына Куча-Кучынская і яе сын. Дарэчы, дзякуючы Конраду Куча-Кучынскаму, які з’яўляецца прафесарам архітэктуры ў Варшаве, і ажыццявілася ідэя паказаць карціны ашмянцам. Узрадаваны нашчадак мастака ўсяляк садзейнічаў, каб знаёмства з творчасцю яго дзядулі адбылося тут, на зямлі, якая стала яго апошнім прытулкам.

27 чэрвеня 1941 года па дарозе ў гімназію Вінцэнт Мешкуць быў расстраляны немцамі, войскі якіх напярэдадні ўвайшлі ў горад. Ашмянскага Напалеона Орды не стала, аднак памяць пра мастака жыве дзякуючы яго карцінам.

— Прыгажосць родных мясцін па-за палітыкай і тэрытарыяльнымі межамі, — адзначыў у сваім лісце-звароце да наведвальнікаў выставы Конрад Куча-Кучынскі.

На жаль, унук мастака, які выехаў з Ашмян з маці і бабуляй у далёкім 1945 годзе, не змог прысутнічаць на адкрыцці выставы, аднак у сваім лісце ён спадзяецца наведаць малую радзіму наступнай вясной.

Сімвалічна, што карціны Вінцэнта Мешкуця пабачылі свет напярэдадні юбілею гімназіі імя Е.Снядэцкага — 1 кастрычніка споўнілася 100 гадоў са дня яе адкрыцця. Выстава мастака стала своеасаблівым падарункам і яшчэ да адной даты — дня нараджэння музея, які быў заснаваны згодна з пастановай БССР 27 верасня 1952 года.

Падчас імпрэзы, прысвечанай творчасці Мешкуця, супрацоўнікі музея пазнаёмілі прысутных з цікавымі фактамі з гісторыі Ашмян, Гальшан, Болтупа, Палян — мясцін, якія знайшлі адлюстраванне на палотнах мастака. «Сцяжынкамі памяці» — так назвалі вядучыя невялічкі эцюд у мінулае.

Здзейсніць падарожжа на хвалях часу, зазірнуць у цікавыя куточкі роднага краю, параўнаць іх тагачасныя з сённяшнімі можна да 23 лістапада, пасля чаго выстава будзе згорнута, а копіі работ мастака папоўняць фонды музея.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



1 комментарий по теме “Выстава Вінцэнта Мешкуця «Ашмянскія краявіды»

  1. Сколько еще таких талантливых неизвестных земляков, и в прошлом и в настоящем!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *