Міхайлоўшчына: гісторыю вёскі пішуць людзі

Год малой родины Культура

У памяці кожнага чалавека захоўваюцца ўспаміны аб родным мястэчку. Самым ветлівым, утульным, прыгожым куточку, дзе прайшло бесклапотнае дзяцінства, дзе жылі продкі… Нават цяпер, калі няма ўжо на гэтым свеце бацькоў, у сэрцы цепліцца памяць аб матчынай хаце,  блізкіх людзях,  важных падзеях… Вось толькі застаўся ад той «цеплыні» касабокі дом з вялікімі шчылінамі ў сценах і пацёртай блакітнай фарбай. Зараслі бур’яном і кустоўем сцяжынкі, знаёмыя з маленства, здзічэў садок. Няма ўжо тых кветнікаў, што мясціліся паабапал дарожкі, схілілася да самай зямлі драўляная брама, якую бацька-разьбяр габляваў некалькі вечароў запар. Толькі тады, калі падштурхнеш дзверы з паржавелым замком і ўвойдзеш у  хату — стане так прыкра на душы і балюча на сэрцы,  што не прыязджаў раней,  не бачыў, як жывуць бацькі, не чуў, аб чым гавораць, не разумеў, што думаюць. А яны, насуперак усяму, шукалі прычыну, чаму ты не едзеш, і заўсёды знаходзілі… На маленькім століку стаіць твой фотаздымак, зроблены гадоў дваццаць таму, а побач ляжыць малітоўнік з закладзенай старонкай з зацёртымі радкамі малітвы аб дзецях… У матуліным пакоі на ложку ляжыць «загранічны» шалік, які яна так любіла і шкадавала лішні раз накінуць на плечы, а са здымка на тумбачцы на цябе пранікнёна глядзяць блакітныя вочы, нібы маці адчувае, што ты прыехаў, вярнуўся ў родны дом! Бо дом твой толькі там, дзе матуля…

Няма на свеце лепей таго месца, дзе чакала матуля, каб сагрэць, ахінуць сваёй любоўю і прытуліць да сябе. Няма нідзе такой прыгажосці, як у роднай вёсачцы, такой, як напрыклад, Міхайлоўшчына.

Міхайлоўшчына месціцца ў сямі кіламетрах ад гістарычнага мястэчка Гальшаны. Тут знайшлі прытулак лёсы некалькіх пакаленняў, з вёскай звязаны захапляльныя гістарычныя падзеі і факты.

Што ні хлопец, то Міхал!

Пра паходжанне вёсачкі існуе некалькі легенд, і ўсе яны беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Адна з іх знайшла ўвасабленне ў вершаваных радках «Адкуль назва?» ураджэнкі Міхайлоўшчыны, паэтэсы Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Працавітыя і шчырыя людзі жылі тут. Праўда, сярод першых пасяленцаў вылучаўся прыгожы, статны, вясёлы і працавіты хлопец. Звалі яго Міхал. Ох, і падабаўся ж Міхась дзяўчатам. Жанчыны ўпотайкі пазіралі на гэтага хлопца, а калі дома з’яўлялася немаўлятка, то часцей за ўсё давалі яму імя Міхал. Хутка ў вёсцы амаль у кожнай хаце быў свой Міхал. Адсюль пачалі называць новую вёску Міхайлоўшчына.

Маёнтак Міхайлоўшчына ўпамінаецца ў дакументах з 1650 года, калі ўладальнік Гальшан Тамаш Сапега выдзеліў Міхайлоўшчыну шляхцічу Мікалаю Ішору. Апошнім уладаром Міхайлоўшчыны быў Чэслаў Скіндар.

У маёнтку ў 1939 годзе налічвалася 700 гектараў зямлі. Апошні панскі дом быў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя. Дом драўляны, двухпавярховы.

Каля дома была лядоўня, свіраны, стайня, млын на рацэ Клява. У 1907 годзе Скіндар пабудаваў бровар і наладзіў выпуск спірту. У гады Першай сустветнай вайны ў панскіх дамах размяшчаўся шпіталь. Немцы ў гэты час бровар закрылі, а спірт вылілі ў раку, каб пазбегнуць павальнага п’янства салдат. Пазней у будынку былога бровара Чэслаў Скіндар адкрыў ільноперапрацоўчы завод. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў будынку бровара і лядоўні немцы трымалі ваеннапалонных.

Бровар

Велічны будынак бровара і сёння выдзяляецца на фоне драўляных і цагляных дамоў Міхайлоўшчыны… Нібы асілак-дуб, з абпілаванымі галінамі, напалову выкарчаваным карэннем, ён трымаецца, стараецца захаваць былое аблічча і нават «пазіруе» гасцям вёсачкі разам з лебядзінай сям’ёй, якая жыве побач на рацэ…

Біяграфія вёскі ў лёсах людзей

Нібы птушкі, ляцелі гады, шмат чаго з тых часоў змянілася ў Міхайлоўшчыне, але не жыхары. Яны засталіся такімі ж працавітымі, дружнымі, чулымі, шчодрымі і гасціннымі… Увогуле, пра гасціннасць і адкрытасць месцічаў можна пісаць бясконца. Пры з’яўленні карэспандэнтаў з нататнікам і фотаапаратам ніхто з міхайлоўшчынцаў не ўцякаў і «не клікаў на дапамогу», як гэта бывае ў горадзе! Цёплыя погляды, усмешлівыя твары адкрываліся нам, няпрошаным гасцям, без астатку і збянтэжання.

Блукаючы па доўгіх вуліцах, паабапал якіх раскінуліся драўляныя і цагляныя дамы, ловіш сябе на думцы, якая тут неверагодная прыгажосць і цішыня, якой так не стае ў горадзе. У паветры разносіцца пах кветак, якія так любяць міхайлоўшчынцы, да зямлі гнуцца важкія галінкі сліў-вадзянак, яблыкаў і груш розных гатункаў. Статнага драўлянага «прыгажуна» з мноствам акон-люстэркаў немагчыма не заўважыць нават за некалькі метраў — дом Алены Уладзіміраўны Данілевіч нядаўна адрамантавалі і пафарбавалі дзеці, каб стаяў ён тут яшчэ больш за сто  год. І будзе стаяць і радаваць мясцовых і гаспадыню, бо побач жыве дачка Марына, якая заўсёды пільна сочыць за домам і дапамагае маці. А вось дом Юзэфы Явідовіч першым у вёсцы «вітае» гасцей. Ён, нібы чароўны карабель,  гайдаецца на кветкавых хвалях і чакае, калі падымуць якар перад далёкім плаваннем.

Юзэфа Явідовіч

Сама Юзэфа Вацлаваўна  дваццаць гадоў працавала ў міхайлоўшчынскім магазіне. Пакупнікі добрым словам успамінаюць жанчыну. Кажуць, і тавар якасны можна было набыць, і проста пагаварыць, абмеркаваць апошнія вясковыя навіны, падзяліцца нечым асабістым. Цяпер Юзэфа Явідовіч на заслужаным адпачынку, а яе справу працягвае дачка Святлана, якая ўжо больш за дваццаць год аддала працы ў мясцовым магазіне.

Дарэмна кажуць, што вёсачкі дажываюць свой век, бо засталіся там толькі бабулі і дзядулі, а маладыя ўжо даўно ў «мурашніках» і «вуллях» гарадскіх сядзяць! Міхайлоўшчынцы лёгка могуць з гэтым паспрачацца. На вуліцах  Маладзёжнай, Зарэчнай і завулку Лясным размясціліся дамы ста пяцідзесяці жыхароў, сярод якіх толькі трыццаць пяць чалавек пажылыя. Большасць старэйшых ужо пераступіла васьмідзесяцігадовую мяжу. На гэта ў вяскоўцаў свая прычына — кажуць, што экалогія тут вельмі добрая. Старэйшай жыхарцы Міхайлоўшчыны Лідзіі Уладзіміраўне Матусевіч — 93 гады.

Біяграфія  кожнай вёсачкі складаецца з лёсу людзей. Блукаеш па шырокіх вуліцах, праходзіш праз мост над рачулкай Клявой, заглядаеш у вокны дамоў і абавязкова даведваешся, хто дзе жыў, чым займаўся, чым быў адметны… Наша паездка ў гэты цудоўны куточак не атрымалася б такой цікавай і насычанай без мясцовай жыхаркі, загадчыцы клуба-бібліятэкі Наталлі Копач. Падчас экскурсіі па вёсцы Наталля Барысаўна расказала амаль пра кожную сям’ю, якая жыве тут цяпер і жыла раней. Цікава было даведацца пра народных майстроў, творы якіх беражліва захоўваюцца на старонках фотаальбома Наталлі Барысаўны. У клубе-бібліятэцы вялікая калекцыя аўдыёзапісаў з мясцовым фальклорам, на жаль, некаторых творцаў ужо няма ў жывых. Шмат цікавых рэчаў сівой даўніны, якія збіралі ўсёй вёскай, знайшлі месца ва ўстанове.

Наталля Копач стараецца напоўніць шэрыя будні вяскоўцаў новымі фарбамі, менавіта таму яны так любяць прыходзіць у клуб на мерапрыемствы, канцэрты і творчыя сустрэчы. Наталля Барысаўна прызнаецца, што цяжкасцей у рабоце хапае, але з усім можна справіцца, арганізоўваць для месцічаў святы, збіраць разам, бо ў няспынным карагодзе дзён яны так рэдка знаходзяць час на сумесны адпачынак.

«Карэспандэнт» Леанарда Іванаўна

На скрыжаванні вясковых дарог стаяць два крыжы — праваслаўны ды каталіцкі, паміж імі фігура Маці Божай, якую нядаўна ўсталяваў пробашч касцёла Святога Яна Хрысціцеля Багуслаў Вуйтовіч. Адна дарога вядзе да царквы Святога Прарока Ільі, другая  — у дом Леанарды Навумец.

Леанарда Навумец

Амаль дваццаць год у доме Леанарды Іванаўны праходзяць святыя набажэнствы і сустрэчы дзяцей са святаром. Былы пробашч Станіслаў Садоўскі шмат гадоў таму распачаў гэту справу, бо разумеў, што людзям з аддаленых вёсак цяжка дабірацца ў касцёл у Гальшаны.

Жанчына расказвае, што першыя гады збіралася поўная хата, чалавек шэсцьдзясят магло прыйсці на мшу. Цяпер добра, калі дзесяць прыйдзе, а раней сустракаліся кожную нядзелю, маліліся на кожнае свята, на майскія набажэнствы каля крыжа было шмат вернікаў.

— Час ідзе, старэйшыя адыходзяць у вечнасць, дзеці не хочуць хадзіць на рэлігійныя заняткі, — цяжка ўздыхаючы, расказвае жанчына.

У вялікай зале перад абразамі стаіць стол, засланы белым абрусам. Падчас размовы Леанарда Іванаўна бачыць, што мы зацікавіліся імправізаваным алтаром і сыходзіць у другі пакой, нешта доўга шукае. Вяртаецца да нас з каробкай аўдыёкасет, вось толькі на іх вокладках некрасуюцца рускія ці заморскія артысты.

— На гэтых касетах вялікая частка майго жыцця, — дэманструючы касетныя стужкі, расказвае наша суразмоўца. — Тут запісаны спевы маёй матулі і мясцовых жыхароў, якія, на жаль, адышлі ў вечнасць.

На другіх — аўдыёзапісы пропаведзі  Папы Рымскага Яна Паўла ІІ падчас сустрэчы ў Кракаве, малітвы і  пропаведзі, якія гучалі на радыё і тэлебачанні.

— Знаёмыя даўно прывыклі, што я ўсё запісваю і захоўваю, нават жартуюць і называюць «карэспандэнтам», — смяецца жанчына.

Развітваючыся, пытаю ў мясцовай «карэспандэнткі»: «А ці дружна жывуць праваслаўныя і каталікі?». Жанчына ўсміхаецца і кажа: «А як жа!».

Царква Св. Прарока Ільі

І насамрэч, не падманула, на пагорку стаіць царква Святога Прарока Ільі, яе купалы ўзвышаюцца да неба, заклікаючы да веры і бласлаўляючы на кожны дзень. Кожны год вялікай падзеяй для праваслаўных вернікаў з’яўляецца ўрачыстая служба, прысвечаная святому апекуну. Некалькі разоў у храм прыязджаў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, каб блаславіць людзей на добрыя справы.

Летась праваслаўныя месцічы сабралі сродкі, каб адрамантаваць царкву, вялікую дапамогу ў справе рэстаўрацыі аказаў старшыня КСУП «Гальшаны» Мікалай Праўко.

У доме, як у казцы

Скрыпнулі веснічкі, з дома пачуўся гучны брэх сабакі — маленькі Жулік выйшаў сустракаць гасцей, за ім следам, спрытна перасоўваючы кастылі, выйшла і гаспадыня — Марыя Ігнацьеўна Мадэкша. Гасцінна расчыніла для нас дзверы свайго ўтульнага куточка і запрасіла ў хату. У доме, як у казцы. Канапы і ложкі ўпрыгожваюць вышытыя сурвэткі, ручнікі, падушкі, фіранкі, дываны на сценах і саматканыя «ходнічкі» на падлозе, столь у кожным пакоі ўпрыгожана рознакаляровымі ўзорамі.

Марыя Мадэкша

Марыя Мадэкша — шматдзетная маці і шчаслівая бабуля. Разам з мужам яны выхавалі дзевяцерых дзяцей, трое з іх — прыёмныя, але сталі сваімі крывіначкамі. Дзеці даўно раз’ехаліся з матчынай хаты, стварылі свае сем’і.

Працавітая рука гаспадыні адчуваецца не толькі ў хаце, на двары — чысціня і парадак, вока радуе вялікі кветнік пад вокнамі, які жанчына разбіла сама. Тут няма ніякіх сакрэтаў і таямніц — яна робіць усё з душой, таму і атрымоўваецца прыгожа. Нездарма ў народзе кажуць: «Шчаслівымі і прыгожымі людзей робіць галава і праца».

Школу зачынілі, а вучні засталіся

Гартаеш віртуальныя старонкі «Чорна-белага архіву Гальшан» — суполкі ў «аднакласніках» — і погляд спыняецца на фотаздымках Міхайлоўшчыны. Большасць з іх — школьныя. Каля драўлянага будынка дружна «пазіруюць» настаўнікі і вучні. У Міхайлоўшчыне пасля вайны дзейнічала сямігадовая школа, якую наведвала мясцовая жыхарка Марыя Мацэвіч. У яе памяці ўсплываюць імёны настаўнікаў Міхайлоўшчынскай сямігодкі — Яўгенія Андрэеўна і Уладзімір Віктаравіч Каткоўскія, Вера Іванаўна Волкава, Таццяна Фёдараўна Рабікава, Канстанцін Мацвеевіч Буклыс, Таццяна Мікіцічна Яфрэменка… Класы ў той час былі вялікія — па трыццаць чалавек і болей.

Зачынілі і базавую школу ў Міхайлоўшчыне, ужо некалькі год не чуюць цагляныя сцены звонкіх дзіцячых галасоў, палавіцы — гучнага грукатання ног гарэзлівых першакласнікаў, а дошкі не бачаць акуратных роўных запісаў крэйдай. Сённяшнія вучні кожны дзень дабіраюцца на заняткі ў Гальшанскую сярэднюю школу.

Тэрэза Данілевіч

Амаль сорак гадоў аддала працы ў школе Тэрэза Станіславаўна Данілевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, і ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. З цеплынёй Тэрэза Станіславаўна ўспамінае сваіх вучняў і калег. Без перабольшвання можна сказаць, што яна жыла школьным жыццём, поспехамі і няўдачамі навучэнцаў. З кожным годам колькасць вучняў змяншалася, былі часы, калі ў класе вучылася толькі па трое дзяцей. Менавіта таму школа спыніла сваё існаванне.

Кампанейская жанчына

У вёсцы пра Алену Мікалаеўну Данілевіч кажуць «кампанейская жанчына», якая за словам у кішэню ніколі не лезе. Сапраўды, падчас размовы гэту рысу характару не заўважыць толькі сляпы.

Алена Данілевіч і Марыя Мацэвіч

— У панскім маёнтку раней быў клуб, кожную суботу і нядзелю там былі танцы, — дзеліцца Алена Мікалаеўна. — У вёсцы шмат было галасістых жанчын, ездзілі нават выступаць у Гродна. У рэпертуары былі не толькі песні, але і тэатральныя пастаноўкі. Да нас у клуб прыязджаў музыкант з Ашмян, каб падрыхтаваць да выступленняў. Былі ў нас і сцэнічныя касцюмы — доўгія прыгожыя сукенкі. Дарэчы, з песняй пра бабку Еву і дзеда Тамаша мы атрымалі першае месца!

Алена Данілевіч — цікавая суразмоўца, яе звонкі голас і смех разліваюцца рэхам па міхайлоўшчынскіх вуліцах. За час, праведзены з гэтай цікавай жанчынай, мы адчулі сябе як з даўняй сяброўкай і былі вельмі ўзрушаны яе дабрынёй і жыццярадаснасцю. Цікава было паслухаць, як разам з вяскоўцамі Алена Данілевіч хадзіла на танцы:

— Ну, што цяпер за танцы, калі пасля іх туфлі цэлыя?! — абурана гаворыць жанчына. — Мы раней пачыналі з полькі, далей ішоў вальс, факстрот, яблычка… Танцавалі так, што ногі да столі падкідвалі! Я за два вечары, танцуючы той факстрот, дзіркі ў туфлях працірала і баялася маме гаварыць, бо шлях у клуб быў бы закрыты.

Алена Мікалаеўна ўспомніла, як раней у Міхайлоўшчыне віравала жыццё. Працаваў Дом быта, пошта, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне бухгалтэрыі калгаса. Ні на хвіліну не змаўкалі дзіцячыя галасы, праз вёску «курсіравала» калгасная тэхніка, шумнай талакой людзі спяшаліся на ўборку бульбы, буракоў, лёну. Пасля вайны ў вёсцы працавала сямігадовая школа, якую наведвала дзетвара з суседняга Вялікага Поля, Маркінят, Доргішак,Барэйкаўшчыны і іншых вёсак.

Цяпер праз Міхайлоўшчыну кожны дзень ідзе аўтобус да раённага цэнтра, а раней усюды прыходзілася дабірацца пешшу ці на кані. Жанчына ўспамінае, што ў суседзяў быў веласіпед, але яны яго так бераглі і мала на ім ездзілі, а толькі абапіраліся ці торбы на руль вешалі, калі накіроўваліся ў суседнія Трабы ці Гальшаны. А ў Літву напрасткі можна было дабрацца вельмі хутка — раніцай  пайшоў праз лясы, а вечарам ужо дома з «загранічнымі» пакупкамі.

Пасябравалі назаўжды

Непадалёку ад рачулкі Клявы на ўзгорку, схаваўшыся ў цені велічных дрэў, прытаіўся дом Марыі Іосіфаўны Пашкель. На лавачцы каля дома сядзяць дзве жанчыны і аб нечым ажыўлена размаўляюць.

У шчырых успамінах Марыя Іосіфаўна Пашкель і Ядзвіга Афанасьеўна Данілевіч старонка за старонкай перагортваюць пройдзеныя шляхі, дарагія і незабыўныя. Добрасумленныя, працавітыя жанчыны ўсюды паспявалі: і дома, і на працы! Ядзвіга Данілевіч прыехала ў Міхайлоўшчыну з Віцебска па размеркаванні, стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей.

Марыя Пашкель працавала на ферме даяркай. На адну даярку прыходзілася сямнаццаць кароў, а пасля і дваццаць дзевяць. Работы было шмат, дома таксама была гаспадарка, гароды, сям’я…

Ядзвіга Данілевіч і Марыя Пашкель

— На рэчцы летам бялізну бялілі, — дзеліцца ўспамінамі Марыя Пашкель. — Жанчыны палатно намочаць, расцягнуць, каб яно на сонцы сохла, пасля зноў намочаць… Яшчэ з дапамогай попелу бялілі.

— Раней у хаце заўсёды адчуваўся водар свежага хлеба, — расказвае Ядзвіга Афанасьеўна. — У кожнай гаспадыні быў свой рэцэпт. На Вялікдзень як напячом пірагоў, то на ўсю вёску пах! І ў жакі па вуліцах хадзілі, пад вокнамі дамоў спявалі, як тыя дзеці, з поўнымі кошыкамі вярталіся.

Як жа хораша раней адпачывалі — на святы ўсе разам. Вяселле ў Міхайлоўшчыне было вялікай падзеяй не толькі для маладых і іх гасцей, але і для ўсіх вяскоўцаў. Урачыстасць расцягвалася на некалькі дзён.

— Гасцей у хату прыходзіла столькі, што гаспадар не мог дайсці да стала, — дзеліцца ўспамінамі Ядзвіга Данілевіч. — Для танцаў наймалі музыкантаў, быў тут і гармонік, і скрыпка, і дудка, і цымбалы, музыканты былі з розных вёсак, хто з кім сыграецца, той і выступае. Пасля застолля моладзь спяшалася на танцы.

Размаўляючы з Марыяй Іосіфаўнай і Ядзвігай Афанасьеўнай, разумееш, як у глыбіні іх душы цепліцца любоў да жыцця, да роднай вёсачкі… Пытаю ў сябровак, ці паехалі б у горад жыць. На што яны адказваюць: «У горад не паехалі б ні тады, ні цяпер. А навошта?!».

— Канешне, вёска зараз не такая, як была дваццаць ці трыццаць гадоў  таму. Як бы мне ні было сумна ад розных змен, я заўсёды ўсміхаюся, вяртаючыся ў сваіх думках назад, у мінулае, дзе было хораша і лёгка, нягледзячы ні на што, — дзеліцца Ядзвіга Данілевіч. — Пражыўшы доўгае жыццё, дакладна ведаеш, чаму калісьці была шчаслівай. А вёска … Вёска працягвае жыць, знаходзячы ўвасабленне ў мясцовых жыхарах — шчодрых, руплівых, старанных і працавітых.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



4 комментария по теме “Міхайлоўшчына: гісторыю вёскі пішуць людзі

  1. Замечательная статья, невероятно приятно читать про родную деревню.
    Столько воспоминаний, столько радости и слез. Спасибо за эмоции!

  2. Приятно читать на белорусском языке про таких интересных людей, дай бог им здоровья!
    Спасибо, Екатерина!!!

  3. Гісторыю вёскі пішуць людзі… і журналісты! Дзякуй за цікавы матэрыял)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *