Педагогі Ашмяншчыны падвялі вынікі работы за мінулы год

Общество

На мінулым тыдні ўпраўленне і ўстановы адукацыі раёна падвялі вынікі работы за мінулы год і вызначыліся з задачамі на чарговы каляндарны перыяд. У рабоце выніковага савета ўпраўлення адукацыі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч.

Раённы вучэбна-метадычны кабінет сумесна с установамі адукацыі зладзіў выставы метадычных напрацовак, вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў і настаўнікаў, даследаванняў школьнікаў раёна ў межах рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

— Асноўныя намаганні ўпраўлення і ўстаноў адукацыі раёна былі накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, максімальную занятасць няпоўнагадовых, аптымізацыю расходаў у галіне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыю мерапрыемстваў Года малой радзімы, — адзначыла ў сваім выступленні начальнік упраўлення Святлана Баркоўская. – Сёлета ўпраўленне адукацыі раёна атрымала дыплом другой ступені ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў.

Аналізуючы работу сістэмы адукацыі, Святлана Мікалаеўна адзначыла, што назіраецца значная дынаміка ў выкананні важнейшых задач  як дашкольнай, так и агульнай сярэдняй адукацыі:

— Сёння ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй складае 100 працэнтаў, адсутнічаюць выпадкі дзіцячага траўматызму пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Добрыя вынікі паказваюць педагагічныя работнікі і выхавальнікі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў мінулым годзе рэалізаваны два новаўвядзенні: адменены ўступныя іспыты ў гімназіі і арганізавана прафесійная падрыхтоўка для вучняў 10-х класаў. У нашым раёне са 178 дзесяцікласнікаў звыш 40 працэнтаў асвойваюць спецыяльнасці “прадавец”, “слесар” і “швачка”. 101 дзесяцікласнік вывучае прадметы на павышаным узроўні. Працягваюць работу профільныя педагагічныя групы ў СШ № 2 СШ № 3. Адкрыты профільны клас аграрнай накіраванасці на базе Гальшанскай СШ.

У раёне забяспечаны 100-працэнтны ахоп дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе і спецыяльнай адукацыі, сфарміравана сістэма ранняй комплекснай дапамогі, аптымізавана сетка класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна па выніках працы быў прызнаны лепшым у вобласці сярод устаноў спецыяльнай адукацыі ў конкурсе «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi».

На савеце былі падведзены вынікі раённага штогадовага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі раёна. Жаданыя блакітныя шыльды па выніках года атрымалі сярэдняя школа №3 (дырэктар Уладзімір Войнюш), Жупранская СШ (дырэктар Кацярына Астрамовіч), Дакурнішскі вучэбна-педагагічны комплекс (Людміла Кардзіс), яслі-сад №7 (загадчык Алена Гудас) і яслі-сад агр. Кракоўка (загадчык Святлана Яблонская).

— Бягучы год у чарговы раз праходзіць пад знакам Года малой радзімы, -падкрэсліла Святлана Баркоўская. — Ён павінен стаць знакавым для нас па добраўпарадкаванні тэрыторыі і арганізацыі работы па навядзенні парадку на зямлі. Мы павінны займацца развіццём вучэбных кабінетаў, рэкрыацый для таго, каб кожны клас, кожная ўстанова мелі свой твар.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *