У гурта Laudans выйшаў новы кліп

Культура

Калісьці на старонках “Ашмянскага весніка” мы пісалі аб хрысціянскім гурце Laudans, салістам якога з’яўляецца наш таленавіты зямляк Андрэй Лугін. Зусім нядаўна гурт стварыў новы кліп на песню “Агмень”. Здымкі праходзілі ў мінскай студыі, а ў кліпе зняліся сябры і родныя музыкантаў Андрэя Лугіна і Алены Палачанскай.

1
Гледзячы на “жывыя” кадры, разумееш, што словамі выказаць усё немагчыма, трэба глядзець і бачыць, разумець… Бо ў кожным з нас гарыць свой “агмень”. Песня, матыў і мелодыя, здаецца, выходзяць з глыбіні душы, каб дапамагчы паверыць у сябе і свае сілы. Нібы лейтматывам гучыць: “І я магу… І можаш ты… І можам мы… І могуць усе ствараць!”.
У нас з’явілася магчымасць даведацца аб тым, як разумеюць “Агмень” самі музыканты і як праходзілі здымкі музычнага відэароліка.

— Андрэй, раскажыце, чым для вас з’яўляецца той самы “Агмень”?
— Калі мы знаёмімся з людзьмі, то часта чуем ад іх: “Вы музыканты, здорава, што займаецеся творчасцю”, “у вас творчая праца”, “творчасць — гэта цудоўна, не тое што звычайная, паўсядзённая праца”. Мы не разумеем, чаму ўсе так кажуць, бо кожная справа, кожная прафесія ў нейкім сэнсе творчая. Калі чалавек стараецца, думае, знаходзіць сябе і любіць сваю справу — гэта і ёсць творчасць!
Мы кажам, што запальваем свой агмень (гэта значыць, выбіраем свой шлях з музыкай) і ідзём наперад, нягледзячы, ці будзе лёгка, ці цяжка, не звяртаем увагі на тое, што нам будуць казаць недабразычліўцы. Будзем аддаваць усіх сябе гэтай справе. У нас ёсць час і ад нашага выбару залежыць, як мы яго выкарыстаем. Чым раней мы зразумеем свой выбар, тым менш часу ў нас пройдзе дарма.
Зараз мы працуем над альбомам, які будзе называцца «Звязаны з часам», і песня “Агмень” з альбома «Адзінства» з’яўляецца пераходам да наступнага альбома.


— У кожным маленькім музычным кліпе заўсёды схавана цікавая вялікая гісторыя. А што “схавана” ў вашым кліпе?
— Сюжэт кліпа “Агмень” з’яўляецца працягам папярэдняга на песню «Удзячнасць». Галоўная гераіня прыходзіць у студыю і пачынае граць на інструменце. Проста натхнёна займаецца любімай справай. Яна грае, а да яе прыходзяць розныя людзі. Толькі гераіня не заўважае іх. Напрыканцы песні гэтыя людзі забываюць аб сваіх справах і пачынаюць “улівацца” ў мелодыю песні.
Відавочнай канцоўкі ў кліпе няма, таму што будзе прадаўжэнне… Наступны кліп (ужо з альбома «Звязаны з часам») будзе працягам гэтай сюжэтнай лініі.
Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *