Выйшаў зборнік вершаў “21 грам” маладой ашмянскай паэтэсы

Культура

Пра творчую і таленавітую дзяўчыну, апантанага настаўніка і цікавага чалавека — Марту Багдановіч мы не раз пісалі на старонках раённай газеты. Некалькі год Марта Іванаўна выкладала беларускую мову і літаратуру ў Барунскім вучэбна-педагагічным комплексе, а зараз — у СШ №3. Акрамя ўрокаў у школе і сямейных спраў, яна піша вершы, грае на гітары, займаецца фатаграфіяй, удзельнічае ў конкурсах і канферэнцыях — і гэта толькі невялікі пералік яе захапленняў… Марта Багдановіч часта прымае ўдзел у літаратурных конкурсах, супрацоўнічае з выдавецтвам “Выснова”, якое друкуе навуковую літаратуру. Яна падрыхтавала і выдала зборнік планаў-канспектаў урокаў па беларускай літаратуры для 10 класа. А у маі адбыўся творчы дэбют маладой паэтэсы – у свет выйшаў зборнік вершаў “21 грам”.

Мы сустрэліся з Мартай Багдановіч, каб даведацца пра выданне зборніка, паэтычную старонку ў сацыяльных сетках, а таксама аб ідэальным творчым “рэцэпце”.

— Марта, раскажы, як з’явілася ідэя выдаць зборнік вершаў? Дарэчы, чаму такая назва?

Задума выдаць зборнік узнікла даўно. Прыгадваю свае школьныя гады, тады ў мяне з’явіўся тоненькі сшытак, куды занатоўваліся першыя нясмелыя спробы. А вершы пачалі атрымоўвацца амаль адразу пасля таго, як я навучылася чытаць і пісаць. Калі гартала сшытак, то ўяўляла на яго месцы сапраўдную кнігу, ад якой яшчэ пахне свежай друкарскай фарбай. Я расла, а разам расло жаданне пісаць, нараджаліся новыя вершы. У хуткім часе іх стала так многа, што я зноў вярнулася да дзіцячай мары.

Я дакладна ведала, што зборнік будзе называцца «21 грам». Лічыцца, што менавіта такую вагу мае душа чалавека. А мае вершы звернуты менавіта да душы, унутранага свету кожнага. Складана было  з вокладкай, бо душа — нябачная субстанцыя. У выдавецтве мне прапанавалі стварыць дызайн вокладкі, аднак паслугамі выдавецтва вырашыла не карыстацца. Мне на дапамогу прыйшла мастачка Валянціна Вербіловіч. На вокладцы мой партрэт, які некалькі гадоў таму намалявала Валя. Я (як аўтар) дзялюся са сваімі чытачамі часцінкай сваёй душы. Аб’ём кнігі невялікі. У зборніку 75 старонак, шэсць раздзелаў і каля шасцідзесяці вершаў.

Аб чым твае вершы?

Я мала пішу пра прыроду. У маёй творчасці няшмат грамадзянскай лірыкі. У цэнтры ўвагі — чалавек. Праз асобу закранаецца і тэма прыроды, і тэма Радзімы. У свеце шмат зла, зайздрасці, нянавісці… Гэта справа рук чалавека. Аднак ёсць месца і спагадзе, каханню, вернасці. Творцам гэтага таксама з’яўляецца чалавек. Кожны мой радок мае на мэце абудзіць чалавека ў чалавеку, нагадаць пра самыя важныя рэчы. Жыццё імклівае — за будзённасцю, шэрасцю, бытам мы забываем пра важныя рэчы, чарсцвеем, марнеем, перастаем заўважаць іншых, не захапляемся прыгажосцю свету. Бяжым. І толькі, калі ўзнікае нейкая небяспека, спыняемся. Задумваемся. Адчуваем, што многае прапусцілі. Пагоня за матэрыяльным не дала магчымасці ўбачыць, як выраслі дзеці, як адцвілі яблыні за акном, як пасталелі самі…

Ты пiшаш толькi на беларускай мове?

Пішу таксама і на рускай мове, аднак перавагу аддаю беларускай. Неаднаразова з боку знаёмых гучаў укор па гэтай прычыне. Многія адкрыта казалі, што кола чытачоў было б значна шырэйшым, каб я пісала на рускай мове. Але  прынцыпова карыстаюся роднай. Беларускія вершы больш багатыя і каларытныя. Я настаўніца беларускай мовы і літаратуры, — вучні таксама чытаюць мае вершы ў суполцы «Марта Мацкевіч. Вершы». Так яны становяцца на крок бліжэй да роднага слова, вучацца яго паважаць і шанаваць.

Iснуе думка, што паэта »стварае» біяграфія. А якія падзеi адыгралi важную ролю у тваiм лёсе?

Сапраўды, біяграфія заўсёды ўплывае на творчасць. Я настаўніца, таму шмат вершаў прысвяціла тэме настаўніцтва. Есць сярод іх і сур’ёзныя, і гумарыстычныя. Гэта набалелае, аб гэтым нельга маўчаць (усміхаецца). Падзеі, якія адбываюцца ў жыцці, таксама пакідаюць след у маёй творчасці.

— Памятаеш свае першыя радкi?

Першы верш я не напісала, а дапісала. У падручніку па рускай мове ўбачыла твор, які вельмі спадабаўся, дапісала слупок, пасля яшчэ і яшчэ. Так атрымаўся верш на чатыры слупкі. Калі прачытала бацькам, то яны не паверылі і нават пажурылі за падман. Цяпер з усмешкай узгадваем гэты выпадак. Нават не памятаю, якія радкі былі першымі… Маімі… Але ў той час прысвячала вершы маме, сяброўкам, родзічам. Пасля з усмешкай перачытвала гэтыя першыя наіўныя творы.

— Хто твой першы чытач i крытык, хто натхняе i падтрымлiвае цябе?

Маім першымі чытачамі з’яўляюцца родныя. Сястра Дзіяна заўсёды сочыць за абнаўленнямі ў суполцы, створанай «У кантакце». Пасля дае сваю экспертную ацэнку (усміхаецца). Часамі нават дае парады наконт новых вершаў, іх тэматыкі і зместу. Чытачы часта пакідаюць каментарыі або даюць ацэнку пры асабістай сустрэчы. Прыемна, што вершаваныя радкі кранаюць іх душы.

У кожнага аўтара свой iдэальны »рэцэпт» напiсання вершаў. Як гэта атрымлiваецца ў цябе?

Асаблівага рэцэпту няма, уся справа ў натхненні. Я не стаўлю сабе задачу пісаць кожны дзень, а пішу толькі тады, калі пішацца. Бывае «застой». Магу не напісаць за некалькі тыдняў ні радка, а часам за дзень пішацца некалькі вершаў. Натхненне не выбірае. Адпаведны настрой можа з’явіцца ў грамадскім транспарце, у парку. А аднойчы ў студэнцкія гады я пісала верш ноччу і навобмацак, каб не патрывожыць суседку. Часамі нейкі выпадак можа падштурнуць да напісання верша або проста адпаведны душэўны стан здольны прымусіць узяцца за пяро.

— Бродскi гаварыў, што паэзii навучыцца нельга — гэта ёсць цi гэтага няма. Цi згодна ты з гэтым выказваннем?

— Я часткова раздзяляю гэтае меркаванне. Зараз навучыцца можна ўсяму, было б жаданне. Аднак павінен быць нейкі запал, бо без яго складана пісаць. Верш будзе больш якасным, калі рукі самі цягнуцца пісаць. Таму і паэзія больш якасная ў тых творцаў, у якіх ёсць запал і тонкае адчуванне свету. Душа паэта не можа быць закамянелай. Яна павінна адчуваць людзей, быць чулай да іх праблем. Паэту добра пішацца ці ў хвіліны душэўнага ўздыму, ці ў часы сапраўднай роспачы.

Цi ёсць у цябе настаўнiкi сярод вядомых паэтаў?

Настаўнікаў няма. Аднак ёсць паэты, творчасць якіх мне вельмі блізкая. Захапляюся творамі Анатоля Вярцінскага, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі. Ёсць творы з глыбокім сэнсам, а ёсць — з незвычайнай формай. Аднак фігурай вышэйшага пілатажу лічу спалучэнне зместу і формы ў адным вершы. Гэта спалучэнне знаходжу ў творчасці названых паэтаў. З цікавасцю чытаю вершы мясцовых паэтаў, у іх знаходжу пэўныя падказкі.

— Падзялiся з нашымi чытачамi сваімi творчымі планамі.

Планаў шмат. Аднак я не люблю заглядаць далёка. Яшчэ ў сакавіку не магла марыць пра зборнік, а ў маі трымала ў руках гатовую кнігу. Планую працягваць сваю дзейнасць, пісаць вершы, дзяліцца імі з чытачамі ў сваёй суполцы і …марыць пра новую кнігу, бо, як кажуць, нічога немагчымага няма.

— Марта, вялікі дзякуй за цікавую размову! Плёну ў працы, творчага натхнення і поспехаў!

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *