Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра павіншавалі з надыходзячымі святамі пажылых людзей

Общество

Зіма — чароўны час, пара святочнага настрою і падарункаў. У гэтыя марозныя дні чакаюць цуду не толькі дзеці, але і дарослыя. Канешне, зрабіць людзей шчаслівымі магчыма і цяплом рук, і шчырасцю сэрцаў, і клопатам, і ўвагай… Бо цуды адбываюцца там, дзе ў іх вераць!

IMG_7358

Нібы птушкі, па ўсім раёне разлятаюцца навагоднія паштоўкі і салодкія падарункі для людзей, якія знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні ў тэрытарыяльным цэнтры Ашмянскага раёна. Гэта справа рук неабыякавых супрацоўнікаў, якія стварылі і падпісалі больш за пяцьсот паштовак, каб парадаваць сваіх падапечных і падарыць ім часцінку свайго душэўнага цяпла.

Напярэдадні свята Божага Нараджэння па некалькіх маршрутах выехалі аўтамабілі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, каб павіншаваць з надыходзячымі святамі пажылых і адзінокіх людзей, гасцявыя, прыёмныя і шматдзетныя сем’і, дзяцей, якім не хапае бацькоўскага цяпла, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых. Не засталіся без увагі і віншаванняў ветэраны і ўдзельнікі вайны, ветэраны працы.

IMG_7373

Сапраўднае свята жыхаркам горада Фені Гундры, Ірэне Казанцавай і Ядзвізе Касцюкевіч падарылі інспектары аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Аляксандра Абрамовіч, Вольга Мяленцьева, якія апрануліся ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі. Шмат шчырых слоў пажаданняў гучала ад загадчыка аддзялення Станіславы Сырамалот, інспектара Дануты Бунар, сацыяльных работнікаў Тэрэсы Буйніцкай і Святланы Малышкі.

Адзінокія людзі, якім кожны дзень так не хапае ўвагі і клопату, атрымалі іх ад работнікаў сацыяльнай сферы. Няхай гэта толькі маленькая сустрэча з чароўным, але пажылым людзям яна запомніцца назаўсёды, таксама як і людзям, якія яе арганізавалі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *