Трактарыст-філолаг пра мову, мора і мары

Общество

Да Дня беларускай навукі, які традыцыйна адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня, заставалася ўсё менш часу, а сустрэча з навукоўцам, нашым земляком Уладзімірам Іванавічам Куліковічам усё пераносілася. Не так проста выкладчыку, загадчыку кафедры сярод вучэбнага года вырвацца з кола паўсядзённых клопатаў. І ўсё ж атрымалася…

Нядзельным ранкам мы сядзім на звычайнай вясковай кухні. На стале — сапраўдны кітайскі чай, з самой Паднябеснай. Можа, гэта яго непараўнальны водар так цудадзейна ўплывае на нашу размову?! Дакладна не ведаю, але з Уладзімірам Іванавічам надзвычай лёгка гутарыць, быццам мы з ім знаёмы ўсё жыццё.

Уладзімір Іванавіч КУЛІКОВІЧ — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Арганізатар і распрацоўшчык штогадовых алімпіяд
і творчых конкурсаў па беларускай мове
і літаратуры сярод вучняў, студэнтаў і настаўнікаў. Аўтар 41 вучэбнага дапаможніка па беларускай мове і літаратуры для школ, па тэорыі і практыцы рэдагавання для ўстаноў вышэйшай адукацыі.

— Напярэдадні Дня беларускай навукі не магу не спытаць: якім быў Ваш шлях у навуку? Наўрад ці, седзячы на печы, хлопчык Валодзя збіраўся стаць кандыдатам філалагічных навук?

— Канешне, ні аб чым такім у дзяцінстве, якое прайшло ў вёсцы Станцыя Ашмяны, я не думаў (усміхаецца). Вучоба ў школе давалася досыць лёгка. У выпускным класе я марыў пра журфак БДУ. Нават, згодна з умовамі конкурсу, падрыхтаваў каля дзясятка сваіх нататак з раённай газеты. Як сёння, памятаю адзін з артыкулаў — ён называўся «Парень из Хайфона» і быў прысвечаны хлопцу з ветнамскага горада, які адпачываў у той час у санаторыі «Ашмяны».

Аднак усё вырашыў выпадак. Напярэдадні прыёмнай мітусні па тэлевізары паказалі выступленне фальклорнага калектыву філфака БДУ. Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных строях выступалі на свяце, здаецца, у Вязынцы. А я ж толькі-толькі навучыўся іграць на баяне, мая душа прагнула творчасці.

— І Вы, бы той Ламаносаў, адправіліся штурмаваць сталіцу?

— Ну, не зусім Ламаносаў. Я ўзяў у маці 10 рублёў і паехаў паступаць. Як вы ўжо, напэўна, зразумелі, выбраў філфак. А паколькі быў медалістам, то мае іспыты абмежаваліся адным экзаменам. Праўда, дадому я вярнуўся ажно праз тры тыдні. Справа ў тым, што нас папрасілі дапамагчы з рамонтам інтэрната. Затое ўвосень, пры засяленні, дазволілі выбраць пакой і паверх. Я выбраў сёмы — там жыло шмат немак, трэба ж было падцягнуць нямецкую мову (усміхаецца).

— І што, падцягнулі?

— А як жа! Нават нямецкую народную песню напісаў (адкуль толькі ўзяўся баян, і паліліся жартоўныя напевы?!). Вечарамі мы чым займаліся? Спявалі, кожную суботу збіраліся ў холе інтэрната і спраўлялі танцы пад баян. Мастацкая самадзейнасць мяне зацягнула. Іграў у тэатры «Летуценнік», які быў пры філфаку, удзельнічаў у конкурсах і фестывалях. Аднойчы давялося падыгрываць немкам, якія паставілі танец і ўдзельнічалі ў конкурсе замежных студэнтаў. І што вы думаеце, перамаглі не толькі ва ўніверсітэце, але і на гарадскім, а пасля і на рэспубліканскім узроўні. Праўда, без самавучкі «Валодзьі» — так яны мяне называлі, — як ні стараліся прафесійныя музыканты, дзяўчаты не абышліся.

— А як Вы ўвогуле навучыліся іграць на баяне?

— О, гэта яшчэ адна гісторыя. Калі я быў у дзявятым класе, у школе ўспыхнула эпідэмія хваробы Боткіна. Троху і мяне прыхапіла тая «жаўтуха», аднак форма была лёгкай. У бальнічным пакоі — з-за недахопу месцаў мяне паклалі з першакласніцамі — было сумна. Маю спробу арганізацыі вольнага часу — гульню ў карты на сліўкі (дзяўчаты сядзелі з сінімі насамі) — урач не ацаніў, далечвацца мяне адправілі дадому. А там што? Хоць і вясна, падымаць нічога нельга, не вельмі разгонішся дапамагаць па гаспадарцы. А тут мара — навучыцца іграць на баяне… Акорды паказаў стрыечны брат, Міхаіл Заленскі, які працаваў у Жупранскім клубе, інструмент купіла маці. Ужо праз год я граў першае вяселле, ці то ў Баранцах, ці то ў Навіках.

Баян «Эцюд», дарэчы, быў надзейным сябрам у студэнцкія гады, нёс са мной армейскую службу ў Падмаскоўі ды і зараз суправаджае мяне падчас выступленняў з хорам выкладчыкаў універсітэта.

— Філолаг з душой лірыка, дакладней музыканта, — гэта зразумела. А што за блытаніна з вашымі спецыяльнасцямі, сярод якіх усязнайка-інтэрнэт называе “трактарыста”?

— Такая спецыяльнасць у мяне сапраўды ёсць. Атрымаў яе на занятках у вучэбна-вытворчым камбінаце, які тады знаходзіўся ў Жупранах. Пасля першага курса, калі трапіў у армію, у мяне запыталіся пра спецыяльнасць. Успомніў пра свае “коркі” – так у ваенным білеце з’явіўся запіс “трактарыст”. Тады ж, даведаўшыся, што я студэнт філфака, яго дапоўнілі: “трактарыст-філолаг”.

– І давялося працаваць трактарыстам?

— Зусім нядоўга. Некалькі месяцаў у студэнцкім будаўнічым атрадзе ў Карэліі, калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце. Там толькі на трактары і пераадольвалі асобныя ўчасткі дарог…

— Сёння Вас ведаюць як загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, як аўтара вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ, як навукоўца-практыка з вялікім стажам у алімпіядным руху, як аўтара рубрыкі “Беларускае слоўка” ў “Мінскай праўдзе”. А з чаго пачынаў выпускнік філфака?

— Першым працоўным месцам для мяне стаў ліцэй БДУ, які толькі-толькі адкрыўся. Памятаю, у мяне нават было класнае кіраўніцтва – па сённяшні дзень падтрымліваю сувязь са сваімі першымі вучнямі.

Пасля работы ў БДУ быў галоўным рэдактарам часопіса “Роднае слова”, аднак урэшце рэшт зразумеў, што выкладчыцкая справа мне бліжэй. Мне падабаецца весці рэй з аўдыторыяй, падабаецца дапамагаць старанным студэнтам, паглыбляцца ў таямніцы роднай мовы.

Увогуле займацца даводзілася многім: рыхтаваць каманды алімпіяднікаў, прэзентаваць кнігі, працаваць з настаўнікамі адораных дзяцей (у тым ліку і на Ашмяншчыне), праводзіць заняткі з дыктарамі радыё і тэлебачання. Сярод іх і цяперашні прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, тады яшчэ Кірсанава. Прыемна, калі твая справа знаходзіць добры водгук і прыносіць карысць.

— Дарэчы, пра мову. Як Вы лічыце, чаму адраджэнне моды на беларускую мову ідзе з Мінска, а не з вёскі, якую мы прывыклі лічыць носьбітам?

— Быў час, калі вёска актыўна размаўляла па-беларуску. Аднак, сутыкнуўшыся з горадам, адчувала сваю прыніжанасць. Сёння вёска – кансерватар, захавальніца мовы, якая з’яўляецца здабыткам і паказчыкам інтэлектуальнасці грамадства. У горадзе стала модна, важна, прыгожа гаварыць па-беларуску. Прычым галоўная ідэя развіцця сённяшняй лексікі – па магчымасці не ўжываць словы, па гучанні і напісанні падобныя на рускія. Важна паказаць, што ў нас ёсць свая самабытная лексіка, якую мы забыліся, а калі яе няма, то можна ўтварыць новае слова або знайсці яго сярод вузкадыялектных. Адсюль, напрыклад, “зеўрань” замест “бездані”, “ходзішча” замест “тратуара”.

— Чаго, на Ваш погляд, не хапае для папулярызацыі беларускай мовы?

— Зараз праводзіцца шмат конкурсаў, сацыяльных праектаў на роднай мове, і гэта добра. У абітурыентаў ёсць магчымасць здаваць уступныя іспыты на беларускай мове – у наш час, напрыклад, многія не маглі з першага разу паступіць на фізмат і іншыя тэхнічныя факультэты, бо не разумелі рускамоўных заданняў. Сённяшнім дзецям прапануюць беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках, беларускамоўныя класы ў школах. Але гэта тое самае, што кітайскія класы, бо няма дзе размаўляць на роднай мове. Не хапае і масавай пераемнасці паміж этапамі нашай адукацыі.

А яшчэ цікавы вопыт у краінах-суседках: Расіі, Польшчы, Літве. Яны ствараюць цэнтры падтрымкі нацыянальнай культуры. Адпаведных беларускіх асяродкаў, на жаль, я не ведаю…

— Уладзімір Іванавіч, а ў паўсядзённым жыцці, па-за сценамі ўніверсітэта вы размаўляеце па-беларуску?

— У пераважнай большасці. Рэагуюць, праўда, па-рознаму. Напрыклад, у крамах раней казалі: “Гавары па-чалавечы”. Зараз стараюцца падтрымаць гутарку, нават калі не разумеюць, што ялавічына, якую я прашу, – гэта не заморскі далікатэс, а “говядина” на іх прылаўку.

— Ведаю, што Вы дапамагаеце аўтарам выдаваць зборнікі іх твораў. Так убачылі свет дзве кнігі мясцовага паэта Эдварда Сяргея. Скажыце, а Вашаму пяру лірычныя радкі падуладны?

—  Пісаць вершы я, канешне, спрабаваў. Яшчэ ў школе “выскоквалі” рыфмаваныя радкі. Пісаў віншаванні-прысвячэнні сябрам, калегам, гімн – для сярэдняй школы №1 г. Смаргоні.

— Пра што марыць навуковец-беларусазнавец?

— Заўсёды хацеў прыгнуць з парашутам, аднак гэтая мара, ужо, пэўна, так і застанецца марай. Яшчэ для мяне прыцягальныя мора і горы. Спадзяюся, кругасветка на параходзе калі-небудзь спраўдзіцца. Можа, тыя чужыя далягляды і не спадабаюцца, але хочацца ўбачыць іх хоць раз у жыцці, каб потым вярнуцца дамоў.

—  Наша сённяшняя сустрэча – на Вашым лецішчы. Мяркуючы па размаху рамонтных работ, Вы тут бываеце часта. Што цягне Вас на Станцыю Ашмяны?

— У бацькоўскім доме заўсёды адчуваю спакой, абароненасць, стабільнасць, упэўненасць. Тут добра працуецца над манаграфіямі, думаецца над доктарскай. Вунь, нават Феля (вялікі чорны лабрадор – рэд.) са мной згодзен (усміхаецца). У роднай вёсцы я адчуваю сілу і энергію, якія забірае горад. Сюды кліча душа.

— Няхай так будзе заўсёды. Няхай малая радзіма і надалей натхняе Вас на добрыя справы і новыя навуковыя знаходкі.

Гутарыла Людміла РЫБІК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *