Паўпустыя прылаўкі і вітрыны сустракаюць пакупнікоў у магазіне “Мара”, што ў аграгарадку Жупраны

Общество

Калі б не бачыла сваімі вачыма, пэўна, не паверыла б, што такое магчыма ў XXI стагоддзі.

Вось уявіце сабе прадуктовы магазін, у якім часцяком няма нават хлеба і звычайнага малака, не гаворачы ўжо пра больш спецыфічныя, калі іх можна так назваць, тавары.

“Мара” – прыватны магазін. І калісьці ён быў самым папулярным у вёсцы. За час свайго існавання, а гэта дакладна больш за пятнаццаць гадоў, “Мара” некалькі разоў пераязджала, пакуль “не асела” ў спецыяльна пабудаваным павільёне. Зручнае месцазнаходжанне – ля самай дарогі “Ашмяны – Смаргонь” – заўсёды забяспечвала магазіну не толькі мясцовых пакупнікоў, але і заезджых кліентаў. Попытам карысталася танная рыба, садавіна і гародніна, у мужчын – цыгарэты, у дзяцей – цукеркі і печыва. Радаваў гаспадынь шырокі асартымент мясной прадукцыі, багатая бакалея.

— Дзе ўсё гэта дзелася? – дзівяцца мясцовыя жыхары, якія ўсё радзей і радзей заходзяць у вясковую краму.

І нядзіўна. Купляць тут і сапраўды няма чаго. З-за недахопу тавару прадаўцы раскладваюць па паліцах то муку, то цукар, то кансервы па ўсёй вітрыне. Вінавата разводзячы рукамі, яны, бядачкі, і рады б нешта прапанаваць і атрымаць тую выручку, ды амаль на кожнае пытанне пакупніка вымушаны адказваць адмоўна.

Ад пяці прадаўцоў, якія працавалі тут яшчэ некалькі гадоў таму, засталося тры. Ды і тым, упэўнены жупранцы, рабіць у магазіне няма чаго. Скараціўся і час працы – калі раней нават за пяць хвілін да закрыцця (а закрываўся магазін зімой у 20.00) стаялі чэргі, то цяпер пакупніка і днём з агнём яшчэ трэба пашукаць.

Кемлівыя месцічы перайменавалі некалі запатрабаваны магазін з шырокім асартыментам і своечасовым рэагаваннем на запыты пакупнікоў з “Мары” ў “кашмару”. Цяпер шлях жупранцы трымаюць у “Родны кут”, які ў параўнанні з магазінам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Марылекспрод”, — проста супермаркет, або другую невялічкую прыватную краму. Гэта, канешне, яшчэ не самы дрэнны варыянт: магазін ёсць – і дзякуй Богу (ці хутчэй мясцовай уладзе). Але як жа з “Марай”? Так і застанецца бяльмом на воку нашага гандлю?

Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *