Як ашмянскія дзяўчынкі ў футбол гулялі. Фестываль «Школьная футбольная ліга»

Спорт

У мінулую суботу на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу прайшоў фестываль «Школьная футбольная ліга», арганізатарамі якога выступілі Федэрацыя футболу Гродзенскай вобласці, упраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкама, сектар спорту і турызму, футбольная акадэмія Fair Play.

Адметнасць гэтага мерапрыемства заключалася ў тым, што ўдзел у ім прынялі дзяўчынкі 2007-2008 гадоў нараджэння, якія захапляюцца футболам. Юныя футбалісткі з СШ №1, СШ №3 і Барунскага ВПК сыгралі між сабой не дзеля таго, каб вызначыць пераможцу, а каб атрымаць задавальненне і ў чарговы раз паказаць, што і дзяўчынкі могуць і ўмеюць гуляць у футбол. Як адзначыў адзін з арганізатараў фестывалю – кіраўнік футбольнай акадэміі Fair Play Аляксандр Кушнер, мэта мерапрыемства — прыцягненне ўвагі да дзявочага футбола:

— Такі фармат абраны менавіта для таго, каб акцэнтаваць увагу не на выніках гульняў, а стварыць пазітыўную атмасферу і даць магчымасць дзяўчатам праявіць футбольныя здольнасці, даць магчымасць пасябраваць з футболам.

Па выніках турніру кожная з дзяўчат атрымала памятную грамату, трэнеры каманд — падарунак у выглядзе футболкі, а школы, якія дэлегіравалі свае каманды, — па тры футбольныя мячы.

Фестываль прадоўжыцца 11 і 18 траўня. Прыняць удзел у ім могуць дзявочыя каманды з усіх устаноў адукацыі раёна. Па выніках фестывалю будзе праведзены набор дзяўчат у каманду 2007-2008 гадоў нараджэння, якая пачне падрыхтоўку на базе Ашмянскай ДЮСШ.

Запісацца ў каманду магчыма таксама па тэлефоне +375 29 6665484, падрабязная інфармацыя на www.fair-play.by/football-giorls

Усіх дзяўчат, якія запішуцца ў каманду, чакаюць падарункі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *