“ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”. Трубéль

Культура

У Год малой радзімы распачынаем новую рубрыку, названую “ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”.

Яе вядоўца наш зямляк Уладзімір Куліковіч – загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта плануе распавядаць пра разнастайныя назвы, якія існавалі, працягваюць існаваць, магчыма, стануць больш актыўна выкарыстоўвацца ў беларускай нацыянальнай мове.

Запрашаем далучыцца да лінгвістычных пошукаў і экперыментаў.

Трубéль

Музыканта, або сігнальшчыка, што грае на трубе, называюць трубач: Мы таўкліся пад нагамі трубачоў, спрабавалі заглянуць у нутро самай вялікай трубы (І. Сяркоў). Аднак у народнай мове ёсць яшчэ адно, экспрэсіўнае найменне – трубель. Пачуць яго можна на Гродзеншчыне і Валожыншчыне: Унук мой – заядлы трубель, трубіць і трубіць увесь дзень. Адпаведнік жаночага роду слоўнікі не падаюць. Думаецца, «трубёлка» або «трубéлка» мог бы выкарыстоўвацца. Зразумела, пакуль што толькі ў размоўным стылі.

Паводле спосабу ўтварэння адносіцца назоўнік да рэдкай мадэлі з суфіксам -ель-, які ўказвае на чалавека, ‘схільнага да пэўнага  дзеяння’: труб(а)+ель = трубель. Вучоныя мяркуюць, што суфікс мог з’явіцца ў маўленні ашмянцаў пад уплывам літоўскага суфікса -elis-.

У выніку далучэння такога суфікса ўзнікла фармальнае супадзенне нашага слова з верхнялужыцкім trubjel. Толькі там яно абазначае ‘поўнае сцябло’ і ‘трубу для адводу дыму з печы; комін’. Са значэннем ‘комін’ знаёма яно і асобным рэгіёнам Расіі. Вядомы аўтар слоўніка рускай мовы Уладзімір Даль пісаў: Я стал прислушиваться, где завывает так жестоко ветер, в трубели, или в сенях, и услышал совсем иное: бой маятника.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *