Органы загса адзначылі стогадовы юбілей

Общество

Сёлета органы загса нашай краіны адзначаюць вялікі юбілей — сто год з дня заснавання. Усё пачалося ў кастрычніку 1917 года, калі з усталяваннем савецкай улады быў прыняты Дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і вядзенні кніг актаў стану». З таго часу ўсе важныя і ключавыя моманты чалавечага жыцця ад з’яўлення на свет і да самай смерці пішуцца работнікамі загса.

IMG_6737

Святочная сустрэча цяперашніх супрацоўнікаў і ветэранаў органаў загса ў кафэ райвыканкама атрымалася цёплай і па-сяброўску ўтульнай. Падарункі і салодкі каравай, светлыя ўспаміны і чорна-белыя фотаздымкі мінулых гадоў, звонкія галасы і добрыя песні, шчырыя ўсмешкі і апладысменты, словы віншаванняў і падзякі — паўсюдна панаваў выдатны настрой.

Векавую дату адзначылі людзі важнай прафесіі, заўсёды чулыя і ўважлівыя да чалавека. Увага гэтых людзей заўсёды засяроджана на літарах і лічбах. Гэта і нядзіўна, архіў органаў загса Ашмянскага раёна налічвае 567 кніг, у якіх захаваліся шчырыя перажыванні чалавечых сэрцаў.

IMG_6747

На Ашмяншчыне штогод супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама і кіраўнікі спраў сельскіх Саветаў складаюць некалькі сотняў запісаў актаў грамадзянскага стану. За кожным запісам — лёс чалавека. Цяжка падлічыць, колькі старонак кніг актаў запоўнілі сваімі рукамі ветэраны Ганна Касцюкевіч, Ядзвіга Лыскойць, Галіна Шчолка, Ганна Цюлькевіч, Тамара Станкоўская, Галіна Сілкова, Марыя Пазняк, Любоў Гудэбская і Галіна Жын. Свае сілы, творчую энергію і багаты жыццёвы вопыт аддала працы Зінаіда Казакевіч, якая кіравала аддзелам загса з 1985 па 2017 год. Трыццаць два гады яна з асаблівай цеплынёй праводзіла кожную шлюбную цырымонію і ўрачыстую рэгістрацыю нованароджаных.

Хутка ідзе час, змяняюцца пакаленні, а работнікі загса па-ранейшаму працягваюць адзначаць у актавых кнігах самыя галоўныя падзеі ў жыцці кожнага жыхара Ашмяншчыны, захоўваюць каштоўныя сямейныя традыцыі і важныя ўспаміны. Сёння свае абавязкі адказна і прафесійна выконваюць работнікі сельскіх Саветаў — Таццяна Прыгодская, Жанна Садоўская, Святлана Гарлуковіч, Анастасія Акулевіч, Ганна Шымановіч, Валянціна Макей, Ганна Ракаловіч, Ліна Акінча, Марына Саковіч, Майя Пянькоўская, а таксама аддзела загса райвыканкама Іна Пад’ельская і Генуэфа Барыловіч.

IMG_6752

Словы віншаванняў і падзякі работнікі загса прымалі ад кіраўніка спраў райвыканкама Алы Юнашка, намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч, начальніка аддзела загса Іны Пад’ельскай, ветэранаў працы Галіны Сілковай і Марыі Пазняк.

За шматгадовую працу вядучы спецыяліст аддзела загса Генуэфа Барыловіч атрымала падзяку Гродзенскага аблвыканкама, граматай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў была ўзнагароджана Ганна Шымановіч, кіраўнік спраў Жупранскага сельскага Савета.

У гэты вечар святочным настроем і знаёмымі кампазіцыямі сустрэчу напоўнілі артысты раённага цэнтра культуры — Вераніка Топаль, Канстанцін Яраш і Сняжана Кагадоўская.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *