Упраўленне адукацыі Ашмянскага раёна атрымала дыплом другой ступені ў абласным конкурсе сярод структурных падраздзяленняў Гродзеншчыны

События

Упраўленне адукацыі Ашмянскага раёна атрымала дыплом другой ступені па выніках конкурсу на лепшую арганізацыю работы структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў. Падзякі за рэзультатыўнае ўзаемадзеянне па забеспячэнні эфектыўнага функцыянавання сістэмы адукацыі раёна выказаны намесніку старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч і старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалаю Кунцэвічу.

Як паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Святлана Мікалаеўна Баркоўская, і ўпраўленне, і ўстановы адукацыі раёна прыклалі шмат намаганняў, каб выйсці на такі рэзультат:

— У дашкольнай адукацыі мы рэзультатыўна спрацавалі па інавацыйнай дзейнасці, забеспячэнні сродкамі навучання, гульнявым і фізкультурным абсталяваннем у адпаведнасці з усталяванымі нарматывамі. Праца педагогаў і выхаванцаў сістэмы дашкольнай адукацыі шырока была прадстаўлена на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Гальшанскі яслі-сад стаў лепшым у вобласці па стварэнні развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ў сельскай дашкольнай установе. Калектыў ясляў-сада №7 заняў першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Упрыгожыць Беларусь кветкамі», дыпломамі 1 і 2 ступені ўзнагароджаны калектыў ясляў-сада № 3 на міжнародным конкурсе метадычных распрацовак «Мастацтва выхавання» ў Маскве (настаўнік-дэфектолаг Ірына Леанідаўна Баяровіч– дыплом 1 ступені; кіраўнік фізічнага выхавання Вольга Рамольдаўна Дзятловіч – дыплом 2 ступені).

Мінулы год прынёс станоўчыя вынікі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Парадавалі нашы выпускнікі рэзультатамі на цэнтралізаваным тэсціраванні: чатыры стобальныя вынікі, 5 рэзультатаў звыш 90 балаў, па пяці прадметах сярэдні бал па ЦТ вышэй за абласны (руская мова, фізіка, хімія, нямецкая мова, сусветная гісторыя).

Першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі заваяваў Максім Барысевіч, вучань 11 класа СШ №2. Дыпломам III ступені ўзнагароджана каманда Мураванаашмянкоўскага яслей-сада-сярэдняя школа на II заключным этапе Гродзенскага турніра юных матэматыкаў. Добры вынікаў дасягнулі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах “Хрустальная Альфа” вучні гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 2.

Больш за 100 перамог абласнога і рэспубліканскага узроўню атрымана вучнямі раёна ў творчых конкурсах. Асаблівы гонар ў гэтым годзе за Арцёма Скараля, вучня сярэдняй школы №1, які на дзіцячым конкурсе “Славянскі базар у Віцебску” заняў другое месца.

У раёне забяспечаны 100-працэнтны ахоп дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе і спецыяльнай адукацыі, сфарміравана сістэма ранняй комплекснай дапамогі, аптымізавана сетка класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна па выніках працы быў прызнаны лепшым у вобласці сярод устаноў спецыяльнай адукацыі ў конкурсе «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi».

Важным крокам у прапагандзе здаровага ладу жыцця і папулярызацыі заняткаў фізкультурай і спортам з’яўляецца высокая забяспечанасць спартыўным інвентаром: па раёне яна складае 92 працэнты. Ва ўсіх установах адукацыі створаны клубы па відах спорту, старонкі клубаў СШ №1 актыўна прапагандуюць сябе ў Інтэрнэце.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *