“Радзіма маіх правоў – абавязкі”. Іван Пляхімовіч пра Ашмяны, справядлівасць і беларускую літаратуру

Год малой родины Культура

Наш зямляк, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтар двухтомніка “Каментарый да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” дзеліцца ўспамінамі пра сваю малую радзіму – Ашмяншчыну, пра школу, настаўнікаў, бацькоў, разважае пра справядлівасць і праўду, пра правы і абавязкі, пра выбітную постаць Францыска Скарыны і беларускую літаратуру…

Такія сустрэчы, як з Іванам Іванавічам Пляхімовічам, лёс дорыць не вельмі часта. Бывае, што і гадзіну, і дзве б’ешся над тым, каб дастукацца да сэрца субяседніка. Адчуваеш: мой герой, аднак аніяк… А тут з першай хвіліны размовы ўзнікла пачуццё, быццам ведала яго ўсё жыццё.
Іван Іванавіч — жыццятворца. Ён жыве і дзейнічае так, як падказвае сумленне, верыць у законы справядлівасці і ў дабрыню, змагаецца са злом і ўсім сэрцам любіць родны край.

Свет маленства

— Іван Іванавіч, сёлетні год у нашай краіне праходзіць пад знакам малой радзімы. А ці можа Радзіма быць малой?
— Для мяне яна самая што ні на ёсць вялікая, бо ў ёй цэлы Сусвет, свет майго маленства. Гэта радзіма маіх бацькоў: Ашмяны, дзе я нарадзіўся і рос, Навасёлкі, дзе з’явілася на свет мая матуля Крысціна Іосіфаўна, бабуля, дзед, вёска Граўжышкі, дзе мой папа Іван Канстанцінавіч працаваў старшынёй калгаса імя Крупскай, дзе ён жыве і зараз. А нарадзіўся ён у Іўеўскім раёне. Гэта прыгожыя квітнеючыя мясціны, дзе мы з сястрой Ірынай бавілі час летам.
Гады бязлітасна “расстрэльваюць” маё дзяцінства. Я адчуваю шкадаванне і боль, калі еду з Мінска і па дарозе мінаю Навасёлкі. Там ужо няма нашай хаты. Сем год прайшло, як не стала мамы. Між тым гэты боль дае мне сілы жыць і памятаць пра родную зямлю, якой я магу пакланіцца.

— Менавіта з Ашмян пралёг Ваш шлях у навуку. Хто паўплываў на Ваш выбар? Ці гэта было Ваша асабістае рашэнне?
— Калі я быў вучнем 10 класа, не ведаў дакладна, кім жадаю быць. На дапамогу прыйшлі бацькі, якія параілі стаць юрыстам. Маўляў, гэта работа цікавая і прэстыжная. Паколькі ва ўсе часы бацькі былі для мяне аўтарытэтам, я пагадзіўся з імі і паехаў паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. І толькі будучы студэнтам, я зразумеў, што і сам абраў бы менавіта гэтую прафесію. Чаму? Таму што закон — гэта не толькі звод правіл. Гэта магчымасць змагацца за справядлівасць, а гэта галоўнае, што мы павінны рабіць у сваім жыцці. Барацьба гэта ва ўсе часы была няпростай. Змяняліся тэхналогіі, а супрацьстаянні, доказы справядлівага і несправядлівага засталіся. Гэта для мяне вельмі важна. Мабыць, я нарадзіўся з гэтым.

— А ці ёсць у Вашай прафесіі такія моманты, якія Вам недаспадобы?
— Сваім студэнтам я ўвесь час кажу, каб яны аб’ектыўна глядзелі на нашу прафесію. Зыходзячы са светапогляду беларусаў, яна для нас не самая блізкая. Нам бліжэй прафесія ўрача, настаўніка, выхавальніка. У нашай рабоце шмат фармальных правілаў і той сухасці, якую вы ўзгадвалі. Напрыклад, каб пакрыўджанаму звярнуцца ў суд, тэрмін складае тры гады. І калі чалавек прапускае ўсяго толькі адзін дзень, гэта ставіць крыж на яго праве абараніць сябе ў судзе. Звычайныя людзі гэтага не разумеюць. Яны пытаюцца, што гэта за прафесія такая, якая адным жэстам можа перакрэсліць папярэднія тры гады. Цяжка растлумачыць, што гэта аб’ектыўна і па-іншаму быць не можа.

На службе ў студэнтаў

— Вы шмат год выкладаеце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Якія яны, сённяшнія студэнты?
— Перш чым адказаць на ваша пытанне, мне хацелася б заўважыць, што кожны чалавек павінен удасканальвацца і развівацца. Нам, беларусам, не стае стымулаў, якія б падштурхоўвалі чалавека не чакаць даручэнняў кіраўніцтва, а рухацца наперад самому. Наш чалавек не пастаўлены ў такія ўмовы, калі ўсё ў жыцці залежыць ад яго. Што тычыцца сваёй прафесіі, то я не задаволены стаўленнем многіх маіх студэнтаў да навучання. Каля паловы з іх наогул прапускаюць заняткі, хаця юрыдычна абавязаны іх наведваць. Яшчэ пяць год такога не было. Сярод тых, хто на заняткі прыходзіць, не ўсе належным чынам падрыхтаваны. За мяжой, напрыклад, студэнт разумее: калі ён не набудзе неабходных ведаў, то не будзе патрэбны нікому. У нашым грамадстве, на жаль, няма цеснай сувязі паміж ведамі выпускніка, яго кваліфікацыяй і тым месцам, якое ён зойме. Умовы, калі набыццё ведаў не ёсць гарант якасці спецыяліста, а дыплом непазбежны, прыводзяць да таго, што студэнты больш чакаюць, чым намагаюцца, больш засвойваюць (у лепшым выпадку) гатовае, чым ствараюць нешта самі.
Беларусь займае сёння першае месца па колькасці студэнтаў ВНУ сярод краін СНД адносна колькасці насельніцтва. Даступнасць вышэйшай адукацыі – перавага нашага грамадства. Аднак тут ёсць і шмат мінусаў.
За 15 год выкладчыцкай дзейнасці летась упершыню зрабіў студэнту, які забаўляўся ў тэлефоне, заўвагу. Да гэтага ў мяне атрымлівалася зацікаўліваць аўдыторыю на занятках. І вось год назад я зрабіць гэтага не змог, ад чаго вельмі перажываў. І толькі выпадак, які адбыўся падчас сёлетняй аўдыенцыі Папы Рымскага ў Ватыкане, прымусіў мяне паглядзець на гэтую праблему крыху па-іншаму. Калі вялікая плошча, запоўненая людзьмі, не адрывала позірку ад Папы, ад слушных і важных рэчаў, якія ён прапаведаваў, дзяўчына, што сядзела перада мной, разглядвала малюнкі ў тэлефоне. Я ж не Папа Рымскі, падумаў я, і супакоіўся! (смяецца).
А калі сур’ёўна, то заўсёды з хваляваннем заходжу ў аўдыторыю. Лічу, што не студэнты існуюць для выкладчыка, а выкладчык для студэнтаў. Я ў іх на службе. Зацікаўленыя і шчырыя, дапытлівыя і маладыя – вось для такіх студэнтаў і працую.

Праўда і толькі праўда

— У Вас вельмі шчыльны рабочы графік. Ці ёсць у вашым дні хвілінка для сябе?
— Нашы продкі былі мудрымі людзьмі. “Шануй суботу!” – казалі яны. Гэты заклік мае не толькі рэлігійны сэнс. Калі для веруючага ён азначае спыніцца і паразважаць, ці выконвае ён Божы запавет, то для няверуючага – знайсці адказ на пытанні, ці жыве ён належна, ці робіць тое, што павінен, ці ёсць у яго жыцці тое вялікае, значнае, што робіць чалавека чалавекам.
У мяне ёсць час, каб напісаць навуковы трактат, наведаць тэатр, прыйсці нечакана ў госці да сяброў ці патэлефанаваць свайму школьнаму настаўніку і сказаць: “Я Вас памятаю”.

— Вы больш любіце хадзіць у госці ці прымаць іх?
— Адназначна прымаць. Радзіма маіх правоў – абавязкі. Я славянін, сын свайго народа. Мне абавязкі бліжэй. Юрысты хутчэй за ўсё з мяне пасмяяліся б і сказалі, што ў мяне недахоп правасвядомасці. Прыйсці да некага – гэта прымусіць чалавека клапаціцца пра мяне, слугаваць мне. Таму бяру гэтыя абавязкі на сябе.

— А як вы ставіцеся да меркавання, што чалавек нікому нічога не павінен?
— Пасрэдны чалавек нікому нічога не павінен. Раз-пораз я вяду заняткі на юрыдычным факультэце па-беларуску. Часам у мяне магістранты пытаюцца, ці павінны яны адказваць па-беларуску і чаму? Ці павінны яны навучацца па-беларуску? Я на гэта супрацьстаянне адказваю так: “Вы нічога не павінны. Гэта ваш абавязак”.

— Закон і праўда стаяць на адной пазіцыі. А як жа выраз, што ў кожнага свая праўда?
— Гэта фраза мяне выбівае з раўнавагі. Лічу, што яе прыдумалі ашуканцы. Праўда і ёсць праўда. Першы пісаны закон, прыняты Яраславам Мудрым у ХI стагоддзі, называўся “Руская праўда”. Разумееце, нават закон называўся праўдай. Праўда ёсць. Мы, славяне, гэта дакладна ведаем. За праўду мы змагаліся падчас войнаў, апошняй з іх, Вялікай Айчыннай, у тым ліку.

Ашмянскі студэнцкі куток

— На юрыдычным факультэце вучацца, безумоўна, і студэнты з Ашмян. А яны ведаюць, што Вы іх зямляк? Ці карыстаюцца яны гэтай перавагай?
— Так, у нас ёсць на факультэце “ашмянскі куток”. Калі я даведваюся, што студэнт з Ашмянскага раёна, то пачынаю хвалявацца. Аднак стараюся сябе не выдаць, бо ў аднолькавай меры павінен ставіцца да ўсіх. Я ганаруся сваімі землякамі: Вольгай Датчук, Аленай Сінельнікавай, Веранікай Кетрыс, Анастасіяй Бражыцкай, Аляксеем Пад’ельскім. Гэта вельмі дапытлівая і старанная моладзь.

— Вы ўжо даўно жывяце ў Мінску. Ці цікавіцеся тым, што адбываецца на Вашай Радзіме?
— Мне не стае ведаў па гісторыі Ашмяншчыны, таму стараюся па магчымасці іх папаўняць. У 2016 годзе прымаў удзел у Гальшанскіх чытаннях. Мой выступ быў прысвечаны не ўласна гісторыі, а сувязі маіх канстытуцыйна-прававых даследаванняў з гісторыка-культурнай спадчынай краю. Радзіму я шукаю паўсюль. Напрыклад, у мінулым годзе быў натхнёны і ўзрушаны юбілеем беларускага кнігадрукавання. Цэлы месяц прасядзеў у Нацыянальнай бібліятэцы, каб пазнаёміцца з арыгіналамі прадмоў і пасляслоўяў да кніг Бібліі Францыска Скарыны. Мне стала сорамна, што я, навуковец, дажыў да сваіх гадоў і не чытаў твораў Скарыны – самага выбітнага беларуса. Дык вось, мне было цікава, а ці быў наш кнігадрукар у Ашмянах. Безумоўна, ён, як палачанін, наўрад ці праязджаў праз Ашмяны, калі накіроўваўся ў Кракаўскі ўніверсітэт, потым у Італію, у Падую, далей у Прагу. Аднак я дакладна ведаю, што разам з ім ва ўніверсітэце навучаўся Мікола з Ашмян. Значыць, пра наш горад ён ведаў.

— Ці лічыце Вы сябе патрыётам?
— Гэта вельмі громкае слова. Я патрыёт не ў тым сэнсе, што нібыта лічу сваю радзіму лепшай за іншыя. Людзі ніколі не дамовяцца між сабой, калі будуць сцвярджаць, што іх радзіма лепшая. Гэта тупік. Я адкажу словамі паэта: “Ёсць край цяплейшы, багацейшы, але раднейшага няма”. Мая радзіма найбліжэйшая, але толькі для мяне. Яна найлепшая, але толькі для мяне. А калі любяць, то не пытаюцца: “За што?”
Сябе не перайначыш

— Як часта Вы бываеце ў роднай школе?

— Мая трэцяя школа хутка адзначыць юбілей – 45 год. Веды, якія распачаліся для мяне тут, сталі справай усяго жыцця. Спачатку вучыўся, зараз вучу сам, спачатку чытаў кнігі, зараз пішу іх сам. Гэта маё штодзённае жыццё, пачатак якому быў пакладзены на вуліцы Аўдзеева. Я хацеў бы ўзгадаць сёння сваіх настаўнікаў. Да драбніц памятаю многія моманты з майго пачатковага навучання і сваю настаўніцу Ірыну Казіміраўну Апанэль. Значны след у маім жыцці пакінулі Алена Віктараўна Яблонская, Яўгенія Іванаўна Дубнік, Ала Фёдараўна Шаўчэнка, Тамара Міхайлаўна Фелістовіч, Станіслава Баляславаўна Чудакова, Васіль Фёдаравіч Пількоўскі, Людміла Адамаўна Кусанава. Дырэктар школы Іван Іванавіч Германчук, які выкладаў у нас гісторыю Беларусі, назваў наш выпуск самым любімым і самым якасным, бо ў нас быў самы вялікі адсотак медалістаў адносна агульнай колькасці выпускнікоў.
Мне прыемна, што і зараз падтрымліваю стасункі са школай. Ёй кіруе малады крэатыўны дырэктар Уладзімір Віктаравіч Войнюш. Разам мы правялі некалькі мерапрыемстваў. Я выступаў перад школьнікамі, расказваў пра БДУ, пра наш юрыдычны факультэт.

— Якія прадметы Вы любілі ў школе найбольш?
— Пры падрыхтоўцы да ўрокаў у мяне цяжкасцей не ўзнікала. З першага класа быў выдатнікам і скончыў школу з залатым медалём. У дзяцінстве часта хварэў. Памятаю, як у бальніцы чытаў “Яўгена Анегіна” Пушкіна, хаця меў гадоў 12. Хлопцы, што ляжалі са мной у палаце, пасмейваліся і пыталіся, чаму я прыцягнуў у бальніцу такую сур’ёзную кнігу. Мне было перад імі тады сорамна, і я спрабаваў апраўдвацца.
У Мінску рэгулярна заходжу ў “Цэнтральную кнігарню”, што на праспекце Незалежнасці, цікаўлюся кніжнымі навінкамі. Адна з самых значных падзей апошняга часу – прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч. Лічу, што мы да канца не ўсведамляем важнасці гэтай падзеі, нам неабходна больш ушаноўваць нашу творцу.

— Якой кнізе аддаяце перавагу: друкаванай ці электроннай?
— Сябе не перайначыш. Я вяду ўнутраную барацьбу з сабой і ўспрымаю кнігу толькі ў друкаваным варыянце. Новыя тэхналогіі наступаюць, гэта непазбежна. Гады два таму я саромеўся, што не маю смартфона. Паглядзеўшы на безліч гэтых гаджэтаў і на постаці іх уладальнікаў, ганаруся тым, што не маю. Інтэрнэт не варты таго аўтарытэту, які мы яму надалі. Галоўны недахоп прагрэсу ў тым, што ён паскарае грамадскае развіццё, аднак стрымлівае развіццё чалавека. І я выразна адчуваю гэта ў выкладчыцкай дзейнасці.

— Ці любіце Вы святы?
— Снежань пазначаны маім любімым святам – Калядамі. У дзяцінстве мы называлі яго Куццёй. У пачатку снежня жыву прадчуваннем гэтых самых рамантычных і самых настальгічных дзён. Успамінаю дзяцінства, навагоднюю ёлку ў Навасёлках, якую ўпрыгожвалі разам, святочны стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена.
У вялікім горадзе няма гэтага ўзрушэння і святочнага адчування. І я ганаруся тым, што, маючы Радзіму, маю і гэта цёплае сямейнае свята.
Гутарыла Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *