Дуэт Laudans: «Мы патрэбныя адзін аднаму»

Культура

Ашмяншчына поўніцца таленавітымі людзьмі. Ад іх радкоў перахоплівае дыханне, ад іх музыкі сэрца пачынае біцца мацней… У іх, здавалася б, простых словах адлюстроўваецца цэлы свет, а музыка, што лунае ў паветры, дае магчымасць задумацца над шматлікімі рэчамі…

Нядаўна ў мяне была магчымасць пагаварыць з таленавітым земляком, былым вучнем Гальшанскай сярэдняй школы, музыкантам, салістам хрысціянскага дуэта Laudans — Андрэем Лугіным. Дарэчы, хочацца адзначыць, што гэта  была адна з такіх сустрэч, якія пакідаюць пасля сябе добрыя і цёплыя ўспаміны.

Усяго за некалькі гадоў свайго існавання Laudans выпусціў два альбомы, запісаў некалькі відэаролікаў, прыняў удзел у шматлікіх конкурсах і фестывалях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Дарэчы, разам з клавішніцай гурта Аленай Палачанскай яны сталі арганізатарамі вядомага фестывалю хрысціянскай музыкі Laudato Si.

1

Чытачам «Ашмянскага весніка» Андрэй расказаў аб сваёй творчасці, аб тым, як напісаў свае першыя радкі, прыдумаў першую песню, успомніў, адкуль прыходзіць натхненне і падзяліўся планамі на будучае.

Андрэй, раскажыце, як з’явіўся гурт Laudans? Дарэчы, чаму такая назва?

— Аднойчы я прачытаў некалькі вершаў польскага ксяндза-паэта Яна Твардоўскага і мне так спадабалася яго творчасць, што атрымалася напісаць песню на адзін з вершаў (гэта была песня «Калі кажаш»). Праз зусім кароткі час «напісалася» другая, таксама на яго словы — «Тая вера». А далей, я зразумеў,  што  хачу стварыць цыкл песень. Прыйшлося папрацаваць, але праз пару тыдняў з’явілася сем кампазіцый. Я зрабіў іх простыя запісы пад гітару і выдаў дыск.

У выніку ўсё падышло да таго, каб зрабіць прэзентацыю гэтых песень (да іх дадаліся яшчэ дзве). Запрасіў знаёмых музыкантаў, з некаторымі толькі пазнаёміўся, і мы сыгралі першы канцэрт на філфаку БДУ 25 красавіка 2013 года. Гэта быў дэбют новага гурта Laudans. Назва ў перакладзе з лацінскай мовы азначае — «той, хто славіць». Яна адлюстроўвае асноўную думку і ідэю нашай музыкі — праз сваю творчасць мы славім Бога.

Пасля першага канцэрта мы зразумелі, што будзем выступаць далей, праўда, з першапачатковага складу засталося толькі трое музыкантаў: я, Андрэй Немялоўскі (бас-гітара) і Аляксей Палачанскі (электрагітара). Пазней мы пачалі супрацоўнічаць з іншымі музыкантамі для падрыхтоўкі каляднага канцэрта, і Аляксей прывёў сваю сястру Алену. Сёння  Laudans — гэта дуэт Андрэя Лугіна і Алены Палачанскай.

4

— Чаму вы вырашылі працаваць менавіта ў «хрысціянскім» накірунку?

— Мы яго не выбіралі, так склалася. Мы не пішам хрысціянскую музыку, а дзелімся тым, што ў нас на сэрцы. Мы верым у Бога, а ўсё астатняе «выплывае» само.

3

— Вы ўжо выпусцілі два альбомы «Завысока заблізка» і «Адзінства». Раскажыце, што адлюстроўвае ваша музыка? Што для вас «адзінства»? Чаму яно нам так патрэбна, як яго дасягнуць і зразумець?

— Раскажу больш пра альбом «Адзінства». У гэтым альбоме словы большасці песень напісалі мы з Аленай. «Той Самы Госць» (словы Ірыны Багдановіч) і дзве песні на словы ксяндза Яна Твардоўскага.

У некаторых кампазіцыях можна заўважыць тэму ўзыходу. Мы параўноўваем наша жыццё з пад’ёмам на гару. Вядома, на сваім шляху чалавек часта сустракае перашкоды, цяжкасці, смутак, адчай… І вось, каб дайсці да вяршыні (а вяршыняй з’яўляецца дасягненне мэты!), нам трэба праявіць адзінства: ніхто не можа ўмець усяго, таму мы павінны дапаўняць адзін аднаго, падтрымліваць і любіць.

У касцёле заўсёды бачны вобраз адзінства, але разам з гэтым мне падабаецца прыводзіць прыклад гульні ў футбол. Чалавек не можа гуляць у яго адзін, заўсёды яму будуць патрэбны іншыя людзі. І таксама ў грамадстве: мы патрэбны адзін аднаму!

— Якая аўдыторыя ў хрысціянскага гурта?

— Паколькі нашыя песні маюць філасофскі характар, то аўдыторыя ў нас вельмі розная. Мы іграем у касцёлах, школах, музеях… Людзі розных узростаў і прафесій наведваюць нашы канцэрты.

— Як вы лічыце, ці можа музыка стаць першай прыступкай на шляху да Бога?

— Музыка — гэта вельмі моцны сродак уплыву на людзей. Яна можа рабіць чалавека сумным ці вясёлым, застаўляць «грузіцца» ці даваць свабоду. Праз нашу музыку мы хочам сказаць людзям: «Хадзем з намі шляхам веры».

2— Ці магчыма праз вашу музыку аб’яднаць вернікаў розных канфесій?

— У мінулым годзе мы арганізавалі фестываль Laudato Si,  куды з’ехаліся хрысціянскія музыканты з розных мясцін. Яны былі розных канфесій. Laudans супрацоўнічае з пратэстантамі і праваслаўнымі, таму што мы імкнёмся да салідарнасці. А над альбомам «Адзінства» працавала двое музыкантаў-пратэстантаў.

— Зразумела, што духоўная музыка — гэта не толькі спевы ў царкве ці ў касцёле, але ўсё ж акрамя сучасных песень, ці спяваеце традыцыйныя касцёльныя песні?

— Дастаткова часта іграем на імшы ў касцёле. Нам падабаецца рабіць апрацоўкі традыцыйных песень, устаўляць якія-небудзь аркестровыя гукі (акрамя аргана), таму некаторыя песні набываюць цікавае гучанне.

— У якіх гарадах, на якіх фестывалях можна звычайна ўбачыць гурт Laudans? Якія выступленні сталі самымі яркімі ў творчай біяграфіі вашага дуэта?

— Некалькі разоў ігралі на фэсце «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах. Гэтым летам часцей бываем на Віцебшчыне. Нядаўна ігралі ў Магілёве і Вільнюсе, быў цудоўны канцэрт у Нацыянальны музеі ў Мінску.

Апошнім часам мы часта выступаем у касцёлах Польшчы, дзе наш дуэт заўсёды цёпла прымаюць. Дарэчы, у гурта Laudans было некалькі канцэртаў і ў Гальшанах, якія мы абавязкова паўторым.

— Ці шмат вершаў яшчэ на паперы? Над чым вы працуеце зараз?

— Зараз мы працуем над трохмоўным дыскам (польская, англійская і беларуская мовы). Ёсць шмат ідэй. Аднак, у дадзены момант для нас важна прадставіць наш альбом «Адзінства» шырокай аўдыторыі. На дзве песні з гэтага альбома мы ўжо стварылі кліпы і плануем працягнуць працу над відэазапісамі.

— Раскажыце аб новым відэа, дзе праходзілі здымкі? Як прыйшла ідэя  сюжэта?

— Апошні кліп называецца «Воблака». Здымкі праходзілі ў Мінску на працягу трох дзён. Ідэя кліпа яшчэ раз падкрэслівае ідэю «адзінства».  Мы хочам заклікаць чалавека не баяцца. Не баяцца сваіх мараў… Не баяцца жыць паводле таго, як кажа сумленне… Нягледзячы на жыццёвыя акалічнасці, галоўная гераіня відэа ў выніку становіцца мастачкай, як марыла ў дзяцінстве.


— Ці сябруеце, выступаеце на адной сцэне з хрысціянскімі гуртамі Беларусі і замежжа?

— У Беларусі ёсць некалькі хрысціянскіх гуртоў, праўда, большасць з іх знаходзяццца пры парафіях і не вядуць актыўную канцэртную дзейнасць. Найчасцей з іншымі музыкантамі мы сустракаемся на адной фестывальнай сцэне. Увогуле фестывалі яднаюць музыкантаў і слухачоў — і гэта заўсёды мае свой плён, таму што мы вучымся адзін у аднаго, развіваемся і расцём прафесійна.

— Андрэй, як вы лічыце, што самае асноўнае ў жыцці? Пажадайце што-небудзь чытачам нашай газеты.

— Вера, надзея і любоў — гэта самае асноўнае ў жыцці. Праз веру і надзею мы набліжаемся да любові. Пажадаць хацелася б шчырасці і праўды, таму што гэта запальвае сэрцы. А ў гарачым сэрцы нараджаецца вера.

— Дзякуй за шчырую размову. Творчых поспехаў і натхнення вашаму дуэту!

Гутарыла Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *