Як працуюць жанчыны ў транспартнай інспекцыі

Общество

Напэўна, у сучасным свеце не існуе выразу «нежаночая справа». Няма такой спецыяльнасці, якой пры жаданні не магла б авалодаць жанчына. Аднак, так склалася, што ёсць сферы, у якіх большага поспеху па-ранейшаму дасягаюць менавіта мужчыны — у сілу абставін або з-за вядомай розніцы паміж мужчынскім і жаночым вобразамі мыслення. Але знаходзяцца жанчыны, у якіх і там атрымоўваецца «абысці» моцную палову чалавецтва…

У рэгіянальным аддзеле кантролю па платных дарогах разам з мужчынамі працуюць тры прадстаўніцы чароўнай паловы насельніцтва — намеснік начальніка Валянціна Раткевіч, вядучыя спецыялісты Вольга Гушчэня і Ірына Міклушэвіч. Напярэдадні Восьмага сакавіка мы завіталі да іх, каб паразмаўляць аб працоўных буднях, рабоце ў мужчынскім калектыве і простых сямейных радасцях гэтых прывабных жанчын.

IMG_4589

Аб сваёй працы спецыялісты могуць расказваць доўга і цікава, але сціпла прызнаюцца, што іх прафесія не такая важная, як, напрыклад, прафесія ўрача ці настаўніка. Гэта дарэмна, таму што адна з задач транспартнай інспекцыі — захоўваюць нашу з вамі бяспеку. Нягледзячы на тое, што рэгіянальны аддзел пачаў сваю работу ў верасні 2014 года, ён аб’яднаў дружны калектыў спецыялістаў, якія прысвяцілі працы ў гэтай сферы не адзін дзясятак гадоў. Сёння ў яго складзе — дваццаць кампетэнтных работнікаў, якія клапоцяцца пра бяспеку і кантралююць выкананне правіл праезду па платных дарогах Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў.

Разам са спецыялістамі мы гартаем старонкі «Гістарычнага часопіса рэгіянальнага аддзела кантролю па платных дарогах», які стварыў начальнік Аляксандр Браніслававіч Рэут. На кожнай старонцы — асобная падзея, дапоўненая фотаздымкамі і каментарыямі, — адкрыццё аддзела, першыя маршруты спецыялістаў, працоўныя і арганізацыйныя моманты, сустрэчы калегаў у нефармальных абставінах. Цікава прачытаць на шматлікіх старонках водгукі і пажаданні ад супрацоўнікаў міліцыі і пагранічнай службы, з якімі аддзел узаемадзейнічае, а таксама журналістаў, якія часта пішуць аб гэтым у рэспубліканскіх выданнях.

У складзе экіпажу, які днём і ноччу, нягледзячы на надвор’е кантралюе сітуацыю на дарогах,  — Вольга Гушчэня і Ірына Міклушэвіч. Спецыялісты падзяліліся, што праца ў іх нялёгкая, яна патрабуе высокай адказнасці і дысцыплінаванасці, ведання нарматыўна-прававой дакументацыі і абавязкова — умення працаваць з людзьмі розных узростаў і сацыяльных катэгорый.

Падчас змены здараецца рознае. Вядома, не кожны вадзіцель гатовы заплаціць вялікі штраф. Спецыялісты сустракалі вадзіцеляў, з якімі знайсці агульную мову было няпроста. Але жаночая разважлівасць і прывабнасць робяць сваю справу! Нават самых злосных парушальнікаў прысутнасць жанчыны дысцыплінуе і змушае супакоіцца, паслухаць тлумачэнні і парады спецыялістаў.  За два дзясяткі гадоў працоўнага вопыту ў гэтай галіне Вольга Уладзіміраўна ўпэўнена, што, нягледзячы на сітуацыі і сапсаваны настрой, патрэбна працягваць працу.

Калі ўсё ж Вольга Гушчэня і Ірына Міклушэвіч трапляюць у непрыемныя сітуацыі, то ім на дапамогу прыходзяць калегі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць не толькі падчас змены, але пасля яе, напрыклад, прывесці ў належны стан машыну.

Галоўнай апорай і падтрымкай спецыялістаў можна лічыць намесніка начальніка аддзела Валянціну Раткевіч. Простая, сціплая, прывабная жанчына, адказны спецыяліст — яе веды і назапашаны вопыт спатрэбіліся, калі стала вядома, што ў Ашмянах будзе працаваць рэгіянальны аддзел кантролю па платных дарогах.

Валянціна Іванаўна прызнаецца, што ні разу за гэты час не пашкадавала аб выбары прафесіі, а толькі атрымала ўпэўненасць у тым, што два дзясяткі гадоў таму выбрала правільную дарогу.

Нягледзячы на тое, што жанчыны большасць часу знаходзяцца на рабоце, яны паспяваюць займацца хатнімі клопатамі і ўдзяляць увагу любімым заняткам.

Валянціна Раткевіч разам з мужам Паўлам Бернардавічам выхавалі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё дваім дзецям — сыну Паўлу і дачцэ Марыі. Муж заўсёды разумее і падтрымлівае Валянціну Іванаўну. Жанчына пераканана, што менавіта дзякуючы яму яна можа спакойна спалучаць і работу, і хатнія справы.  Дома яе заўсёды чакае прыемная абстаноўка — муж займаецца дрэваапрацоўкай, таму разам з сынам яны часта асвойваюць новыя віды гэтага майстэрства і здзіўляюць незвычайнымі вырабамі. А яна ў сваю чаргу стварае дома атмасферу ўтульнасці і цеплыні, а вясной і летам — прыгажосць на прысядзібным участку.

Згодна з сямейнай традыцыяй, на кожнае рэлігійнае ці іншае свята за сталом збіраецца вялікая сям’я Валянціны Іванаўны, яе бацькі, сястра і брат, дзеці. У нядзелю, калі сям’я вяртаецца з касцёла, муж заўсёды пячэ бліны з мачанкай, канешне, без духмяных ласункаў не застаецца і хатні любімец — сабака Тоша.

Сямейнае шчасце шмат гадоў таму знайшла і Вольга Уладзіміраўна Гушчэня — разам з мужам Аляксандрам яны выхоўваюць сыноў Уладзіміра і Данілу. Вольга прызнаецца, што пасля работы застаецца няшмат часу, але яна з вялікім задавальненнем дапамагае малодшаму сыну з урокамі, а старэйшаму — студэнту інстытута правазнаўства — дае парады.

…Жыццё не стаіць на месцы, пішацца гісторыя рэгіянальнага аддзела кантролю па платных дарогах. Канешне ж, некалькі важных старонак будуць прысвечаны Валянціне Раткевіч, Вользе Гушчэні і Ірыне Міклушэвіч, іх прафесійным здабыткам і выдатным чалавечым якасцям. Спецыялісты заўсёды з поўнай аддачай і адказнасцю выконваюць пастаўленыя задачы, і за гэта іх шануюць калегі і кіраўніцтва, якое часта заахвочвае іх поспехі заслужанымі ўзнагародамі. Напярэдадні шчырага сакавіцкага свята яны атрымаюць не толькі кветкі і падарункі ад калегаў і сям’і, але і нешта большае. Напэўна, упэўненасць у тым, што іх заўсёды чакаюць дома і на працы.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *