Вольга Шведава-Юніцкая. Дачка, жонка, маці, настаўніца, сяброўка, дарадца

Общество

Дачка, жонка, маці, настаўніца, сяброўка, дарадца… Шэрагу сацыяльных роляў, якія штодня даводзіцца іграць Вользе Шведавай-Юніцкай, пазайздросціў бы любы акцёр. І ўсе яны — галоўныя! І ўсе — сапраўдныя! Бо ў кожнай з іх — жыццё: такое непрадказальнае, але такое цікавае. Менавіта яго бурлівая рака занесла сланімчанку Вольгу ў Ашмяны, на радзіму мужа.

DSC01806

Менавіта тут разам з Фёдарам яны пачалі віць сямейнае гняздо, раскрывацца ў прафесіі, асабіста расці і пашыраць кола сваіх захапленняў. Вольга, па спецыяльнасці выкладчык беларускай мовы, літаратуры, айчыннай і сусветнай культуры, знайшла сябе ў ролі настаўніцы. Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, год працавала ў гродзенскай школе, а пасля пераезду ў Ашмяны — метадыстам па дзіцячых аб’яднаннях і арганізацыях у цэнтры пазашкольнай работы, настаўніцай у сярэдняй школе №3, апошнія гады — у Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе.

Любоў да роднай мовы, нават апантанасць ёю Вольга Віктараўна прывівае не толькі вучням, але і сваім дзецям Марыі, Пятру і Макару. Яна не прымушае, не чытае натацый, не крытыкуе за выкарыстанне рускай мовы або «трасянкі». Яна падае прыклад — у школе на ўроках і па-за іх межамі, дома, калі ў сям’і аб’яўляецца Дзень беларускай мовы, у зносінах са знаёмымі, калегамі і сябрамі. З яе вуснаў так прыгожа ліецца родная матчына мова, так струменіць гэта жыватворная крыніца, што проста грэх не спатоліць смагу, не паспрабаваць адгукнуцца ў адказ.

DzmitryShemetkov_ChGK 823

Сваю закаханасць у любімы прадмет Вольга не страціла з гадамі, як і не здрадзіла настаўніцтву.

— Я — апошняя з магікан, — з усмешкай адзначае Вольга Віктараўна, успамінаючы пра сваіх сябровак-аднакурсніц, што адна за другой расчараваліся ў педагогіцы і ўладкаваліся ў іншых сферах.

Між тым, Вольга годна працягвае не толькі сваю справу, але і справу сваіх бацькоў — настаўнікаў фізічнай культуры, якія заўсёды заставаліся ў віры школьнага жыцця, дзяцей і іх клопатаў. Акрамя роднай мовы, Вольга Віктараўна выкладае прадмет «Мастацтва», які зараз дзеці вывучаюць з пятага класа. Адмовіцца ад гэтага глытка свежага паветра — урокаў, зносін з вучнямі, сумесных адкрыццяў і пошукаў, якіх вымагае настаўніцтва, — Вольга не згодна нават дзеля адміністрацыйнай работы. А таму ўдала спалучае сваю любімую справу з абавязкамі намесніка дырэктара.

Дарэчы, з нядаўняга часу ў Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе Вольга Віктараўна адказвае за работу дзіцячага садка, а гэта значыць, што клопатаў у яе дабавілася: пад яе строгім наглядам 37 юных выхаванцаў, якіх бацькі даверылі ўстанове і за якіх яна штодня адказвае. Канешне, акружыць малечу любоўю і цяплом ёй, шматдзетнай маці, зусім нескладана. Але ж ёсць яшчэ нарматыўныя дакументы, патрабаванні — словам, стос папер, якія не церпяць да заўтра, а часам — і да сёння.

Не патануць у гэтым віры Вользе дапамагае яе ўсебаковая дапытлівасць, жаданне паглыбляць свае веды, спрабаваць штосьці новае. Гэты вечны рухавік прывёў яе ў 2017 годзе на конкурс «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», на якім Вольга Віктараўна дайшла да фіналу на абласным этапе. З энтузіязмам настаўніца паспрабавала свае сілы ў напісанні вучэбнага дапаможніка па прадмеце «Мастацтва», над якім яна карпела ў супрацоўніцтве з калегай Алай Леанідаўнай Плявака. З задавальненнем паўдзельнічала (і перамагла!) у рэспубліканскім конкурсе «Урокі сучаснасці», які быў аб’яўлены рэдакцыяй газеты «Літаратура і мастацтва».

Цікавым вопытам для настаўніцы стала выкладанне Закона Божага ў Васкрэснай школе, дзе яна ўжо на працягу чатырох гадоў знаёміць дзяцей са святлом веры. Спадабалася Вользе і роля выхавальніка ў летніку «У гасцях у бацюшкі», арганізаваным духоўна-асветніцкім цэнтрам пад Слонімам, у вёсцы Нізы. За два тыдні, на працягу якіх доўжылася змена, выхавальнікам давялося запоўніць хіба што адну паперчыну, аднак уражаннямі і дзеці, і дарослыя гатовы дзяліцца і сёння.

Дзе на ўсё знайсці час? Як не абдзяліць увагай уласных дзяцей, мужа, бацькоў? Калі займацца хатнімі справамі? Вольга не шукае адказаў на гэтыя пытанні. Яна кожную хвіліну дорыць ім, сваім любым і родным. Клапоціцца пра ўтульнасць у доме, сагравае ўсмешкай, ганарыцца іх поспехамі. Тым, што Марыя на выдатна скончыла ліцэй БДУ і дзякуючы высокім балам па цэнтралізаваным тэсціраванні (98 па беларускай мове, 98 па біялогіі і 100 па хіміі) без праблем паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт. Тым, што дзесяцікласнік Пётр радуе сваімі школьнымі поспехамі. Тым, што маленькі Макар стараецца раўняцца на старэйшых дзяцей. Добрым прыкладам для іх стала і нядаўняя перамога бацькі, удзельніка інтэлектуальных гульняў вышэйшай лігі, — Фёдар атрымаў Вялікую крыштальную саву.

Іх дружную сям’ю аб’ядноўваюць агульныя захапленні. Сярод галоўных, канешне ж, любоў да кнігі. У кожнага свае схільнасці і тэмп чытання.

— Фёдар і Пётр глытаюць кнігі, а я чытаю больш павольна, нават марудна, — прызнаецца Вольга. — Ёсць звычка перачытваць творы, каб знайсці штосьці новае ці паглядзець на сюжэт, ідэю іншымі вачыма.

Са сваёй багатай хатняй бібліятэкай, якая ўвесь час папаўняецца, Шведавы пераехалі ва ўласны дом — шкада было расставацца з любімымі выданнямі. Знаёміцца з  літаратурай — і класікай, і апошнімі навінкамі — дазваляе і электронная кніга, якая таксама карыстаецца попытам у жанчыны.

Асаблівую старонку ў жыцці Вольгі і яе сям’і займаюць інтэлектуальныя гульні. У першую чаргу, адзначае яна, гэта захапленне Фёдара, капітана каманды знаўцаў, якая ўпэўнена гуляе ў тэлевізійным праекце «Што? Дзе? Калі» і мясцовай каманды «Гасіла». Менавіта ён «заразіў» жонку і дачку Машу. Акрамя выязных турніраў, тут практыкуюцца хатнія трэніроўкі праз скайп, камп’ютарныя і мабільныя дадаткі, так званы мазгавы штурм. Пакуль старэйшыя ламаюць ізвіліны, Пётр атрымлівае асалоду ад гульні ў футбол.

Як сапраўдная жанчына, Вольга знаходзіць час, каб займацца кветкамі (з агародам дапамагаюць бацькі Фёдара), вязаць, вышываць, размалёўваць карціны па нумарах, а яшчэ… хоць зрэдку наведваць тэатр. Да таго ж усёй сям’ёй яны любяць рабіць хай сабе невялікія, а ўсё ж падарожжы па гістарычных куточках Беларусі. Пэўна, гэта імкненне прыйшло да Вольгі, якая нарадзілася ў Тураве, з малаком маці. Кожны раз, па дарозе ў Слонім, да бацькоў, яны заязджаюць у Ліду або Навагрудак, знаёмяцца з помнікамі, багатай гісторыяй краю.

Бо толькі так, сыграўшы дзясяткі, а мо і сотні роляў, адпіўшы з гэтага салодкага з прысмакам палыну кубка, дзякуючы сукупнасці разнастайных уражанняў, радасных і хвалюючых імгненняў, супярэчлівых пачуццяў і хвілін разважанняў, можна адчуць усю паўнату жыцця, зразумець сваю чалавечую і жаночую сутнасць.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота з сямейнага архіва Вольгі Шведавай-Юніцкай.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *