У Ашмянскім раёне пачалі разводзіць аленяў (фота, відэа)

Культура

У студзені ў нашым раёне з’явіліліся новыя жыхары – з суседняга раёна прывезлі дваццаць восем высакародных аленяў. Карэспандэнты раённай газеты сталі сведкамі першых крокаў гордай жывёлы на Ашмяншчыне, недалёку ад аграгарадка Баруны.

IMG_8883

IMG_8891

Грацыёзныя лясныя прыгажуны ад паездкі атрымалі невялікі стрэс, таму, калі іх выпусцілі на волю, яны адразу ўцякалі, збіваліся ў групкі і сыходзілі ўглыб тэрыторыі, каб схавацца ад людскіх вачэй. Невыпадкова і тое, што жыць алені будуць у ціхім месцы, паблізу паляўнічай хаткі. Дарэчы, умовы, у якіх яны гадаваліся ў Іўеўскай лясной гаспадарцы, падобныя, вось толькі зменшылася колькасць асобін.

DJI_0021

Новае месца жыхарства – вальер, які раскінуўся на сем гектараў. На агароджанай высокім плотам тэрыторыі створаны ўсе ўмовы, каб лясныя жыхары адчувалі сябе бяспечна і камфортна. Сярод іх пятнаццаць самак, адзін дарослы самец і дванаццаць сегалеткаў — так называюць жывёл, якім яшчэ не споўніўся год.

IMG_8909

IMG_8941

IMG_8947

IMG_8954

Старшыня раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Іван Вікенцьевіч Шэпет расказаў, што ў раёне алені з’явіліся дзякуючы дзяржаўнай праграме  па абароне леса “Беларускі лес” з 2016-2020 гады, згодна з якой прадугледжана развядзенне і гадоўля дзікіх жывёл у рэспубліцы і ў нашым раёне, у прыватнасці.

IMG_8863

DJI_0016

На будаванне і абсталяванне вальера спатрэбілася няшмат часу – паляўнічыя егерскага абхода №4 кожную вольную хвіліну прысвячалі добраўпарадкаванню “дома” для аленяў.

IMG_8959

Хутка вялікія кармушкі напоўняцца сенам, ячменнай саломай, зернем, карыснымі карняплодамі морквы і соллю – крыніцай мінералаў і вітамінаў. Егер Іван Іванавіч Кунюта расказаў, што без ежы алені дакладна не застануцца, нягледзячы на студзеньскія маразы, кармоў хапае – гэта і трава, і плады з сада, які прыйшоў у занядбанне. На тэрыторыі ёсць і праточная вада – роўнай стужкай працякае чыстая крынічка і зіхаціць на марозе лёд на невялічкай сажалцы, а вакол маляўнічы прастор з адкрытымі пляцоўкамі і густапасаджанымі дрэвамі і кустамі.

Лясныя прыгажуны пад пільным кантролем егера і паляўнічых будуць знаходзіцца тут да восені. Калі з’явяцца на свет аляняты і змогуць упэўнена трымацца на нагах, увесь статак выпусцяць на волю. У лесе ім давядзецца самастойна здабываць корм, павялічваць папуляцыю, ратавацца ад небяспекі, ў тым ліку з боку драпежнікаў і людзей.

Ад Івана Шэпета мы даведаліся, што алені на тэрыторыі раёна не вяліся, а проста невялікі час знаходзіліся толькі тыя, хто “страціўся” па дарозе да дому – на тэрыторыю лясных гаспадарак суседніх раёнаў, таму старшыня таварыства  ўпэўнены, што вельмі важна захаваць і памножыць папуляцыю гэтых жывёл у нашай мясцовасці.

DJI_0032

Тэрыторыя, на якой цяпер знаходзяцца алені, зачынена ад чужых людзей, а ў вальер заходзіць забараняецца. Ветэрынар Ірына Мацкель адзначыла, што жывёлы знаходзяцца ў выдатным стане і за імі будуць назіраць і далей.

На жаль, цяпер жыццю аленяў пагражаюць ваўкі, іх зграя палюе ў суседніх лясах, таму егер і паляўнічыя пільна сочаць за парадкам і бяспекай не толькі каля вальераў, але і на прылеглай тэрыторыі. Вось толькі ў наш час галоўны вораг аленяў не ваўкі, а людзі, інтарэс якіх да дзікіх жывёл можа быць шкодным і небяспечным.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і Аляксандра НАУМЧЫКА

Відэа Аляксандра НАУМЧЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *