«Люблю Бога ў тых людзях, якіх сустракаю». Ксёндз Юрый з Цудзенішак

Культура

Чацвёрты год у Цудзенішскім прыходзе служыць ксёндз Юрый Ёдзік. Местачкоўцы і госці, якія прыязджаюць з Польшчы, суседняй Літвы (на мясцовых могілках пахаваны іх родзічы), не могуць нарадавацца на святара, які не толькі нясе святло веры, абуджае сэрцы, знаходзіць самыя патрэбныя і трапныя словы, але і клапоціцца пра касцёл — храм Божы, спадчыну, якая засталася ад продкаў, якую мы павінны захаваць для будучых пакаленняў.

Аднаўленне святыні

У лістападзе 2014 года, калі ксёндз Юрый быў прызначаны настаяцелем прыхода касцёла Святога Якуба, святыня знаходзілася ў запусценні. Заплеснявелыя, абшарпаныя сцены ўнутры і звонку, адкрытая і таму забруджаная птушкамі вежа, разбітая месцамі плітка на падлозе, іржавы дах. Вакол касцёла — высачэзныя старыя елкі, якія разам з забітай і няправільна сканструяванай ліўнёўкай рабілі сваю справу — памнажалі гніль, разбуралі агароджу. У тое, што святыню можна аднавіць, вяскоўцы не асабліва верылі — ні маладому ксяндзу, ні сабе.

Пачатак аднаўленню храма паклалі яшчэ папярэднікі ксяндза Юрыя. У 2001 годзе ў касцёле з’явіўся першы за доўгі час пастаянны настаяцель — ксёндз Францішак Кукліс, які не толькі клапаціўся пра духоўны фундамент, але і распачаў рэстаўрацыйныя работы. Гэту справу працягнулі ксяндзы Андрэй Бурак, Павел Ствол, а пасля і Юрый Ёдзік.

— У сваім звароце да прыхаджан я зрабіў акцэнт на тое, што касцёл, пабудаваны ў 1628 годзе, быў патрэбны нашым продкам як асяродак духоўнасці, як храм, дзе гучыць слова Божае, як месца, дзе можна памаліцца, выгаварыцца і атрымаць заспакаенне, — расказвае ксёндз Юрый. — І наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб прыход працягваў існаваць, каб сюды маглі прыйсці нашы ўнукі і праўнукі. А для гэтага варта зразумець, што касцёл — не толькі наш агульны дом, але і дом кожнага паасобку.

Так з Божай дапамогай і дапамогай добрых людзей у 2015 годзе пачаліся работы. Перш за ўсё спілілі і вывезлі старыя дрэвы, выраўнялі ландшафт, паклалі плітку вакол касцёла, каб можна было без перашкод праводзіць Эўхарыстычную працэсію. Разам з гэтымі пачаліся і рэстаўрацыйныя работы. Калі ставілі будаўнічыя лясы, людзі пыталіся ў ксяндза, як доўга яны будуць стаяць, бо незадоўга да таго яны прыбралі старыя згніўшыя памосты.

Відаць, шчырымі былі малітвы і ахвяраванні прыхаджан, звароты да Бога, продкаў і добрых людзей, з якімі звяртаўся ксёндз Юрый, дапамога вяскоўцаў і кіраўнікоў розных арганізацый, бо ў гэты першы год аднаўлення ўдалося адрамантаваць пярэдні фасад. На гэтым няўрымслівы і мэтанакіраваны ксёндз і агульная справа прыхаджан не спыніліся. За наступны летні сезон былі цалкам завершаны вонкавыя работы, папраўлены і выведзены за тэрыторыю касцёла ліўнёўкі.

Дайшоў ход і да «ўнутранкі». Гіпсавую шпатлёўку, якая не давала сценам дыхаць, накоплівала вільгаць і плесень, прыйшлося дэманціраваць. Узамен паклалі фасадную сетку, наноў патынкавалі і пафарбавалі сцены. На падлогу паклалі новую плітку.

Так, крок за крокам касцёл стаў светлым і ўтульным. Зараз прайсці міма проста немагчыма, тым больш што стаіць храм ля самай дарогі. У гэтай аддаленай вёсачцы ён, як і школа, з’яўляецца асяродкам культуры, чысціні і духоўнасці.

Ксёндз Юрый прызнаецца, што вопыту ў рэстаўрацыйных і будаўнічых, а тым больш дызайнерскіх работах, у яго дагэтуль не было. Таму, перш чым прыняць рашэнне наконт таго ці іншага элемента, шмат радзіўся з местачкоўцамі, сябрамі, сваім настаўнікам ксяндзом Юзафам з Астраўца, ксяндзом-дэканам Янам з Ашмян.

«Люблю іх і ўдзячны Богу за гэтых людзей»

Так шчыра гаворыць ксёндз Юрый пра сваіх прыхаджан. Іх — 480. За тры гады дзякуючы іх дапамозе не толькі зрабілі капітальны рамонт касцёла, але і набылі мікрафоны, апаратуру, неабходную для таго, каб слова Божае даходзіла да галавы і сэрца кожнага. Дарэчы, з гэтай мэтай усе пропаведзі і літургіі ў касцёле праводзяцца на беларускай мове.

Акрамя таго, замянілі лямпы асвятлення, Крыжовы шлях — ужо цяжка было здагадацца, што намалявана на старых карцінах. Прыбралі бакавыя драўляныя алтары і прагніўшы прэзбітэрыум. З часам на іх месцы з’явяцца новыя. Цяпер у гэтым ужо ніхто не сумняваецца. Ксёндз Юрый любую справу даводзіць да канца і слова сваё трымае. Прыхаджане зразумелі гэта і з павагай ставяцца да святара. Ён тут чалавек невыпадковы.

А ксёндз Юрый упэўнены, што галоўнае верыць у тое, што робіш, і тады ўсё атрымаецца. Побач — Бог і людзі, якіх нельга падвесці.

Гэтую адданасць справе адчулі ў маладым святары і вяскоўцы. З першых дзён яны ўдзельнічалі ў рамонце касцёла і добраўпарадкаванні тэрыторыі.

— Калі патрэбна было, прыйшлі мужчыны з коньмі і бензапіламі, пілавалі і вывозілі елкі, — успамінае, як працавалі, ксёндз Юрый. — Памятаю, як самі ставілі будаўнічыя лясы. Цяжка было, але мы справіліся. І кожны адчуў смак сваёй ахвяры для касцёла.

Зрэшты, свой уклад у рамонт храма бачаць усе: і тыя, хто дапамагаў фізічна, і тыя, хто з мізэрнай пенсіі ці зарплаты, размеркаванай на некалькі месяцаў наперад, знаходзіў і працягвае знаходзіць сродкі, каб ахвяраваць на святыню.

«Дар, мной не заслужаны»

У Цудзенішкі ксёндз Юрый прыехаў са Смаргоні. Датуль служыў Богу і людзям у Радуні. У Гродзенскім кафедральным саборы, які стаў для маладога святара першым прыходам, яго ведалі як дзіцячага ксяндза. Ён заўсёды знаходзіў агульную мову з дзецьмі — можа таму, што калісьці, яшчэ хлапчуком марыў быць педыятрам. А яшчэ ён, як і многія астравецкія аднагодкі, марыў быць спачатку міліцыянерам, як бацька, пасля — стаматолагам. Аднак Божы Промысел выбраў для юнака зусім іншы шлях, і вызначаны ён быў з самага пачатку.

Падчас хрышчэння, расказвалі Юрыю бацькі, ён, маленькі хлопчык, пацягнуў ксяндза за стулы (сімволіка ўлады святарскай) са словамі «Гэта маё».

Паўтараючы словы Яна Паўла ІІ, ксёндз Юрый адзначае, што служэнне Богу — гэта дар, якога ён не заслужыў. Гэта выбар нябёс.

— Кожны дзень я адказваю на гэты дар. Люблю Бога ў тых людзях, якіх сустракаю. Цярпліва, гэтаксама, як і Гасподзь да нас, стаўлюся да тых, хто пакуль што не прыйшоў да Бога, — адзначае ксёндз Юрый. — Многаму вучуся ў прыхаджан. Важны ўрок даў мне неяк маленькі хлопчык. У перадсвяточны час — перад Раством Хрыстовым — кожную раніцу ў 7.45 мы праводзілі Рараты. Дзецям вельмі падабалася прыходзіць у касцёл, нават папрасілі ў дырэктара школы раней пусціць аўтобус. Аднойчы перад зачыненымі дзвярамі храма я застаў хлопчыка — ён пешшу пераадолеў тры кіламетры і прыйшоў раней за ўсіх. Гэта стала для мяне матывацыяй.

Такія ўрокі, упэўнены ксёндз Юрый, жыццё дае нам кожны дзень. Толькі трэба ўмець вучыцца — дапамагаць, спагадаць, дараваць, рабіць дабро…

Пяць пытанняў ксяндзу Юрыю

— Скажыце, калі ласка, у Вас ёсць захапленне? Ці на гэта не стае часу?

— Вольнага часу сапраўды не так і многа. Сваё захапленне — а гэта музыка — я магу рэалізаваць падчас святой імшы. У дзяцінстве скончыў музычную школу па класе «труба». З хору мяне тады, праўда, выключылі. Аднак пазней, у старэйшых класах, настаўнікі «разгледзелі» не толькі слых, але і голас.

— У Вас бывае адпачынак?

— Па кананічным праве ксёндз, як і кожны чалавек, мае права на месяц адпачынку. Толькі калі яго браць?! Столькі клопатаў. За восем гадоў службы ні разу не выкарыстаў яго поўнасцю. Звычайна на 5 — 7 дзён еду да бацькоў у Астравец. У іх ёсць дача, агарод. Цішыня, прырода — словам, прыгажосць!

— Існуюць так званыя намоленыя месцы, святыні, дзе збіраюцца мільёны паломнікаў з усяго свету. Дзе для Вас такія месцы?

— З асаблівай радасцю схіляю калені перад цудатворным абразом Маці Божай Тракельскай, а таксама ў сваім касцёле. Згодны, што атмасфера ўздзейнічае, спрыяе малітве, дыялогу з Богам, аднак у першую чаргу важны ўнутраны свет. Атмасфера — не аснова маёй веры.

— Аб чым Вы марыце?

— Мары розныя. Калі казаць пра надзённае, то гэта і замена дарагіх і непасільных прыхаджанам вокнаў у касцёле, і музычнае суправаджэнне імшы, і (усміхаецца) свой агарод у Цудзенішках… А калі сур’ёзна, то галоўнае, каб слова Божае гучала і даходзіла да сэрца кожнага.

— 25 ліпеня ў вашай парафіі свята Святога Якуба. Як будзеце яго адзначаць?

— Імша, прымеркаваная да парафіяльнага свята, пройдзе ў нядзелю, 22 ліпеня а 10 гадзіне. Паколькі 25 ліпеня Касцёл успамінае не толькі Святога апостала Якуба, але і Святога Крыштафа (Хрыстафора) — апекуна вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў і пілігрымаў, то ў гэты дзень па традыцыі будзем асвячаць машыны і бласлаўляць вадзіцеляў. Акрамя таго, пройдзе асвячэнне Крыжовага шляху і алтара Багародзіцы. Плануецца музычнае суправаджэнне.

Людміла РЫБІК.

Фота і відэа Аляксандра НАУМЧЫКА.



2 комментария по теме “«Люблю Бога ў тых людзях, якіх сустракаю». Ксёндз Юрый з Цудзенішак

  1. Я восхещаюсь трудолюбием этого ксендза Юрия за год обновить так Костел в 2017 году 26 августа приехали в Цюденишки к родственникам в гости , а в Белорусии не бала 9 лет . Все что увидела своими глазами от радости даже заплакала , какие изменения произошли есть чем гордиться всем кто принимал участие в ремонте , уборке и всех прочих работ , а втечении года была свидетелем как приображался Костел парафия , как дети , молодежь , и все жители тянуться к Ксендзу Юрию чужими глазами это очень заметно , я считаю , что это Ксендз от Бога

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *