Сапраўдны кветкавы рай у вёсцы Міхайлоўшчына на Ашмяншчыне

Культура

Вельмі прыемна, калі пасля доўгай дарогі цябе сустракае любімая вёсачка, родная хата, бацькі і квітнеючы дворык… З гэтай ісцінай не паспрачаешся, вось і нядаўна сын Юзэфы Вацлаваўны Явідовіч зрабіў на памяць такі цёплы і сонечны фотаздымак маці каля дома, якая і сама выглядае шчаслівай у шматлікіх кветках.

IMG_7691

IMG_7693

Юзэфу Вацлаваўну ў вёсцы Міхайлоўшчына добра ведаюць не толькі як добрую гаспадыню, цікавую жанчыну і дбайную суседку, але і як аматара кветак. Здаецца, невялічкі дом, нібы карабель, стаіць на кветкавых хвалях і хутка адправіцца ў далёкае плаванне…

IMG_7643

Праўда, яшчэ некалькі гадоў таму на месцы кветнікоў была мяжа, на якой стаяла сухая яблынька і каліна, якія псавалі выгляд каля дома, а з другога боку зямля была ўсыпана важкімі клубніцамі. Калі з мужам выйшлі на пенсію, ён аслеп на адно вока, таму нязручна стала даглядаць за прысядзібным участкам. Выхад з сітуацыі знайшоўся хутка – муж прапанаваў мяжу засадзіць кветкамі. Так у Юзэфы Вацлаваўны з’явіўся любімы занятак.Цяпер, з вясны да позняй восені на  іх участку цвітуць і радуюць вока сотні кветак.

IMG_7647

IMG_7649

Ружы, астры, аксаміткі, хрызантэмы, крокусы, лілеі, гладыёлусы, цюльпаны, вяргіні, лаванда … Цяжка запомніць столькі назваў, а гаспадыня ўсё працягвае пералік. Дарэчы, каб самой не заблытацца ў назвах кветак, яна ў нататніку адзначае на якой градцы які парастак знайшоў месца.

Юзэфа Вацлаваўна расказвае, штовырошчваць кветкі — справа клапатлівая.Як і любую расліну, іх трэба своечасова пасадзіць, перасадзіць, падкарміць, паліць. Але Юзэфе Вацлаваўне гэта не цяжка, яна сцвярджае, што за любімымзаняткам не адчуваестомленасці.

IMG_7661

— Першымі ў красавіку зацвітаюць крокусы, — гаворыць Юзэфа Вацлаваўна, — а затым пачынаецца масавае кветкаванне. Вакол такая прыгажосць, якую немагчыма выказаць словамі, трэба толькі бачыць і адчуваць.

А вырошчвае Юзэфа Явідовіч кветкі для душы —  дастаткова прайсціся па градках, каб атрымаць зарад бадзёрасці на ўвесь дзень!Кожную раніцу і вечар жанчына абавязкова абходзіць свае рознакаляровыя кусты, зазірне пад кожны лісток, а калі пераканаецца, што ўсё ў парадку – проста захапляецца цудоўным водарам кветачак, шапаценнем невысокіх кустоў, гудзеннем пчол і прыгажосцю суквеццяў.

Аднавяскоўцы, дзеці, унукі і праўнукі ведаюць пра захапленне жанчыны, таму прыносяць насенне і расаду,  даюць парады. Муж с сынам нават смяюцца, што на гародзе  хутка нічога садзіць не спатрэбіцца, бо будуць і там узвышацца кветкі Юзэфы Вацлаваўны.

IMG_7675

Жанчына выпісвае спецыялізаваныя часопісы, дзе шмат прачытала аб тым,як “суседнічаюць” кветкі, як трэба іх падкармліваць і яшчэ шмат розных сакрэтаў. Некаторымі з іх яна ахвотна падзялілася.Вось, напрыклад, аксаміткі і лаванду патрэбна садзіць побач, бо іх моцны пах не пераносіць тля, ад якой бывае цяжка абараніць ружы.

З першымі замаразкамі скончыцца кветкавы сезон, але гаспадыня не хвалюецца, а толькі вырашае, якія гатункі насення і саджанцаў набыць на наступны год. А таксама плануе зрабіць невялічкую “перастаноўку” на кветніку, а ўсё дзеля таго, каб і далей радаваць сваіх блізкіх прыгожымі і рознакаляровымі букетамі.

Паспявае жанчына займацца і гародам, і гаспадаркай – трусамі і курамі. Зімой Юзэфа Вацлаваўна вяжа кручком або пляце касічкай па крузе і сшывае сурвэткі і палавічкі сваім блізкім. Жанчына ўсміхаецца і расказвае, што навучылася вязаць з часопісаў, праўда, яшчэ ў маладосці.

Падзялілася з намі і сакрэтамі здароўя. Нягледзячы на тое, што Юзэфа Вацлаваўна пятнаццаць гадоў на пенсіі, яна добра выглядае. Усё проста, жыццё ў вёсцы і народная медыцына! Калі яе непакоіць здароўе, на дапамогу прыходзяць і каліна з мёдам, і рэдзька ад ціску,а таксама сок чырвонай бульбы для страўніка.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *